Дырэктар ЦРУ Майк Пампэа па-ранейшаму падтрымлівае і заўсёды падтрымліваў высновы выведвальнай супольнасьці, выкладзеныя ў студзені 2017 года ў дакладзе "Ацэнка расейскай актыўнасьці і намераў у нядаўніх выбарах у ЗША, гаворыцца ў заяве афіцыйнага прадстаўніка ведамства. Ацэнка спэцслужбаў у тым, што тычыцца расейскага ўмяшаньня, не зьмянілася.
Раней прэзыдэнт Дональд Трамп паведаміў, што ў размове з Уладзімерам Пуціным падчас саміту АТЭС у Данангу ён зноў закрануў тэму расейскага ўмяшальніцтва ў выбары.
"Ён сказаў, што ня ўмешваўся. Вы можаце пытацца пра гэта бясконца, сказаў прэзыдэнт ЗША журналістам на борце самалёта Air Force One. Але я зноў спытаў у яго, і ён абсалютна ня ўмешваўся ў нашы выбары. Ён не рабіў таго, у чым яны яго абвінавачваюць".
Прэзыдэнт Трамп ня стаў удакладняць, ці верыць ён Пуціну, але заўважыў, што лічыць словы расейскага лідэра пераканаўчымі.
У суботу з крытыкай на адрас прэзыдэнта ЗША выступіў высакапастаўлены дэмакрат ў камітэце па выведцы Кангрэсу ЗША Адам Шыф.
"Прэзыдэнту ня ўдасца нікога падмануць, -- гаворыцца ў афіцыйнай заяве кангрэсмэна. -- Ён разумее, што рускія ўмяшаліся, узломваючы, распаўсюджваючы паведамленьні электроннай пошты яго апанэнта падчас кампаніі зноў і зноў карыстаўся пладамі гэтага ўмяшаньня" -- паведамляе "Голас Амэрыкі".