Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы суд над забойцам з бэнзапілой. Расейскі і беларускія псыхіятры ставяць розныя дыягназы


Уладзіслаў Казакевіч у магілёўскім судзе.
Уладзіслаў Казакевіч у магілёўскім судзе.

«Вынікі экспэртызы дэкляратыўныя. Псыхічны стан пацыента недаацэнены», — так заявіў на судзе над Уладзіславам Казакевічам, якога вінавацяць у нападзе на кантралёраў Шклоўскай папраўчай калёніі № 17, псыхіятар з маскоўскай праваабарончай арганізацыі «Справядлівая мэдыцына» Анатоль Крывашэеў.

На просьбу адваката Ўладзімера Сташкевіча ён зрабіў альтэрнатыўнае заключэньне пра псыхічнае здароўе яго падабароннага. Справу Казакевіча разглядае калегія Магілёўскага абласнога суду на чале з судзьдзём Сяргеем Каралёвым.

«У Казакевіча дыягназ, які перашкаджае адбываць пакараньне ў калёніях»

У сакавіку 2017 году 19-гадовага хлопца асудзілі на 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму за напад на наведнікаў гандлёвага цэнтру «Новая Эўропа» і забойства чалавека. Ад 24 чэрвеня 2017 году ён адбываў пакараньне ў Шклоўскай вязьніцы, у якой 12 кастрычніка зьдзейсьніў злачынства. Па словах Казакевіча ён хацеў забіць начальніка калёніі, а калі задуманае зрабіць не ўдалося, напаў на кантралёраў. Аднаму зь іх нанёс тры ўдары нажом па галаве. «Мне было ўсё роўна каго забіваць», — сказаў ён на першым допыце пасьля нападу.

Казакевіча вядуць на суд.
Казакевіча вядуць на суд.

На судзе адвакаты абвінавачанага Аляксандар Галіеў, Тацяна Савіцкая і Ўладзімер Сташкевіч настойваюць, што праведзеная ў 2016–17 гадах экспэртыза псыхічнага стану іх падабароннага «ня мела навуковага абгрунтаваньня», а значыць, высновы, зробленыя супрацоўнікамі Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз, няслушныя. Паводле іх заключэньня, у Казакевіча зьмешаны разлад асобы і ён можа адказваць за свае дзеяньні.

Тым часам бацька і адвакаты даводзяць, што Казакевіч хворы на шызатыпічны разлад асобы. Яны настойваюць, што гэты дыягназ, згодна з пастановаю Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства аховы здароўя № 54/15, знаходзіцца ў сьпісе хваробаў, якія не дазваляюць адбываць пакараньне ў калёніях і турмах.

Валянцін Казакевіч — бацька абвінавачанага.
Валянцін Казакевіч — бацька абвінавачанага.

Дыягназ «шызатыпічны разлад асобы» Казакевічу паставілі ў 2014 годзе пасьля некалькіх спробаў скончыць жыцьцё самагубствам. Два гады ён знаходзіўся на дыспансэрным уліку Цэнтру псыхічнага здароўя. Паводле бацькі абвінавачанага Валянціна Казакевіча, хвароба ў сына абвастраецца ў псыхатраўмуючых сытуацыях. Ён мусіць утрымлівацца, кажа ён, у адмысловай мэдычнай установе.

Экспэрт: «Казакевіч трызьніў ідэямі забойства»

Абаронцы Казакевіча спрабуюць дамагчыся ад суду прызначэньня паўторнай экспэртызы. У падмацаваньне сваёй пазыцыі яны спасылаюцца на заключэньне экспэрта Анатоля Крывашэева.

У экспэрта не было магчымасьці непасрэдна назіраць за Казакевічам да суду. Свае высновы ён рабіў з дасланага яму адвакатам заключэньня псыхоляга-псыхіятрычнай комплекснай экспэртызы, зробленай супрацоўнікамі Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз. Па азнаямленьні з матэрыяламі Анатоль Крывашэеў зрабіў выснову: у Казакевіча «хваравітыя зьмены ўласьцівыя шызафрэніі». На яго думку дзяржаўная экспэртыза не ўлічыла ўсіх дадзеных, калі фармулявалі высновы, «аналіз зрабілі дэкляратыўны».

Анатоль Крывашэеў
Анатоль Крывашэеў

Анатоль Крывашэеў пагадзіўся з дыягназам, які паставілі абвінавачанаму ў Цэнтры псыхічнага здароўя ў 2014 годзе, — шызытыпічны разлад асобы (вяла цякучая шызафрэнія). Экспэрт адзначыў: ад 13 год Казакевіч трызьніў ідэямі забойства.

«Спачатку ён шукаў сэнс жыцьця і сьмерці, затым паспрабаваў забіць сябе, а потым выразна пачаў казаць, што ён ня любіць людзей, іх трэба забіваць, каб было меней. З часам такая ідэя стала ўнутранай устаноўкай», — даводзіў сваё разуменьне стану здароўя абвінавачанага Анатоль Крывашэеў у судзе.

Экспэрт: «Вылечыць Казакевіча ва ўмовах калёніі немагчыма»

Зьняцьце з дыспансэрнага ўліку экспэрт назваў недаацэнкай псыхічнага стану Казакевіча. На яго думку пасьля спыненьня мэдыкамэнтознага лячэньня ён меўся яшчэ год знаходзіцца над наглядам мэдыкаў.

Уладзіслаў Казакевіч падчас суду.
Уладзіслаў Казакевіч падчас суду.

Напад на людзей, выказаў меркаваньне Крывашэеў, зьвязаны з унутраным эмацыйным напружаньнем абвінавачанага, якое, пад уплывам трызьненьня ідэямі пра сьмерць і псыхозу, мае выліцца ў забойства, як гэта было ў гандлёвым цэнтры «Новае Эўропа» і калёніі. За час адбыцьця пакараньня ў калёніі, сказаў экспэрт, адбылася яшчэ большая дэградацыя асобы Казакевіча. На думку Крывашэева ўтрымліваць яго ў калёніі небясьпечна, бо ў яго прытупленае пачуцьцё самазахаваньня.

Раніцай яго прывялі, ён сеў склаўшы рукі і больш яго нічога ня тычыцца.

Зьвярнуў увагу экспэрт і на тое, як паводзіць сябе Ўладзіслаў Казакевіч у залі суду. У інтэрвію Свабодзе экспэрт падкрэсьліў: паводзіны абвінавачанага манатонныя (ён пастаянна адзін і той жа), у яго маскападобны твар, якое нічога не выражае.

«Я пра яго нагаварыў шмат непрыемнага, і зь гледзішча псыхапата ён мае быць дужа абураным маімі выказваньнямі, а ён абыякавы. Ён не праяўляе сябе нічым і ніяк. Раніцай яго прывялі, ён сеў склаўшы рукі і больш яго нічога ня тычыцца. Ён нібыта звычайны слухач. Гэта і ёсьць закрытасьць і эмацыйная халоднасьць», — патлумачыў суразмоўца.

Анатоль Крывашэеў ухіліўся ад адказу на пытаньне пра тое, што будзе з Казакевічам, калі яго прызнаюць вінаватым у нападзе на кантралёраў Шклоўскай калёніі.

«Мяне больш непакоіць, што будзе з намі, калі ён выйдзе. Ён вызваліцца абсалютна антысацыяльнай, схаладнелай асобай, у якой няма ні каліва эмоцыяў. У яго ўстаноўка — паранаідальная ідэя, што людзей забіваць — гэта добра. Чым іх меней, тым лепей. Калі выйдзе на волю, то пры першым зручным выпадку пачне рыхтаваць ціха непрыкметна новае забойства і ажыцьцяўляць яго плянамерна і эфэктыўна», — сказаў экспэрт-псыхіятар.

На яго думку вылечыць Казакевіча ва ўмовах калёніі немагчыма: «Тут патрэбныя лячэбныя мэтады». Анатоль Крывашэеў дадаў, што Казакевічу варта лячыцца на працягу дзесяці гадоў, а потым яшчэ знаходзіцца працягла над наглядам.

Дзяржаўны экспэрт: «Трызьненьняў пра сьмерць у Казакевіча няма»

На судзе выступілі адмыслоўцы зь Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз, якія абсьледавалі Казакевіча пасьля зьдзяйсьненьня ім злачынства ў Шклоўскай калёніі. Яны выставілі абвінавачанаму дыягназ «зьмешаны разлад асобы». Падчас знаходжаньня на абсьледаваньні, сказала чалец экспэртнага камітэту Юлія Лісіцына, псыхічны стан Казакевіча быў стабільным.

«Ён трымаўся рэжыму, утрымліваўся адзін у палаце, ахвотна адказваў на пытаньні экспэртаў, — даводзіла яна, — апавядаў пра час, праведзены ў зьняволеньні. Скаргаў на псыхічнае здароўе не выказваў. Наракаў на скурнае захворваньне».

«Яго псыхічны стан быў расцэнены, як стан, які ўкладаецца ў дыягназ зьмешанага разладу асобы. Якогасьці іншага разладу псыхікі намі не было выяўлена, — дадала экспэрт. — Па сутнасьці намі быў выстаўлены той жа дыягназ, што і ў мінулы раз (Экспэртныя высновы, зробленыя пасьля нападу Казакевіча на пакупнікоў гандлёвага цэнтру "Новая Эўропа" — РС)».

Высновы Анатоля Крывашэева экспэртная камісія прыняла да ведама. Юля Лісіцына адзначыла, што іх заключэньне пра псыхічны стан здароўя Казакевіча больш поўнае і аб’ектыўнае, бо маскоўскі экспэрт ня меў магчымасьці непасрэдна назіраць за абвінавачаным. Прыкметаў шызатыпічнага разладу асобы экспэртны камітэт не ўгледзеў.

«За гэты дыягназ нясуць адказнасьць тыя, хто яго паставіў у 2014 годзе», — сказала Юлія Лісіцына. Гаворачы пра Казакевіча экспэртка адзначыла, што яму было складана завязаць стасункі зь людзьмі, ад чаго ён пакутаваў.

На згадку пра трызьненьні Казакевіча ідэямі сьмерці Лісіцына адрэагавала тым, што гэта — сьведчаньне зьмешанага разладу асобы.

«Гэта эмацыйныя крызісы, якія суправаджаюцца актамі самапашкоджаньня. Рэакцыі на нейкія эмацыйна значныя стымулы. Экспэрты зрабілі выснову, што трызьненьняў пра сьмерць у Казакевіча няма. Усё гэта ў рамках яго ўласьцівасьцяў асобы і фармаваньня яго сыстэмы каштоўнасьцяў і перакананьняў...», — сказала Юлія Лісцына.

Асуджаны зь мянушкай «​Піла»​

Хадайніцтва адвакатаў Казакевіча пра правядзеньне паўторнай экспэртызы было далучана да матэрыялаў справы. Да яго вернуцца пасьля вывучэньня доказаў.

Акрамя таго адвакаты намагаюцца высьветліць абставіны зьяўленьня ў Казакевіча ў камэры нажа, зь якім ён напаў на кантралёраў. Паводле матэрыялаў справы, нож яму перадаў адзін з асуджаных. Забаронены прадмет, нібыта знаходзіўся ў кнізе».

Пра тое, што Казакевіч задумаў забіць начальніка калёніі, адміністрацыі стала вядома з цыдулкі сукамэрніка. Праз два дні Казакевіч напаў на кантралёраў. Нож у яго быў схаваны ў рукаве.

Пацярпелымі па справе праходзяць начальнік калёніі Сяргей Петраковіч, яго намесьнік па рэжыму і апэратыўнай працы Аляксей Маскалёў і канваір Аляксей Кузан, якога парэзаў Казакевіч. Падчас допыту ў судзе начальнік калёніі і яго намесьнік заявілі, што ня ведалі пра псыхічныя адхіленьні Казакевіча, на якога накладалі спагнаньні і каралі карцэрам. Па словах абвінавачанага, за гэта ён і хацеў забіць прадстаўніка адміністрацыі.

Архіўнае фота. 2017 год.
Архіўнае фота. 2017 год.

Асуджаныя далі Ўладзіславу Казакевічу мянушку «Піла». Паводле іх хлопец пазьбягаў стасункаў зь іншымі асуджанымі калёніі. Яны казалі, што ён мог гадзінамі стаяць на адным месцы, утаропіўшыся ў адну кропку. У камэры чытаў. Разам з Казакевічам у камэры ПКТ, дзе яго ўтрымлівалі за рэгулярныя парушэньні рэжыму, сядзелі асуджаныя рэцыдывісты.

Уладзіславу Казакевічу інкрымінавана падрыхтоўка да забойства, замах на забойства дзьвюх асобаў у сувязі з ажыцьцяўленьнем імі службовай дзейнасьці і замах на прадстаўніка адміністрацыі папраўчай установы. За гэта Казакевічу пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне або працяглае турэмнае пакараньне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG