Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я не хачу быць спадкаемцам Скарыны», — дырэктар выдавецтва «Галіяфы»


10 год працы, больш за 300 кніг, больш за 150 аўтараў. Выдавец, пісьменьнік і мастак Зьміцер Вішнёў жыве кнігавыданьнем, хоць марыць больш часу прысьвячаць асабістай карʼеры літаратара.

— Сёлета выдавецтва «Галіяфы» сьвяткуе 10-годзьдзе. З чаго ўсё пачыналася? І чаму на вашым лягатыпе жук?

— Гэта была наша супольная ініцыятыва з паэтам Міхасём Башурам, якая паўстала 10 год таму. А наша эмблема — найбуйнейшы афрыканскі жук-галіяф, гэта спасылка на літаратурны рух «Бум-бам-літ», які ў 90-я гады праектаваў розныя кірункі ў літаратуры, у тым ліку і афрыканізм. Менавіта ідэя бананавай рэспублікі, здаецца, напоўніцу рэалізаваліся ў межах Беларусі. Мы, ствараючы выдавецтва, хацелі з сарказмам гэта падкрэсьліць. Да Старога Запавету назва «Галіяфы» ня мае дачыненьня.

Я беларускі нацыяналіст

— Я ведаю, што ў вас расейскія карані. Чаму вырашылі прысьвяціць сваё жыцьцё выданьню беларускіх кніг?

— У жыцьці амаль кожнага наблытана некалькі нацыянальнасьцяў, і няма сэнсу шукаць нейкага стэрыльна чыстага беларуса. Беларускасьць — гэта ня запіс у пашпарце, а стан душы. Я лічу сябе беларускім нацыяналістам. Мой нацыяналізм праяўляецца празь беларускую культуру, якой я займаюся ўжо шмат гадоў і не зьбіраюся пакідаць гэтую справу. Я ўвогуле нарадзіўся ў Вугоршчыне. У Маскве я вучыўся пасьля нашага журфаку і працы ў газэце «Культура», часопісе «Беларусь» і Саюзе беларускіх пісьменьнікаў — у Літаратурным інстытуце на вышэйшых літаратурных курсах.

— Цяпер цяжкі час для незалежнага выдавецтва?

— Мы ўвесь час спрабуем шукаць новыя хады, быць больш актуальнымі і крэатыўнымі. Я не магу сказаць, што ў нас былі лепшыя ці горшыя часы, а цяпер яны зьмяніліся. Кожны час па-свойму цікавы і непаўторны, але і складаны. Праблема ў тым, што ў Беларусі так і ня склаўся арт-рынак. Таму незалежныя выдавецтвы ў складаных умовах. Як гэта выправіць? Найперш трэба адмяняць ПДВ, які складае 20%. Такім чынам дзяржава магла б падтрымаць беларускага выдаўца.

Мы не вырабляем кілбасу

— Што канкрэтна значыць гэты падатак?

— Тое, што яшчэ не прадаўшы кнігу, а толькі адгрузіўшы яе ў кнігарню, мы павінны сплаціць 20% яе кошту. Як быццам бы яна прададзеная. Але ж яна не прададзеная, а падатак трэба аддаць. Для маленькага выдавецтва гэта вельмі адчувальна. У нашых суседзяў, ва Ўкраіне ці Польшчы, такі падатак для выдаўцоў ці адменены ўвогуле, ці складае вельмі маленькі адсотак. Я вельмі спадзяюся, што і ў нас нешта будзе зьмяняцца ў лепшы бок у гэтым пляне. Пакуль вельмі цяжка — мы ж не вырабляем кілбасу. Таму што калі ў чалавека няма грошай на ежу, ён дзесяць разоў падумае, ці набываць тую кнігу.

— А як у дзяржаўных выдавецтвах? Ці ёсьць там такі высокі ПДВ?

— Ёсьць ва ўсіх. Але ж дзяржаўныя выдавецтвы маюць фінансавую падтрымку. І шмат негалосных прэфэрэнцый. У Беларусі існуе манаполія «Белкнігі» ў распаўсюдзе друкаваных выданьняў. Таму кнігі дзяржаўных выдавецтваў нашмат лепш прадстаўленыя ў дзяржаўных кнігарнях. Тое самае і зь бібліятэкамі. Калі ім трэба купіць кнігу, яны ў першую чаргу зьвяртаюцца ў дзяржаўнае выдавецтва. Напрыклад, мы выдалі па-беларуску кнігу Дыкенса «Олівэр Твіст», якая раней уваходзіла ў школьную праграму. Але для нашай бібліятэчнай сыстэмы гэта не падстава замаўляць гэтую кнігу ў нас. Таму што кніга, выдадзеная недзяржаўным выдавецтвам, ня можа трапіць пад катэгорыю сацыяльна значнай.

— Але калі ў Менску адбываюцца штогадовыя міжнародныя кніжныя кірмашы, то «Галіяфы» разам зь яшчэ некалькімі незалежнымі выдавецтвамі туды ўсё ж трапляюць...

— Так, але арганізатары дзесяць разоў думаюць, як нас там схаваць. Думаюць, напэўна, што мы нешта можам ня тое зрабіць, ці ня тыя кнігі прынесьці, ці прадставіць аўтара не з таго пісьменьніцкага саюзу.

Ёсьць толькі два гатункі пісьменьнікаў: талент і бяздарнасьць

— Вось, дарэчы, цікава, як незалежнае выдавецтва ставіцца да «чэснага» і «нячэснага» пісьменьніцкіх саюзаў?

— Мне гэтая сытуацыя падаецца камічнай і недарэчнай. Я дзялю пісьменьнікаў так: талент і бяздарнасьць. І мне ўсё роўна, у якім ён саюзе. Асноўнае — талент. Рэгаліі — у апошнюю чаргу. Мы друкуем аўтараў з абодвух саюзаў. Калі мы адмаўляем у выданьні, то гэта не з прычыны структуры, куды гэты аўтар уваходзіць.

— Як вы ацэньваеце, якую кнігу выдаваць, а якую — не?

— Ёсьць сытуацыі, калі відавочна, што твор не падлягае выданьню і нават рэдактар ня можа выратаваць такую кнігу. Але і не сакрэт, што ёсьць кнігі, якія нашым рэдактарам даводзіцца літаральна перапісваць. На жаль, ня ўсе пісьменьнікі пішуць бездакорна, шмат граматычных і стылістычных памылак. І калі крытычная маса такіх недахопаў, то верагодна, што мы ня будзем выдаваць такую кнігу. Яшчэ ёсьць праблема, якая тычыцца ў асноўным дэбютантаў, — яны не прайшлі школу друку ў пэрыёдыцы. Раней, дзякуючы большай колькасьці літаратурных пэрыядычных выданьняў, аўтар меў магчымасьць шліфаваць свой стыль, працуючы з рэдактарам. А цяпер, на жаль, пэрыядычных літаратурных выданьняў стала замала. Прыходзіць малады таленавіты аўтар, які «друкаваўся» толькі ў сваім Фэйсбуку, дзе памылкі, можа, і ня маюць такога значэньня, як у кнізе, — і думаеш: што з гэтым рабіць? У такіх выпадках даводзіцца сурʼёзна папрацаваць рэдактару.

Часам просяць выдаць кнігу «па знаёмстве»

— Хто прымае рашэньне пра выданьне?

— Часьцей за ўсё — я сам, але ў спрэчных выпадках — рэдактары, зь якімі мы працуем. У сэрыі «Час воблы», дзе друкуюцца дэбютанты, у нас ёсьць рэдакцыйная калегія, там рашэньне выносіцца супольна.

— Гэтыя людзі ўваходзяць у штат выдавецтва?

— Большасьць рэдактарскіх і карэктарскіх працаў выконваюцца па дамовах падраду. На такіх жа ўмовах мы працуем з мастакамі і дызайнэрамі. А штат налічвае 9 чалавек, гэта разам з супрацоўнікамі кнігарні.

— Вас шмат хто ведае. Бывае, што просяць выдаць кнігу па знаёмстве?

— Вельмі часта так і бывае. Але крытэры, вядома, ёсьць. Адзін з асноўных прыярытэтаў — беларуская мова. На ёй мы выдаём каля 90% кніг. Калі прыходзіць беларускамоўны аўтар — гэта адзін падыход. Калі расейскамоўны — гэта іншы. На мой субʼектыўны погляд, у Беларусі літаратура па-беларуску мае вышэйшы ўзровень за расейскамоўную.

Калі ў кнізе парнаграфія ці нецэнзуршчына — адмаўляюся друкаваць

— Усё ж, якія прычыны могуць быць, каб адмовіць аўтару?

— Адмоваў шмат, прычыны розныя. Нядаўна адмовілі таленавітаму расейскамоўнаму аўтару на падставе таго, што ў рукапісе сцэны парнаграфіі і неапраўдана многа табуіраванай лексыкі.

— А ці ёсьць сярод выдавецтваў барацьба за вядомых аўтараў? Вы, напрыклад, друкуеце Альгерда Бахарэвіча і Юрыя Станкевіча.

— Каб змагацца за літаратара, трэба мець што яму прапанаваць. Мы заўсёды гатовыя да размовы з аўтарам. Усё вельмі індывідуальна.

— Якімі накладамі выходзяць кнігі ў «Галіяфах»?

— Цяпер за год мы выдаём кніг 50. Сярэдні наклад кнігі — 500 асобнікаў. Ёсьць патрэба ў большых накладах для дзіцячай літаратуры, таму што тады сабекошт кнігі будзе значна меншы.

— Дзе друкуюцца кнігі?

— Некаторыя — у Беларусі, у розных друкарнях. Некаторыя — у Літве. Таньней выходзіць для кніг у цьвёрдай вокладцы. Але ў такім выпадку на мяжы трэба плаціць мыта, а таксама афармляць пакет дакумэнтаў.

Беларусы больш любяць папяровую кнігу

— Два разы кнігарню «Галіяфы» высялялі з розных памяшканьняў. Дзе цяпер вы прадаяце кнігі?

— Мы заўсёды імкнуліся і імкнёмся мець сваю пляцоўку. Цяпер кнігарня «Галіяфы» месьціцца ў гандлёвым цэнтры «Няміга-3» — і гэтае месца аказалася даволі добрым, тут мы можам праводзіць літаратурныя імпрэзы. Важным крокам быў і выхад у інтэрнэт-фармат: мы адчынілі онлайн-краму halijafy.by, дзе ёсьць усе кнігі нашага выдавецтва, а таксама і іншых.

Што тычыцца кніг выдавецтва, то мы добра разумеем, што аўтары вельмі зацікаўленыя, каб іхнія кнігі распаўсюджваліся як мага шырэй. Таму, акрамя сваёй крамы і інтэрнэт-кнігарні, а таксама іншых незалежных кнігарняў, нашы кнігі прадаюцца па ўсёй Беларусі ў крамах «Белкнігі». Акрамя таго, мы пакуль адзінае незалежнае беларускамоўнае выдавецтва, якое паўнавартасна працуе з такім кніжным гігантам, як OZ.by. У нас ёсьць і кнігі ў электронным варыянце, яны даступныя ў электроннай кнігарні kniharnia.by. Але пакуль беларускі пакупнік ахвотней набывае папяровыя вэрсіі. І я яго разумею — мне прыемней чытаць з паперы, ад такога чытаньня больш асалоды.

— А як захоўваць папяровыя кнігі? Людзі скардзяцца, што няма месца ў хаце.

— Трэба захоўваць толькі самыя лепшыя. Але будучыня, відаць, за новымі тэхналёгіямі — захаваем лес. У мяне таксама няма месца дома, дзе яшчэ можна захоўваць кнігі, але я ўсё роўна іх пастаянна набываю. Праўда, я вельмі пераборлівы чытач.

— Якія самыя любімыя кнігі з тых, што вы выдалі?

— У нас за 10 год выйшла больш за 300 кніг, вакол нас групуецца каля 150 аўтараў. Ня буду казаць за ўвесь час, але вось 2017 для нас пакуль — год Алісы з Залюстроўя: над кнігай Льюіса Кэрала «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса» ўсе мы працавалі вельмі шмат — і перакладчыца Вера Бурлак, і ілюстратарка Кацярына Дубовік, і выдавецтва. Але ў выніку гэтую кнігу сапраўды заўважылі, і ў многіх яна ўжо ёсьць.

З апошніх выданьняў я ганаруся нашымі паэтычнымі кнігамі: нядаўна «Галіяфы» выдалі зборнікі Віктара Жыбуля «Дзяцел і дупло» і Вольгі Гапеевай «Граматыка сьнегу» — гэта вельмі важныя кнігі. «Дзяцел і дупло» Віктара Жыбуля — адзіная паэтычная кніга, якая ўдзельнічала ў праекце Movabox ад Velcom. З апошняга выдадзенага добра прадаваўся беларуска-англійскі слоўнік у малюнках «Наш дом / Our Home». Акрамя таго, у гэтым годзе мы ўжо пасьпелі выдаць выдатныя перакладныя кнігі: раман Хуана Мануэля Маркаса «Зіма Гюнтэра» пра барацьбу з дыктатарскім рэжымам Строснэра ў Парагваі, а таксама раман «Каменны патоп» знакавага сучаснага швайцарскага пісьменьніка і грамадзкага дзеяча Франца Холера.

І ўрэшце, сёлета на прэмію Гедройця мы вылучылі пяць кніг: «Ноч цмока» Валера Гапеева, «Шоў працягваецца» Сяргея Плескача, «Горад мрой» Яніны Пінчук, «Гняздо-2» Паліны Качатковай і «Marginalis» Кірыла Стаселькі.

Я не хацеў, але мяне засмактала

— Сёлета адзначаем 500-годзьдзе беларускага кнігавыдаваньня. Ці лічыце вы сябе спадкаемцам Скарыны?

— Ува мне ідзе барацьба выдаўца зь літаратарам і мастаком. Выдавецкая дзейнасьць замінае ўласнай творчасьці. У мяне ўсё няма часу, каб дашліфаваць свой трэці раман, якога чакаюць нямецкія калегі для перакладу і друку. І я, напэўна, ніколі не хацеў быць спадкаемцам Скарыны. Гэта не пра мяне. Але так атрымліваецца, што гэтая праца мяне не адпускае. Першыя чужыя кнігі я выдаваў, калі мне было 18 год. І працягваю гэтым займацца. Бачыў, што няма выдавецтва, якое б дапамагала авангардным і актуальным аўтарам выходзіць да чытача. Задаваў сабе пытаньне: «Калі ня я, дык хто?». А сёньня я займаюся гэтым, таму што мяне засмактала.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG