Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пандэмія выбухае — „электорат бухает“: аблудныя сугуччы паміж мовамі


Міжмоўныя паронімы. Выбухаць vs побухать

Часам падобныя словы і карані ў беларускай і расейскай мовах азначаюць непадобнае ці нават адваротнае, як бел. блага і рас. „благо“. Бываюць міжмоўныя непаразуменьні: Эпідэмія выбухае паўсюль. — Петя бухает всюду.

Беларускае слова выбух паходзіць ад „бух!— хто б сумняваўся. Гукаперайманьне даўняе, праславянскае. Падобныя словы (вибух, wybuch…) маюць украінская, польская, чэская і славацкая мовы, а расейская — не.

Іван Насовіч у ХІХ стагодзьдзі запісаў народныя словы бýхаць, бýхнуць

1) ‘падаць’: Каторы раз дзіця бýхаець зь люлькі. Ня лазь, бýхнеш.
2) ‘выкідвацца імкліва’: Агонь бýхае ў вокны.

Адсюль першае значэньне словаў выбухáць і выбух — шуганьне вагню; эксплязіўны разрыў бомбы, міны (а ў зямлі застаецца вырва), напоўненай газам кухні.

Ёсьць і пераноснае значэньне. Выбух сьмеху ці гневу.Выбух паўстаньня. Тое, што па-расейску завецца „вспышка эпидемии“, па-беларуску акурат выбух эпідэміі (пошасьці) — напрыклад, у нейкай мясьціне. Зрэшты, скажам і ўсплёск.

У розных мовах прастамоўныя словы з значэньнямі ‘прагна, шмат есьці або піць’ утварыліся ад словаў фізычнага дзеяньня або гукаперайманьняў, як нашыя „умяць талерку“, „пытляваць кілбасу“, „насьцябацца гарэлкі“. Бýхаць ня толькі ‘стукаць, біць, ліць’, але і ‘есьці з шумам, хутка піць’. Адсюль беларускае прастамоўнае слова вы́бухаць ‘выліць; выпіць, зьесці чаго-небудзь многа’.

Беларусы піва бухтораць

Маем і больш калярытныя словы таго ж кораня. Падбухторыць ‘падгаварыць учыніць нешта’ ад бухторыць (-ор- узмацняльны суфікс) — ‘празьмерна ліць вадкасьць, піць’.

А пабухторыць азначае ‘павыпіваць’:

Усё піва пабухторылі, —

запісаў скрушную канстатацыю ад сустрэтых беларусаў Іван Насовіч ажно ў ХІХ стагодзьдзі (нічога ў гэтым сэнсе не мяняецца, як відаць).

У расейскай літаратурнай мове размоўнае слова „вы́бухнуть“ азначае ‘адным махам выліць, высыпаць’ (у слоўніку Ўшакова). Ёсьць „вы́бухать“ у пераносным значэньні ‘прагаварыцца’:Что было на душе, всё выбухал“ (Даль).

Але гэтыя словы там даўно ўжо рэдкія. Куды больш вядомыя выразы з сугучным, але іншым коранем ды часам інакшым націскам: „бухáть“ і роднасныя (прибухнуть, подбухнуть).

Яны з расейскай турмы (як і многія іншыя тамтэйшыя прастамоўныя выразы, напр. „по чесноку“). У „Словаре тюремно-лагерно-блатного жаргона“ Балдаева, Бялко і Ісупава цэлае гняздо аднакаранёвых: бухать, бухарить ‘піць алькаголь, п’янстваваць’; бухало ‘алькаголь’, бухлянка ‘бутэлька’, бухина ‘мяшанка розных алькаголяў’, бухой ‘п’яны’…

Імя Бухарына засталося ў вяках

Этымалёгія рас. бухáть цьмяная. З гукаперайманьнем бух! і дзеясловам бýхать яе наўрад ці варта зьвязваць.

Выводзяць слова з жарганізмаў: „буха́рка“ — кілішак, „буха́рик“ — шклянка, вырабленыя на колішнім заводзе імя Бухарына (Гусеўскім; завод перайменавалі, бо імядаўца стаў „ворагам народу“, г. зн. Сталіна). Зьвязваюць бухáть зь цюркізмам бусáть ‘піць віно ці гарэлку’ ў таемнай мове афеняў — вандроўных гандляроў. (Усё ж некаторыя мовазнаўцы супастаўляюць жаргонны прыметнік бухой з словам набухший).

Вибухнути vs побухать
Вибухнути vs побухать

Падобная міжмоўная паранімія ёсьць і паміж украінскай ды расейскай мовамі. Жартаўнікі даўно намалявалі аб’яву — матыватар вучыць украінскую мову з паралельнымі тэкстамі.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG