Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня блытайма: расейскае „пытать“ — зусім не беларускае „пытаць“ (што пацьвярджае і Іван Жахлівы)


МІжмоўныя паронімы: бел. пытаць vs рас. пытать

Часам падобныя словы ў беларускай і расейскай мовах азначаюць процілеглае (як „блага“ vs „благо“ ці „запамятаць“ vs „запамятовать“). Калі паблытаць, будзе праблема. Працягваем сэрыю „Па-беларуску зусім наадварот!“​

Слова пытаць (ці зваротную форму пытацца — у нас азначае тое самае) ведаюць усе славянскія мовы. І ў іх яно значыць тое самае, што і ў беларускай — ‘задаваць пытаньне’:

укр. пита́ти, баўг. пи́там, сэрбск. пи́тати, славен. pítati, чэск. ptát sе, польск. і верхнялуж. руtаć, ніжнялуж. руtаś; cлавацк. pýtať ‘прасіць’ і pýtať sa ‘пытаць, пытацца (пра нешта)’.

Паходзіць ад праславянскага *pytati з тым самы значэньнем. Корань праіндаэўрапейскі (параўн. лац. putare ‘думаць, меркаваць’).

Расейская мова тут самабытная

І толькі ў расейскай літаратурнай мове пытать зьвязана зь фізычным гвалтам над „пытаным“.

Але некалі слова і там было „мірным“, пра што сьведчаць аднакаранёвыя пытаться, испытать, попытать (счастья). А значэньне ‘катаваць’ для яго зьявілася ў расейскай мове ў XVI ст., як і слова пытка (яны ўжо як тэрміны ў „Соборном уложении“ 1649 г., гл.: П. Черных. „Историко-этимологический словарь современного русского языка“, 1999).

Ільля Рэпін. Іван Жахлівы і сын яго Іван. 16 лістапада 1581 году
Ільля Рэпін. Іван Жахлівы і сын яго Іван. 16 лістапада 1581 году

Трэба думаць, акурат за Івана Жахлівага судовы допыт у Маскоўскай дзяржаве ператварыўся ў жорсткае катаваньне, што і адбілася ў тамтэйшай мове і прывяло да сэмантычнага кантрасту з усімі астатнімі славянскімі.

А ў нас выбар: могуць пытаць, а могуць і катаваць

У беларускай мове ёсьць словы дапытваць і допыт, але ўсё зьвязанае зь фізычнымі зьдзекамі з дапытванага завецца словамі катаваць, катаваньні. А той, хто такое чыніць, завецца кат.

Цырульня „Кат“ каля будынку КДБ у Менску. 2018 г.
Цырульня „Кат“ каля будынку КДБ у Менску. 2018 г.

Будзьма пільныя пры двумоўнай камунікацыі. Калі вы пахваліцеся, што сёньня вы цэлую гадзіну пыталі намесьніка дырэктара па ідэалёгіі, госьці з усходу могуць ня толькі вас не зразумець, але і паведаміць пра вас куда надо.

Хто „пытает судьбу“, а хто „выпрабоўвае лёс“

Беларускае слова пытаць і расейскія пытать, пытка ёсьць у фразэалягізмах, але зусім з розным значэньнем.

Беларускія „язык Вільні дапытае“, „хто пытае, той не блукае“ адпавядаюць рас. „язык до Киева доведет“.

„За папытаньне не даюць ні ў каршэнь, ні сьняданьня“, „хто пытае, той многа знае“ = рас. „за спрос не бьют в нос“.

А расейскае „попытка не пытка“ = бел. „спроба не хвароба“.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG