Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сайт Zvarot.by «павалілі». Пэтыцыю супраць міністра абароны гэта ня спыніць, — Стрыжак


Новая пэтыцыя за адстаўку міністра абароны Беларусі на сайце Petitions.by, створаная пасьля блякаваньня працы сайту Zvarot.by

Сайт Zvarot.by, дзе сабралі больш за 10 тысяч подпісаў за адстаўку міністра абароны, часова адключаны праз хакерскую атаку, расказаў Свабодзе прамоўтэр ініцыятывы Андрэй Стрыжак. Але подпісы за адстаўку міністра ня страчаныя — яны будуць перададзеныя як калектыўны зварот. Да таго ж подпісы зьбіраюцца і на сайце petitions.by.

Подпісы зьбіралі за адстаўку міністра абароны Беларусі генэрал-лейтэнанта Андрэя Раўкова. Прычына — сьмерць салдата ў вайсковай частцы ў барысаўскім раёне Печы, як мяркуецца, празь «дзедаўшчыну». На кампанію Мінабароны адрэагавала заявай пра «антыармейскую кампанію» і скаргай на сайт у глябальны сэрвіс барацьбы са спамам.

«Зрабілі ўсё, каб заваліць базу»

Андрэй Стрыжак, архіўнае фота
Андрэй Стрыжак, архіўнае фота

«Учора ўвечары ўдалося сайт разблякаваць, за ноч набралі яшчэ каля 300-400 подпісаў, але на раніцу сайт зноў быў заблякаваны, — кажа Андрэй Стрыжак. — Цяпер каманда прыняла рашэньне адвесьці нашую патрапаную „баявую частку“ з „фронту“, бо ўзьнікла вельмі шмат пытаньняў па сыстэме бясьпекі сайту.

Трэба паставіць яго на добры рамонт, каб прывесьці ў працоўны стан. Таму мы прыпыняем збор подпісаў на Zvarot.by, але працягваем на Petitions.by. Zvarot будзе парамантаваны і вернецца да працы, але цяжка сказаць, колькі часу гэта зойме. Але гэта, безумоўна, цікавая гісторыя, як невялічкая група грамадзкіх актывістаў так годна вытрымлівала гэтыя атакі цягам пяці дзён».

Паводле Стрыжака, сайт Zvarot.by «завалілі» дзясяткамі тысяч фальшывых подпісаў пад ранейшымі пэтыцыямі ў абарону пушных жывёлаў і ў менскага Тучынскага сквэру — «зрабілі ўсё, каб заваліць базу» сайту і каб сайт хаця б часова ня мог працаваць. Афіцыйна ж сайт не блякуецца і не ўваходзіць у «чорныя сьпісы».

Зварот ня проста супраць міністра, ён за рэформу войска

«Частка патрабаваньняў, што мы выстаўлялі, ужо выкананая: улады прызналі гвалтоўны характар сьмерці Коржыча, пачалі расьсьледаваньне гэтай справы, — разважае Стрыжак. — Але галоўная мэта кампаніі нават ня зьняцьце з пасады Раўкова, бо зьмена прозьвішча нічога ня зьменіць, калі застанецца тая сыстэма, што дапускае дзедаўшчыну ў той форме, якой яна цяпер ёсьць у беларускім войску.

Магіла Аляксандра Коржыча, загінулага ў Печах
Магіла Аляксандра Коржыча, загінулага ў Печах

Галоўная мэта кампаніі — мы хочам, каб беларускае войска было рэфармаванае, каб адпавядала таму, чаго ад яго чакае грамадзтва, каб мы ня думалі, як беларускіх салдатаў абараніць ад беларускага войска».

Жахлівыя падрабязнасьці сьмерці салдата, які нібыта зьдзейсьніў самагубства

Хоць афіцыйна сьледчыя прызнаюць, што цела Коржыча было знойдзенае зь «перавязанымі шнурком абутку нагамі і надзетай на галаву майкай», разглядаецца ня толькі вэрсія пра забойства, але і вэрсіі самагубства (ці празь «дзедаўчшчыну», ці празь нежаданьне служыць). Першапачаткова афіцыйнай вэрсіяй называлася самагубства. Адразу па здарэньні прэсавы сакратар Мінабароны Ўладзімер Макараў назваў «чуткамі і домысламі» сумневы родных і сяброў загінулага ў Печах салдата Аляксандра Коржыча ў тым, што хлопец учыніў суіцыд. Цяпер сытуацыя вакол гібелі салдата на «жорсткім кантролі» ў Аляксандра Лукашэнкі.

Мінабароны спытала падпісантаў, ці сапраўды яны падпісвалі зварот. Што адказаць?

Падпісанты пэтыцыі на сайце zvarot.by пачалі атрымліваць ад Міністэрства абароны лісты з просьбай пацьвердзіць, ці быў адпраўлены зварот. Паведамленьне ад Міністэрства ананімнае, акрамя адрасу электроннай пошты, ня мае ніякіх кантактных зьвестак. Ці абавязкова адказваць на такі ліст, каб подпіс «залічыўся»?

«Калі глядзець у закон „Аб зваротах грамадзянаў“, гэты ліст — чыстая фантазія Міністэрства абароны, закон не патрабуе ніякіх пацьверджаньняў, — тлумачыць Стрыжак. — Нават калі чалавек не адкажа на гэты ліст, нічога дрэннага не адбудзецца.

У сеціве зьявілася ўжо шмат варыянтаў, як адказаць на гэты ліст. Напрыклад, можна спытаць, чаму яны яго прыслалі і на падставе якога праўнага дакумэнту. Можна напісаць дадатковыя пытаньні да Мінабароны.

Такім крокам Міністэрства само сабе зрабіла вялікі клопат, бо стварыла дадатковы пункт напружанасьці, дадатковую прыступку. Мая думка такая, што можна адказваць, можна не адказваць, галоўнае — вашыя подпісы ёсьць, яны захаваныя. Мы цяпер апрацуем сьпісы, што ў нас ёсьць, выкрэсьлім фэйкі і паўторныя подпісы. Зварот будзе яшчэ раз адасланы, але ўжо ў якасьці калектыўнага».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG