Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні судзяць «дзядоў» за зьбіваньне пяцёх салдат

абноўлена

Суд Горадзенскага раёну разглядае справу, у якой 20-гадовага сяржанта Ўладзіслава Яльца і 24-гадовага яфрэйтара Максіма Малышку абвінавачваюць у зьбіваньні пяцёх салдат 6-й мэханізаванай брыгады ў Горадні.

Паводле абвінавачваньня, падсудныя ўлетку 2017 году пабілі пяцёх салдат за тое, што тыя нібыта недапільнавалі буржуйку і тая пагасла. Абвiнавачаньне паводле ч. 2 арт. 455 прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўленьня волi.

Справа ўзьнікла падчас праверак у войску пасьля сьмерці ў Печах пад Барысавам шарагоўца Аляксандра Коржыча.

Абодва падсудныя сваёй віны не прызнаюць і адмовіліся даваць паказаньні ў судзе. Ялец ужо скончыў службу ў войску, Малышку засталося служыць каля месяца.

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча

На пярэднім пляне пацярпелыя салдаты. На дальнім справа — Максім Малышка
На пярэднім пляне пацярпелыя салдаты. На дальнім справа — Максім Малышка

«Калі нестатутныя адносіны былі, то адразу перапыняліся»

На чарговым судовым паседжаньні, 26 красавіка, у якасьці сьведкі дапыталі 25-гадовага камандзіра Барыса Зялёнку. Ён служыў у вайсковай частцы, дзе нібы адбылося парушэньне, з 2014 па 2018 год. Нядаўна яго перавялі ў іншую частку. Летась улетку ён меў званьне камандзіра гранатамётнага ўзводу. Малышка і Ялец былі ягонымі падначаленымі.

Зялёнка паказаў, што Малышка і Ялец звычайна добрасумленна выконвалі свае абавязкі.

«Ці вам вядома, што за час службы абвінавачаныя займаліся нестатутнымі адносінамі?» — спытаўся пракурор Артур Валентукевіч у старшага лейтэнанта Зялёнкі. — «Калі нешта такое было, то адразу перапынялася. Я бачыў, што салдаты летась адціскаліся на палігоне, але ці былі пры гэтым Ялец і Малышка, ня памятаю», — адказаў сьведка.

Па словах Зялёнкі, выпадак, за які судзяць вайскоўцаў, адбыўся мінулым летам на палігоне каля вёскі Гожы пад Горадняй, дзе праходзілі вучэньні. Ноччу вайскоўцы спалі ў вялікім намёце, які ацяпляўся буржуйкамі. За ацяпленьне адказваюць прызначаныя апальшчыкі.

«Каля 3 гадзіны раніцы я прачнуўся ад таго, што было холадна. Пачуў крыкі на вуліцы. Выйшаў і ўбачыў, што салдат вывелі на вуліцу і пашыхтавалі, бо пагасьлі печкі», — кажа камандзір.

Ён загадаў салдатам зьняць кашулі і агледзеў іх на цялесныя пашкоджаньні. Сьлядоў зьбіцьця не пабачыў. Таксама спраўдзіў, ці ня п’яныя Ялец і Малышка. Паху алькаголю не пачуў.

«У сувязі з чым вы аглядалі жаўнераў на наяўнасьць цялесных пашкоджаньняў?» — удакладніла судзьдзя Ганна Ляўсік. — «Каб зьняць усе пытаньні», – адказаў Зялёнка. — «А маглі быць нейкія пытаньні?» — «Я проста хацеў упэўніцца, што іх не павінна быць». — «Вы кожны раз так робіце, калі выходзіце ноччу з намёту?» — «Не заўсёды».

Суд высьвятляў, чаму ноччу паднялі ўвесь асабовы склад

Суд неаднаразова спрабаваў высьветліць, чаму ноччу паднялі ўвесь асабовы склад, а ня толькі тых, хто адказваў за ацяпленьне. Паводле Зялёнкі, каб даведацца, хто быў апальшчыкам менавіта ў гэты час і хто мусіў адказваць за цяпло.

«Ці можаце вы катэгарычна сьцьвярджаць, што нестатутных адносін не было?» — спытаўся пракурор Артур Валентукевіч у старшага лейтэнанта Зялёнкі. — «Я гэтага ня бачыў, але як я магу такое сьцьвярджаць?»

Па ягоных сьведчаньнях, Ялец меў права пабудзіць апальшчыкаў, якія ня выканалі сваіх абавязкаў, бо інакш бы захварэлі ўсе салдаты, а ён абавязаны сачыць за іхным здароўем.

​На пытаньне судзьдзі да трох пацярпелых, чаму яны не паведамілі свайму камандзіру Барысу Зялёнку пра нестатутныя дачыненьні, тыя адказалі, што не палічылі патрэбным.

Адвакатка папрасіла далучыць да справы мэдычную даведку Максіма Малышкі, які цягам мінулага году лекаваўся ў шпіталі ў нэўралягічным аддзяленьні. Выпісаўся ён з дыягназам «здаровы».

У судзе абвясьцілі перапынак, каб падрыхтавацца да спрэчак, якія заплянаваныя на 3 траўня.

Суд Горадзенскага раёну
Суд Горадзенскага раёну

«Нічога ў гэтым войску кепскага не адбываецца»

Перад паседжаньнем адвакатка папракала Малышку, што той камунікаваў з журналістамі напярэдадні, і папрасіла яго больш ніякіх камэнтароў не даваць.

Максім Малышка пасьля паседжаньня патлумачыў журналістам, што ён аказаўся абвінавачаным проста таму, што выйшаў пакурыць з намёту «ня ў той час, ня ў тым месцы». Таксама дадаў, што ён ніякіх камэнтароў журналістам напярэдадні не даваў і што тыя «маглі проста ўсё выдумаць».

Малышка выдаліў сваю старонку «ЎКантакце» 25 красавіка пасьля таго, як атрымаў паведамленьне ад карэспандэнта Свабоды з просьбай пракамэнтаваць справу.

Барыс Зялёнка пасьля паседжаньня сказаў, што ніхто нічога не разумее па гэтай справе. Па словах вайскоўцаў, усіх, хто 3–4 гады таму служыў у Печах, выклікаюць на размовы да кіраўніцтва, пытаюцца, ці была дзедаўшчына. Калі жаўнер кажа, што была, адразу заводзяць крымінальную справу.

«Нічога ў гэтым войску кепскага не адбываецца. Проста цяпер усё раздзьмулі», — сказаў Зялёнка.

Пракурор і пацярпелыя адмовіліся ад камэнтароў.

Не маўчаць, зьвяртацца ў СМІ, часта тэлефанаваць. Што рабіць бацькам, калі сын пайшоў у войска

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG