Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пакуль што такой Беларусі, пра якую марыў Максім Багдановіч, няма», — Бяляцкі


25 траўня спаўняецца 100 гадоў з дня сьмерці Максіма Багдановіча. Выбітны беларускі паэт памёр у 25 гадоў ад сухотаў далёка ад Радзімы — у Ялце, куды ён паехаў у лютым 1917 году. Пахавалі яго ў Крыме, на ялцінскіх гарадзкіх могілках.

Менавіта ў Ялце Максім Багдановіч напісаў свае апошнія радкі:

«У краіне сьветлай, дзе я ўміраю,
У белым доме ля сіняй бухты,
Я не самотны, я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты».

Паміраў паэт у адзіноце. Пахавалі яго паводле праваслаўнага абраду з удзелам сьвятара і псаломшчыка — пра гэта сьведчыць мэтрычная кніга сабору Аляксандра Неўскага з запісам пра сьмерць Максіма Багдановіча.

У «Матэрыялах да біяграфіі Максіма», напісаных у 1923 годзе, бацька паэта, Адам Багдановіч, пісаў:

«Памёр ён 25(12) мая 1917 году, але я вестку пра гэта атрымаў на 4-ы дзень пасьля яго сьмерці. Ён ня даў гаспадыні майго адрасу, не жадаў мяне трывожыць. Пасьля яго сьмерці яна знайшла мой яраслаўскі адрас і тэлеграфавала па гэтым адрасе, а пакуль прыйшла тэлеграма зь Яраслаўля, быў ужо чацьвёрты дзень. Я адразу на аўтамабілі рушыў у Ялту. Але ён ужо быў пахаваны. (...) Пахавалі яго на ялцінскіх могілках, што недалёка ад Мікалаеўскай вуліцы ў кірунку да гор, на самым ускрайку могілак унізе, за 3 сажні ад ускрайку, паблізу дарогі, з боку, супрацьлеглага мору, г.зн. з боку гор. У галавах пастаўлены невялікі белы крыж з надпісам на бляшанай таблічцы яго імя (студэнт Максім Адамавіч Багдановіч) і калі ён памёр (...)

Я наняў вартаўніка, каб магілу ўмацаваць і ўпарадкаваць, пакінуў грошы гаспадыні, каб пасадзіць кіпарысы і куст ружаў, прасіў глядзець за гэтым двух знаёмых, у тым ліку дачку майго таварыша па службе, асабістую знаёмую Максіма, але ці зроблена гэта — я ня ведаю».

Магіла Максіма Багдановіча ў Ялце
Магіла Максіма Багдановіча ў Ялце

Літаратар, праваабаронца Алесь Бяляцкі з 1989 па 1998 гады быў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча. Ён кажа, што ідэя пераносу праху Максіма Багдановіча існуе з 1920-х гадоў.

— Алесь, як узьнікла гэтая ідэя, хто яе прасоўваў?

— Яшчэ ў 1924 годзе маладыя беларускія пісьменьнікі — Уладзімер Дубоўка, Анатоль Ажгірэй і Андрэй Александровіч — езьдзілі ў Ялту, шукалі, дзе пахаваны Максім Багдановіч. Бо ён фактычна быў пахаваны ў 1917 годзе камунальнымі службамі. Бацькоў на пахаваньні не было, сваякоў не было, яго адпелі ў царкве і пахавалі на гарадзкіх могілках, ведаючы, што гэта паэт. Сытуацыя была даволі трагічная, гэта адбывалася ўжо пасьля лютаўскай рэвалюцыі, калі Расейская імпэрыя пачала хістацца, развальвацца на кавалкі. І так атрымалася, што родныя Багдановіча даведаліся пра ягоную сьмерць пазьней.

На самой магілцы быў пастаўлены стандартны драўляны крыжык, які доўга там не прастаяў. Калі беларускія пісьменьнікі ў 1920-я гады прыехалі туды, то яны зь цяжкасьцю знайшлі магілку, бо шыльда з крыжа была ўжо адарваная. Там нейкія хлопчыкі каталіся з горкі на гэтай шыльдзе. Пісьменьнікі прымерылі шыльду да безыменных крыжоў і такім чынам вылічылі, дзе мог быць пахаваны Багдановіч. І да сёньняшняга дня са 100-працэнтнай дакладнасьцю нельга сказаць, што менавіта ў тым месцы пахаваны Багдановіч. Момант нявызначанасьці, сумневу, так бы мовіць, застаецца.

— Ці моцна зьмяніўся стан літаратараў, паэтаў за сто гадоў, якія прайшлі з моманту сьмерці Багдановіча?

— На жаль, лёс Максіма Багдановіча дакладна ілюструе лёс беларускай літаратуры, лёсы пісьменьнікаў, якія цярпелі, пакутавалі, былі беднымі, заўсёды знаходзіліся ў такім незабясьпечаным стане. І гэта працягваецца і дагэтуль, можна сказаць. Бо зноў мы бачым, што беларуская літаратура не падтрымліваецца беларускімі ўладамі належным чынам. Адпаведна, і да беларускіх пісьменьнікаў такое стаўленьне. Калі выдатнейшага беларускага літаратара, паэта № 1 Уладзімера Някляева, чалавека ўжо немаладога веку, саджаюць пад адміністрацыйны арышт — гэта паказвае стаўленьне ўладаў да творцы.

Тады сытуацыя таксама была не зусім добрая, але ж пісьменьнікі, якія ў 1920-я гады паехалі ў Ялту шукаць магілу Багдановіча, мелі ўсё ж такі дзяржаўную падтрымку — ад Інбелкульту. На магіле быў пастаўлены помнічак зь пясчаніку.

Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

— А вы самі былі на магіле Максіма Багдановіча?

— Я некалькі разоў быў на гэтых могілках, першы раз яшчэ да таго, як стаў дырэктарам музэю Багдановіча. Калі быў яшчэ студэнтам — у 1980 годзе. Тыя, хто езьдзіў на ялцінскія могілкі да Багдановіча ў 1970–80-я гады, добра памятаюць гэты помнічак з шэра-брунатнага вапняку з чырвонай зоркай, які і стаяў да 2003 году. Ён быў ужо пацямнелы, мохам парослы. Калі мы прыяжджалі, яго чысьцілі, прыбіралі магілу. Такімі «турыстычнымі наездамі» беларусаў даглядалася магіла Багдановіча. І, канечне ж, думка пра перанос ягонага праху існавала... Хаця ў 2003 годзе на магіле паэта быў усталяваны помнік работы скульптараў, бацькі і сына Льва і Сяргея Гумілеўскіх.

— А ў пазьнейшы час, калі Беларусь абвясьціла незалежнасьць на пачатку 1990-х — я памятаю, зноў былі зрухі, абмеркаваньні...

— На пачатку 1990-х гадоў, калі я быў дырэктарам Літаратурнага музэю Багдановіча, Міністэрства культуры фактычна прапанавала перанесьці прах Багдановіча зь Ялты — гэта было адным зь мерапрыемстваў, якое меркавалі зрабіць да 100-годзьдзя з дня народзінаў паэта. Ідэя гэтая абмяркоўвалася ўжо фактычна на дзяржаўным узроўні. І мы, супрацоўнікі музэю Багдановіча, абмяркоўвалі гэта разам з прадстаўнікамі Мінкульту падрабязна, доўга, з розных бакоў у той час. І мы прыйшлі да высновы, што, можа, ня варта чапаць ягоны прах на той час — гэта быў 1991, 1992, 1993 год, калі актыўна абмяркоўвалася гэтая ідэя.

Мы прыйшлі да высновы, што, можа, ня варта чапаць ягоны прах на той час — гэта быў 1991, 1992, 1993 год

— А якія ўсё ж такі былі аргумэнты «супраць»?

— Было некалькі аргумэнтаў супраць. Найперш — няпэўная вызначанасьць магілы. Можа быць мэтар улева, мэтар управа, і ніхто не гарантуе, што раскапаўшы гэтае месца, можна дакладна знайсьці парэшткі Максіма Багдановіча. Ну ладна, гэта справа археалягічная: калі б задачу паставілі, то, магчыма, гэта магло быць вырашана. Але, з другога боку, я, быўшы актыўным удзельнікам грамадзка-палітычнага жыцьця на той час, вельмі выразна адчуваў, што гэтая ініцыятыва ня мела нармальнага дзяржаўнага ўзроўню. Фактычна гэта была ідэя Міністэрства культуры, якое было малаўплывовым у сыстэме беларускай улады. І не хацелася, каб гэтая падзея мела лякальны пабытовы характар.

— А чаго б хацелася? Як вам бачыцца вяртаньне праху Максіма Багдановіча? Дзе могуць быць пахаваныя ягоныя парэшткі?

— Гэта бачылася як агульнанацыянальны крок, вяртаньне фактычна нацыянальных сьвятыняў. Як нашы суседзі — палякі вяртаюць парэшткі вядомых людзей і хаваюць іх у адмыслова падрыхтаваных пантэонах, мэмарыялах. У нас нічога падобнага і блізка не было на той час. Гэта мяне вельмі моцна хвалявала — што проста будуць перавезеныя парэшткі, пахаваныя, і магіла ня будзе мець таго нацыянальнага сымбалічнага значэньня для беларусаў, якое павінна была б мець. І гэта была асноўная маральная праблема, якая мяне схіляла на бок таго, што ня варта пакуль чапаць прах Максіма Багдановіча.

Ну, а пасьля рэфэрэндуму 1995-га ўвогуле гэтае пытаньне адпала, яно ўжо не паўставала рэальным. У краіне ўвогуле зьявіліся іншыя прыярытэты, а на пасадзе міністра культуры пачалі зьяўляцца выпадковыя людзі. Вось такая дастаткова сумная гісторыя, канца якой яшчэ няма.

— А цяпер? Крым жа цяпер у складзе іншай дзяржавы — Расеі. Магчымае вяртаньне Багдановіча?

— Цяпер Крым акупаваны Расеяй, і лёс гэтай ідэі знаходзіцца пад пытаньнем. Бо ніхто не адмяняў украінскую прыналежнасьць Крыму. Але ўсе, хто ёсьць у Крыме — і жывыя, і памерлыя, як Максім Багдановіч — яны апынуліся зноў у Расейскай імпэрыі, толькі меншых памераў.

Гісторыя і лёс Максіма Багдановіча працягваюцца і пасьля ягонай сьмерці. Як усё будзе разгортвацца далей, будзем бачыць.

У прынцыпе, цяпер, калі прайшло столькі гадоў, я не займаю катэгарычную пазыцыю, што нельга пераносіць парэшткі Максіма Багдановіча ў Беларусь. Але адназначна выступаю за тое, што для гэтага патрэбна іншая, сапраўды дэмакратычная і незалежная Беларусь. Павінна быць месца, куды ён будзе перавезены. Пакуль што такой дзяржавы, такой Беларусі, пра якую марыў Максім Багдановіч, няма.

У 1996 годзе, калі было ўскладаньне кветак да помніка Максіму Багдановічу, на Алеся Бяляцкага склалі пратакол за незаконнае пікетаваньне і прысудзілі яму штраф. У сьнежні мінулага году, у дзень народзінаў паэта, дэмакратычныя актывісты чыталі вершы Багдановіча каля ягонага помніка, і ў іх таксама былі праблемы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG