Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забойцу з бэнзапілой асудзілі на 22 гады зьняволеньня


Уладзіслаў Казакевіч падчас суду, архіўнае фота

У Магілёўскім абласным судзе на 22 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму асудзілі Ўладзіслава Казакевіча за замах на супрацоўнікаў калёніі. Казакевіч ужо быў асуджаны на 15 гадоў пазбаўленьня волі за забойства ў час нападу з бэнзапілой на менскі гандлёвы цэнтар «Эўропа».

Два тэрміны, на якія цяпер асуджаны Казакевіч, не суміруюцца. Ён правядзе за кратамі 22 гады — 5 першых гадоў у турме, астатнія 17 — у калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Казакевіч мае сплаціць судовыя выдаткі і тры тысячы рублёў кампэнсацыі шкоды міліцыянту, якога парэзаў у шклоўскай калёніі.

Ад апошняга слова на працэсе падсудны Ўладзіслаў Казакевіч адмовіўся.

Што трэба ведаць пра «справу Казакевіча»: псыхіятрычныя экспэртызы, карцар, спробы самагубства

Казакевічу прад’явілі абвінавачаньне па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу: падрыхтоўка да забойства і замах на забойства двух чалавек асобай, якая раней учынiла забойства; напад на прадстаўніка адміністрацыі папраўчай установы з боку асуджанага. Пракурор прасіў прысудзіць за гэта 23 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Бацька асуджанага Валянцін Казакевіч кажа, што будзе абскарджваць вырак і дамагацца паўторнай экспэртызы псыхічнага стану сына. На думку Казакевіча-старэйшага, турма будзе спрыяць узмацненьню паранадаідальных ідэяў забойства. Валянцін Казакевіч цьвердзіць, што сын мае шызатыпічны разлад асобы. Абвінавачваньне ж ня ўгледзела ў Уладзіслава Казакевіча псыхічнай хваробы. Гэта выявілі, сказаў пасьля суду прадстаўнік пракуратуры, дзьве псыхоляга-псыхіятрычныя экспэртызы.

Летась 12 кастрычніка падчас вываду на шпацыр Казакевіч дастаў з рукава нож і напаў на двух кантралёраў. Была распачата крымінальная справа за замах на забойства двух чалавек. За гэта пагражае да 25 гадоў калёніі або пажыцьцёвае зьняволеньне.

Сярод шэрагу экспэртызаў праводзілася і псыхялага-псыхіятрычная. Вызначана, што на момант замаху Казакевіч у поўнай меры ўсьведамляў свае дзеяньні.

Суд над Уладзіславам Казакевіч пачаўся ў Магілёве 11 красавіка. Яго абаронцамі Аляксандар Галіеў, Тацяна Савіцкая і Ўладзімер Сташкевіч. Адвакаты лічаць, што Ўладзіслаў псыхічна нездаровы і яго трэба лячыць у спэцустанове.

Пазыцыя дзяржаўнай экспэртызы іншая. Казакевічу паставілі дыягназ «зьмяшанае расстройства асобы», які азначае, што ён кіруе сваімі дзеяньнямі і ўсьведамляе іх наступствы. А значыць, павінен несьці пакараньне. Падчас разгляду апэляцыі ў Вярхоўным судзе адвакат Казакевіча Ўладзімер Сташкевіч настойваў на правядзеньні новай комплекснай экспэртызы псыхічнага стану падабароннага. Суд гэтага хадайніцтва не задаволіў.

8 кастрычніка 2016 году Ўладзіслаў Казакевіч учыніў напад з бензапілой у менскім гандлёвым цэнтры «Эўропа». Загінула 43-гадовая прадавачка Алена Александронец, яшчэ дзьве жанчыны пацярпелі.

Паколькі на момант злачынства фігуранту было ўсяго 17 гадоў, ён быў асуджаны да максымальна магчымага пакараньня для непаўналетняга — 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG