Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сын Дональда Трампа вёў перапіску з Wikileaks, адказаў прынамсі тройчы


Дональд Трамп-малодшы, архіўнае фота
Дональд Трамп-малодшы, архіўнае фота

За паўтара месяца да амэрыканскіх прэзыдэнцкіх выбараў 2016 году Twitter-акаўнт Wikileaks ўступіў ў сакрэтную перапіску з Дональдам Трампам-малодшым — сынам тагачаснага кандытата ў прэзыдэнты і цяперашняга прэзыдэнта ЗША.

Wikileaks спрабаваў сярод іншага даваць парады кандыдату, а затым і прэзыдэнту Трампу; папярэджваў пра новы «антытрампаўскі» сайт і перадаў пароль для доступу за закрытых матэрыялаў; прасіў прыслаць адну з падатковых дэклярацыяў ягонага бацькі; прапаноўваў прызначыць стваральніка Wikileaks Джуліяна Асанджа амбасадарам у Аўстраліі, паведамляе часопіс The Atlantic.

Дональд Трамп-малодшы пацьвердзіў факт перапіскі і апублікаваў скрыншоты перапіскі, дзе бачныя адказы на тры паведамленьні.

На просьбу пракамэнтаваць зьяўленьне «антытрампаўскага» сайту putintrump.org (ад якога Трампу-малодшаму перадалі пароль) ён адказвае:

«Не для запісу: я ня ведаю, хто гэта, але распытаю. Дзякуй». На просьбу пракамэнтаваць заяву Гілары Клінтан пра стваральніка Wikileaks Джуліяна Асанджа ён адказвае, што ўжо камэнтаваў гэта, і перапытвае пра ранейшы анонс уцечкі (верагодна, адносна Дэмакратычнай партыі ЗША). На апошняе пытаньне Wikileaks не адказаў, але працягнуў пісаць Трампу-малодшаму на іншыя тэмы. Больш Трамп-малодшы, як ён сьцьвярджае, не адказваў на паведамленьні Wikileaks.

Уся гэтая перапіска, паводле The Atlantic, знаходзіцца ў распараджэньні камісіяў Кангрэсу ЗША, што вядуць расьсьледаваньне расейскага ўмяшальніцтва ў амэрыканскі выбарчы працэс. Адвакат Дональда Трампа-малодшага заявіў, што ён не адчувае ніякай трывогі з нагоды гэтай перапіскі і гатовы адказаць на любыя пытаньні пра яе.

Патэнцыйныя кантакты паміж перадвыбарным штабам Дональда Трампа і Wikileaks выклікаюць асаблівую ўвагу, паколькі амэрыканскія спэцслужбы лічаць, што Wikileaks распаўсюджвала інфармацыю, сабраную супрацоўнікамі расейскіх спэцслужбаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG