Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я ўвесь час хачу некага пазбавіць жыцьця». Першы дзень суду над Уладзіславам Казакевічам


Уладзіслаў Казакевіч у магілёўскім судзе.

У Магілёве на судзе над Уладзіславам Казакевічам, якога вінавацяць у нападзе на супрацоўнікаў Шклоўскай папраўчай калёніі і ў замаху на забойства асобы, якая выконвала службовыя абавязкі, адвакаты выступілі з хадайніцтвам аб правядзеньні паўторнай псыхіятрычнай экспэртызы падабароннага, у якога дыягнаставаны шызатыпічны разлад асобы.

Адвакаты паставілі пад сумнеў аб’ектыўнасьць экспэртызы, якую праводзілі падчас сьледзтва па справе аб нападзе Казакевіча на наведнікаў гандлёвага цэнтру «Новая Эўропа» і забойстве чалавека.

Гэтае злачынства Казакевіч учыніў у кастрычніку 2016 году. 3 сакавіка 2017 году суд Маскоўскага раёну Менску прызнаў яго вінаватым у забойстве з асаблівай жорсткасьцю, замаху на забойства з хуліганскіх намераў, нанясеньні траўмаў і пакараў 15 гадамі калёніі агульнага рэжыму. Гэтае пакараньне Казакевіч пачаў адбываць 24 чэрвеня ў Шклоўскай калёніі.

«Першая псыхіятрычная экспэртыза ня мае навуковага абгрунтаваньня», — адвакаты

Справу аб нападзе 19-гадовага Казакевіча на супрацоўнікаў калёніі разглядае судовая калегія Магілёўскага абласнога суду.

У сваім хадайніцтве адвакаты Аляксандар Галіеў, Тацяна Савіцкая і Ўладзімер Сташкевіч даводзілі, што праведзеная ў 2016–17 гадах экспэртыза «ня мела навуковага абгрунтаваньня», а значыць, яе высновы наконт псыхічнага стану Ўладзіслава Казакевіча былі няслушныя.

«Экспэртыза ня мае ніводнай спасылкі на крыніцы ў галіне псыхалёгіі і псыхіятрыі. Адсутнічае абгрунтаваньне выкарыстаных мэтадаў падчас правядзеньня экспэртызы», — казаў суду адвакат Сташкевіч.

Уладзіслаў Казакевіч хворы на шызатыпічны разлад асобы. Гэты дыягназ яму паставілі ў 2014 годзе пасьля дзьвюх спробаў скончыць жыцьцё самагубствам. Паводле бацькі абвінавачанага, Валянціна Казакевіча, хвароба ў сына абвастраецца ў псыхатраўмуючых сытуацыях.

Хадайніцтва адвакатаў было далучана да матэрыялаў справы. Да яго вернуцца пасьля вывучэньня доказаў.

«Хацеў забіць начальніка калёніі. Напаў на таго, хто трапіўся пад руку»

Паводле матэрыялаў справы, Уладзіслаў Казакевіч, адбываючы пакараньне ў Шклоўскай калёніі, задумаў забіць яе начальніка Сяргея Петраковіча. Свае дзеяньні абвінавачаны тлумачыў непрыязьзю да гэтай службовай асобы. Петраковіч неаднаразова накладаў на яго дысцыплінарныя спагнаньні і караў вымовамі, штрафным ізалятарам ды зьмяшчэньнем у памяшканьне камэрнага тыпу.

Канваявалі Казакевіча прынамсі чацьвёра міліцыянтаў. Абвінавачаны быў у кайданках. Вялі яго нагнуўшы.
Канваявалі Казакевіча прынамсі чацьвёра міліцыянтаў. Абвінавачаны быў у кайданках. Вялі яго нагнуўшы.

Сьледчыя высьветлілі, што здабыць нож Казакевічу дапамог іншы асуджаны. Гэтым нажом ён нібыта зьбіраўся ажыцьцявіць задуманае, калі яго павядуць да начальніка калёніі знаёміцца з актам аб чарговым дысцыплінарным спагнаньні.

10 кастрычніка аднаму з супрацоўнікаў калёніі іншы асуджаны перадаў цыдулку, якою інфармаваў, што на Петраковіча рыхтуецца напад. У ходзе праверкі гэтай апэратыўнай інфармацыі высьветлілася, што зламысьнік — Казакевіч. Забаронены прадмет, аднак, у яго знайсьці не ўдалося.

12 кастрычніка падчас асабістага агляду, калі Казакевіча выводзілі на прагулку, ён выхапіў з рукава нож і напаў на намесьніка начальніка калёніі па рэжыму і апэратыўнай працы Аляксея Маскалёва. Калі той адбіўся, асуджаны накінуўся на канваіра Аляксея Кузана, якому нанёс тры ўдары нажом па галаве.

На допыце ў дзень злачынства Ўладзіслаў Казакевіч прызнаўся: калі яму не ўдалося забіць начальніка калёніі, то вырашыў забіць Маскалёва, да якога таксама меў непрыязь, а калі той адбіўся, то «пад руку трапіўся» канваір Кузан.

Сяргей Петраковіч, Аляксей Маскалёў ды Аляксей Кузан праходзяць па справе пацярпелымі.

Сам абвінавачаны на судзе адмовіўся даваць паказаньні. У пратаколе першага допыту ён сказаў сьледчаму, што «яму было ўсё роўна, каго забіваць».

«Я ўвесь час хачу некага пазбавіць жыцьця», — цытуюць словы Казакевіча.

Начальнік калёніі ня ведаў пра стан псыхічнага здароўя асуджанага

У ходзе допыту начальніка калёніі Сяргея Петраковіча высьветлілася, што ён ня ведаў пра псыхічныя асаблівасьці асуджанага, а таксама пра ягоныя праблемы са зрокам. Не знаёміўся з мэдычнай карткай Казакевіча. Начальнік калёніі заявіў, што калі б у Казакевіча былі праблемы са здароўем, яго б не накіравалі ў калёнію.

Са слоў Петраковіча, асуджанага рэгулярна каралі штрафным ізалятарам за дысцыплінарныя спагнаньні. Начальнік калёніі сказаў, што жорсткасьць пакараньня асуджанага вызначаў, зыходзячы «з унутранага перакананьня». Казакевіч стаяў на прафіляктычным уліку як асоба, схільная да нападу на супрацоўнікаў калёніі, хуліганскіх дзеяньняў ды захопу закладнікаў. У парушэньні рэжыму, паводле Петраковіча, Казакевіч не раскайваўся.

«Ён абяцаў, што і далей будзе парушаць рэжым, бо яму так трэба», — сказаў пацярпелы суду.

На пытаньне суду, чым было выклікана тое, што за некалькі дзён да інцыдэнту з нападам на канваіраў Казакевіча перасталі караць штрафным ізалятарам, Петраковіч адказаў, што з асуджаным паспрабавалі працаваць іначай.

Цыдулку, у якой была інфармацыя пра напад на начальніка калёніі, перадалі сьледчым толькі празь пяць дзён пасьля інцыдэнту 17 кастрычніка. Чаму яе так доўга трымалі, суд даведацца ў Петраковіча ня змог.

Пацярпелы: «У мяне ўражаньне, што Казакевіч і надалей зьбіраўся зьдзейсьняць злачынствы»

Яшчэ адзін пацярпелы Аляксей Маскалёў сказаў, што Казакевіч паводзіў сябе ў калёніі замкнёна, пазьбягаў стасункаў зь іншымі асуджанымі. За некалькі дзён да нападу на супрацоўнікаў калёніі яго паводзіны зьмяніліся. Сталі агрэсіўнымі. На заўвагі супрацоўнікаў ён агрызаўся.

Аляксей Маскалёў сказаў: у яго «ўражаньне, што Казакевіч і надалей зьбіраўся зьдзейсьняць злачынствы». Такую выснову супрацоўнік калёніі зрабіў пасьля гутарак зь іншымі асуджанымі, якія ўтрымліваліся ў адной камэры з Казакевічам.

Маскалёў таксама заявіў, што ня ведаў пра псыхічныя асаблівасьці Казакевіча.

Бацька абвінавачанага: «Напад сына ў калёніі справакавалі»

На суд прыехаў бацька абвінавачанага Валянцін Казакевіч. Ён адзначыў, што Ўладзіслаў выглядае схуднелым. Па яго зьвестках, у сына былі правалы ў памяці і выпадкі нарастаньня псыхозу. З гэтай прычыны бацька зьвяртаўся ў пракуратуру. На тое, што Ўладзіславу не аказваецца псыхалягічная дапамога, скардзіўся памочніку прэзыдэнта Жаньне Цішчанцы, калі быў у яе на прыёме.

«Гэта можа рабіцца спэцыяльна, або адказныя людзі проста некваліфікаваныя, бо ня бачаць, у чым чалавек мае патрэбу і што ён хворы», — казаў Казакевіч-старэйшы.

Ён лічыць, што інцыдэнт з нажом быў справакаваны і адвакаты будуць даводзіць гэта на працэсе. «Нож быў яму падкінуты...» — сказаў Валянцін Казакевіч.

Валянцін Казакевіч — бацька абвінавачанага
Валянцін Казакевіч — бацька абвінавачанага

Ён і адвакаты зьвярнулі ўвагу, што на відэа з допытам у дзень нападу на супрацоўнікаў калёніі Казакевіч паводзіў сябе надта спакойна.

«Яго рэакцыя не адэкватная сытуацыі. Гэта рэакцыя хворага чалавека», — сказаў бацька абвінавачанага.

Першы допыт Казакевіча адвакаты назвалі незаконным і прасілі не разглядаць яго як доказ. На допыт, даводзілі яны, ня быў выкліканы абаронца інтарэсаў абвінавачанага, зь якім была заключаная дамова і які ў той дзень быў у Шклове.

Колькі часу будуць разглядаць справу Казакевіча, невядома. Матэрыялы справы займаюць сем тамоў.

Абвінавачанаму інкрымінавана падрыхтоўка да забойства, замах на забойства дзьвюх асобаў у сувязі з ажыцьцяўленьнем імі службовай дзейнасьці і замах на прадстаўніка адміністрацыі папраўчай установы. За гэта Казакевічу пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне або працяглае турэмнае пакараньне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG