Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вусік супроць Шуневіча: звольнены міліцыянт патрабуе з МУС 10 тысяч рублёў за маральную шкоду


Ігар Вусік
Ігар Вусік

27 чэрвеня ў Цэнтральным судзе Менску пачаўся разгляд пазову звольненага з крычаўскай міліцыі падпалкоўніка Ігара Вусіка да міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча. Цяпер ужо падпалкоўнік у запасе Ігар Вусік падаў пазоў з патрабаваньнем аднавіць яго на працы, адмяніць спагнаньне, выплаціць заробак, які ён страціў з прычыны вымушаных прагулаў, і кампэнсаваць маральную шкоду.

Акрамя міністра Шуневіча, сярод адказьнікаў — начальнік Крычаўскага РАУС Станіслаў Чупрын. Ён прысутнічаў на судовым разборы, а вось міністар Ігар Шуневіч у суд сам не зьявіўся, а накіраваў замест сябе двух прадстаўнікоў: намесьніка начальніка Магілёўскай управы міліцыі па кадрах і ідэалёгіі Руслана Цясьленку і намесьніка начальніка ўправы ўласнай бясьпекі МУС па Магілёўскай вобласьці Віталя Сазонава.

10 тысяч рублёў за маральную шкоду

У траўні Ігар Вусік быў звольнены з пасады начальніка аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі Крычаўскага РАУС, пасьля таго як падпісаў калектыўны ліст да Ігара Шуневіча з крытыкай парадкаў у Крычаўскім раённым аддзеле міліцыі. Таксама Ігар Вусік выступіў у недзяржаўных мэдыях і паведаміў, што Станіслаў Чупрын нібыта ўвёў у практыку адлічэньні з прэмій шараговых супрацоўнікаў на сваю карысьць. Ігар Вусік настойвае і на адмене строгай вымовы за тое, што выступіў у мэдыях без дазволу кіраўніцтва. Ён сьцьвярджае, што мусіў зьвярнуцца ў СМІ, бо раней яго не азнаёмілі з вынікамі службовай праверкі, што ёсьць парушэньнем інструкцыі.

Акрамя выплаты страчанага заробку, былы міліцыянт патрабуе 10 тысяч рублёў кампэнсацыі за маральную шкоду — за тое, што міністар Шуневіч публічна назваў яго «скаржнікам». «Зварот напісалі 11 чалавек, а чамусьці зь мяне аднаго ён зрабіў скаржніка», — абураўся ў судзе Ігар Вусік.

З характарыстыкі Вусіка: 8 спагнаньняў за 21 год

На пачатку працэсу суд зачытаў службовую характарыстыку Ігара Вусіка. Зь яе вынікае, што за час службы ў Бялыніцкім і Крычаўскім раённых аддзелах міліцыі, то бок за 21 год службы, на Вусіка 8 разоў накладалі службовыя спагнаньні. Пры гэтым у цэлым характарыстыка міліцыянта станоўчая.

На пачатку працэсу Ігар Вусік прапанаваў прадстаўнікам МУС міравое пагадненьне: ён гатовы адмовіцца ад пазову да Ігара Шуневіча, калі будзе зьмененая фармулёўка загаду аб ягоным звальненьні. Вусік згодны на звальненьне паводле пагадненьня бакоў або з той прычыны, што другі бок прызнае невыкананьне ўмоваў працоўнага кантракту. Але прадстаўнікі МУС адмовіліся ад міравога пагадненьня зь Ігарам Вусікам.

Тады Ігар Вусік зноў паўтарыў свае заявы пра тое, што намесьнік начальніка РАУС Ціханенка нібыта патрабаваў ад яго і ягоных падначаленых частку грошай з прэмій. Паводле Вусіка, гэта адбывалася ў 2015–2016 гадах. Грошы нібыта зьбіралі для начальніка Крычаўскага РАУС Станіслава Чупрына.

Прадстаўнікі органаў міліцыі ў судзе
Прадстаўнікі органаў міліцыі ў судзе

Прадстаўнікі МУС: Вусік парушыў загад аб кантактах з мэдыямі

Намесьнік начальніка Магілёўскай абласной управы міліцыі Руслан Цясьленка ня згодны з Вусікам у тым, што яго звольнілі з прычыны адкрытага ліста да міністра Шуневіча. Паводле міліцыянта Цясьленкі, у Вусіка было некалькі спагнаньняў. Зь іх вымова за парушэньне загаду аб кантактах супрацоўнікаў міліцыі з мэдыямі была апошняй, але не адзінай, сказаў Цясьленка.

Ён нагадаў пра вымову, накладзеную на Вусіка ў лістападзе 2016 году за службовыя недахопы. «Але замест таго, каб выправіцца, ён стаў на шлях канфлікту з начальнікам РАУС», — заявіў суду Цясьленка. Згадаў ён і вымову, якую Вусік атрымаў за тое, што адпусьціў са службы свайго падначаленага Дзюбанава, калі той быў нападпітку. Таму Руслан Цясьленка лічыць надуманымі аргумэнты, на якія спасылаецца Ігар Вусік, калі даказвае, што яго звольнілі незаконна. Што да начальніка Крычаўскага РАУС Станіслава Чупрына, якога крытыкаваў Вусік, то, паводле Руслана Цясьленкі, Чупрын карыстаецца сярод крычаўскіх міліцыянтаў вялікім аўтарытэтам, што, па ягоных словах, пацьвердзіла апытаньне.

Бакі паспрачаліся ў судзе

Ігар Вусік папрасіў Руслана Цясьленку патлумачыць, як ён мог дыскрэдытаваць начальніка крычаўскай міліцыі Чупрына, калі, як ён лічыць, паведаміў пра яго праўду.

«Спачатку мы зьвярталіся да кіраўніцтва абласной міліцыі адносна парушэньняў Чупрына, але нічога не зьмянілася. Таму мы і расказалі пра яго праўду ў мэдыях. Дык у чым дыскрэдытацыя?» — настойваў Ігар Вусік.

Прадстаўнік магілёўскай управы міліцыі Цясьленка спаслаўся на праверку, якая зьвестак Вусіка пра Чупрына, аказваецца, не пацьвердзіла.

«Канечне, таму я і зьвярнуўся да мэдый», — парыраваў Вусік.

Другі прадстаўнік МУС, Віталь Сазонаў з управы ўласнай бясьпекі, удакладніў, што па выніках службовай праверкі ліста Вусіка ды іншых падпісантаў да Шуневіча была абвешчана вымова начальніку Крычаўскай міліцыі Станіславу Чупрыну, але адначасова была абвешчана і строгая вымова Ігару Вусіку. «З вынікамі праверкі мы Вусіка азнаёмілі», — настойваў спадар Сазонаў. На яго думку, Ігар Вусік парушыў пункт кантракту № 7, якім забароненыя кантакты з мэдыямі без узгадненьня з кіраўніцтвам.

Ігар Вусік спытаў у Віталя Сазонава: чаму дагэтуль не была заведзеная крымінальная справа супроць намесьніка начальніка Крычаўскай раённай управы міліцыі Васіля Ціханенкі, які, як кажа Вусік, браў грошы з прэмій у крычаўскіх міліцыянтаў? Яшчэ ў лютым крычаўскія міліцыянты паведамілі пра гэтыя факты, але Ціханенка дагэтуль працуе на сваёй пасадзе, сказаў Ігар Вусік.

Віталь Сазонаў адказаў, што заявы адносна Ціханенкі спачатку правяраліся ўправай уласнай бясьпекі, а потым вынікі праверкі накіравалі ў Сьледчы камітэт. Але зацягваньня праверкі няма, мяркуе міліцыянт.

«Камэнтаваць ня буду. Вы мяне пачулі?»

Выказаўся ў судзе і начальнік Крычаўскага РАУС Станіслаў Чупрын. Паводле яго, Ігар Вусік працягвае выказваць у мэдыях асабістыя меркаваньні на ягоны адрас, зь якімі Чупрын ня згодны. «Усе факты, пра якія ён расказваў, яшчэ правяраюцца. Ім будзе дадзеная прававая ацэнка», — запэўніў суд Станіслаў Чупрын.

Што да заяваў Ігара Вусіка пра адабраныя прэміі — гэтую тэму Станіслаў Чупрын на судзе абышоў.

У перапынку Станіслаў Чупрын адмовіўся камэнтаваць карэспандэнту Свабоды абвінавачаньні Ігара Вусіка, што грошы з прэмій нібыта забіраліся для яго. «Нічога вам адказваць ня буду. Вы мяне пачулі?» — сказаў Станіслаў Чупрын.

Суд адмовіўся далучаць да матэрыялаў справы зьвесткі з інтэрнэту і службовыя дакумэнты, якія прадставіў Ігар Вусік. На яго думку, матэрыялы даказваюць перадузятае стаўленьне да яго з боку начальніка Крычаўскай міліцыі Станіслава Чупрына.

Канчатковае рашэньне будзе абвешчана ў судзе Цэнтральнага раёну Менску 28 чэрвеня ў 9:00.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG