Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскі квартал старых камяніц, які хавалі ад Лукашэнкі, разбураецца


Вуліца з помнікаў архітэктуры

У Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясьцін карэспандэнт Свабоды распавядае пра незайздросны стан кварталу старых дамоў пачатку ХХ стагодзьдзя, якія зьбіраліся пазбавіць статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці.

Тры гады таму пра іх нямала пісалі, адзначаючы іхныя адметнасьці. Гучалі аптымістычныя заявы чыноўнікаў, што неўзабаве новыя ўласьнікі дадуць старым дамам новае жыцьцё.

Рэстаўрацыяй гэта цяжка назваць

Чыноўнікі тлумачылі, што будынкі з ахоўным статусам адпужваюць патэнцыйных інвэстараў. Бізнэсоўцы, маўляў, ня хочуць набываць такія аб’екты, бо рамонт вымагае багата грошай і часу на ўзгадненьне.

Помнік з надбудаваным паверхам
Помнік з надбудаваным паверхам

Тады ж чыноўнікі рапартавалі, што адзін з старых будынкаў ужо займеў уладальніка, які аддаў 770 мільёнаў недэнамінаваных рублёў і ўзяўся ў сьціслыя тэрміны аднавіць яго гістарычнае аблічча.

Але потым мусіла ўмяшацца пракуратура.

«Тое, што адбывалася з гэтым будынкам, цяжка назваць рэстаўрацыяй. Гэта была яго перабудова, — кажа кіраўнік абласной рады Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Ўладзімер Краўчанка. — Дом у два і тры паверхі без фундамэнту, стаіць на пяску, з драўлянымі перакрыцьцямі, каб быў лёгкі. А на ім дабудавалі яшчэ адзін паверх, і перакрыцьці зрабілі жалезабэтоннымі. То бок павялічылі нагрузку на сьцены, і па іх пайшлі трэшчыны. Зразумела, уласьнік не ўмацоўваў падмурак, а імкнуўся пры меншых затратах як найхутчэй здаць аб’ект у эксплюатацыю. Умяшаньне Таварыства спыніла гэтую будоўлю».

Уладзімер Краўчанка
Уладзімер Краўчанка

З домам № 15 на вуліцы Лазарэнкі, дзе надбудавалі лішні паверх, цяпер нічога ня робіцца. Агароджа стаіць, але будаўнічы рыштунак павывозілі. У пашпарце аб’екта пазначана, што «рэстаўрацыя нежылога будынка» павінна была завяршыцца ў сакавіку 2015 году.

Працы спыненыя. Арганізацыя збанкрутавала

Ва ўпраўленьні ўласнасьці Магілёўскага гарвыканкаму пацьвердзілі, што квартал старых дамоў на вуліцы Лазарэнкі застаецца ў Дзяржаўным сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Што да будынку, які ўзяліся рэстаўраваць, то...

Aдзін з дамоў на вуліцы Лазарэнкі
Aдзін з дамоў на вуліцы Лазарэнкі

«У сувязі з прадпісаньнем Міністэрства культуры працы былі спыненыя. Прадпрыемства (якое бралася за рэканструкцыю. — РС) на сёньняшні дзень знаходзіцца ў стадыі банкруцтва», — сказалі ў гарвыканкаме.

Міністэрства культуры, дадала супрацоўніца ўпраўленьня ўласнасьці, выдала сваё прадпісаньне пасьля ўмяшаньня Краўчанкі. У будаўнікоў нібыта не было дакумэнтаў з узгадненьнем пэўных відаў прац з домам. Разам з тым з пазыцыяй старшыні абласной рады Таварыства аховы помнікаў і культуры ва ўпраўленьні ўласнасьці не згаджаюцца. Настойваюць, што будаўнікі нічога не парушалі. Маглі б скончыць працы, і быў бы дом як дом.

Будаўнічая пляцоўка без будаўнікоў, стары дом схаваны пад банэрнай сеткай
Будаўнічая пляцоўка без будаўнікоў, стары дом схаваны пад банэрнай сеткай

Які лёс чакае недарэканструяваны будынак, ніхто казаць цяпер не бярэцца.

«Па гэтым будынку трэба прымаць рашэньні наконт прыцягненьня да адказнасьці дзяржаўных службоўцаў, якія давалі дазвол на надбудову паверху, не кантралявалі ўмацаваньне падмурку», — кажа Ўладзімер Краўчанка.

Вуліца Лазарэнкі ня стала Віленскай

Вышэй па вуліцы Лазарэнкі яшчэ два старыя будынкі зь няпэўным лёсам. У адным зь іх некалі месьціўся выцьвярэзьнік. Цяпер там расчыненыя дзьверы, рэзка пахне цьвільлю ды зьляжалым бытавым сьмецьцем, столь паабвальвалася. У пакоях гаспадараць бадзягі.

Помнік архітэктуры, у якім месьціўся выцьвярэзьнік
Помнік архітэктуры, у якім месьціўся выцьвярэзьнік

Абрынутая столь
Абрынутая столь

Зваленае бытавое сьмецьце
Зваленае бытавое сьмецьце

«У кожнага дому ёсьць уладальнік, — кажа Ўладзімер Краўчанка. — Мне цяжка, аднак, сказаць, чаго чакаюць уладальнікі такіх дамоў. Калі яны нічога ня робяць, каб палепшыць стан дамоў, то іх варта прыцягваць да адказнасьці. А паколькі такіх захадаў супраць іх няма, дык чаго ім напружвацца?»

Дамы з ахоўнымі шыльдамі, узьведзеныя на пачатку 20 стагодзьдзя, добра праглядаюцца з вышыні транспартнай разьвязкі. На фасадах боўтаюцца рэшткі выцьвілай банэрнай сеткі. У 2007 годзе занядбаныя будынкі хавалі за ёю ад Аляксандра Лукашэнкі, калі той наведаўся на адкрыцьцё новай транспартнай разьвязкі з мостам цераз дубравенкаўскі яр.

Ля ўваходу ў выцьвярэзьнік кінутая машына
Ля ўваходу ў выцьвярэзьнік кінутая машына

У 2008 годзе было паведамленьне, што гарвыканкам нібыта вярнуў кавалку вуліцы, на якім стаяць гэтыя дамы, гістарычную назву — Віленская. Амаль за дзесяцігодзьдзе шыльдаў з такой назвай не зьявілася. Як і раней, дамы занепадаюць.

Трымаецца будынак, які на пачатку 1990-х гадоў аддалі пад царкву эвангельскім хрысьціянам.

Ахоўная шыльда
Ахоўная шыльда

Гэты куток Магілёва мае сваю гісторыю і архітэктуру, месьціцца ў цэнтры гораду, але ўрадавыя дэлегацыі сюды не завітваюць. Найчасьцей «высокім гасьцям» паказваюць пешаходную вуліцу Ленінскую ды водзяць падзівіцца на адрамантаваны мост цераз Дняпро з ільвамі. Не забываюць і пра плошчу Славы з манумэнтам «Барацьбітам за савецкую ўладу» і ратушай.

Сюды водзяць «высокіх чыноўнікаў». Плошча Славы
Сюды водзяць «высокіх чыноўнікаў». Плошча Славы

Пешаходная вуліца Ленінская
Пешаходная вуліца Ленінская

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG