Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкі рэжысэр беларускага паходжаньня экранізуе «Возера радасьці» Віктара Марціновіча


Віктар Марціновіч падчас менскай прэзэнтацыі «Возера радасьці»

Беларускі пісьменьнік Віктар Марціновіч анансаваў пачатак здымак кароткамэтражнага мастацкага фільму паводле ягонага раману «Возера радасьці» на наступным тыдні. Рэжысэр — беларус Аляксей Палуян, які стала жыве і працуе ў Нямеччыне.

Кароткамэтражка раскажа толькі частку гісторыі з «Возера радасьці» — тую, што пра дзяцінства галоўнай гераіні Ясі. Дзеяньне перанесенае ў «чароўную беларускую вёсачку». Сцэнар узгоднены зь пісьменьнікам і не даслоўна пераказвае раман.

«Я бачыў, што некалькі новых для раману эпізодаў у фільме ёсьць, і гэта мяне ўсьцешыла, — кажа Свабодзе Марціновіч. — Мне здаецца, што спэцыфіка кіно і тэатру палягае ў тым, што стоадсоткавых супадзеньняў [зь першакрыніцай] не бывае ніколі. Таму я супакойна да гэтага стаўлюся.

Цяпер шмат кажуць пра „нямецкую школу“, „новую нямецкую вобразнасьць“ — дык усе мае любімыя фільмы апошніх 10 гадоў зьнятыя ў Нямеччыне.
Віктар Марціновіч

Я праглядзеў Аляксеевы працы, што можна знайсьці ў вольным доступе, і ён сам дасылаў мне свае фільмы. Мне вельмі спадабалася, падалося нечым дасканалым. Цяпер шмат кажуць пра „нямецкую школу“, „новую нямецкую вобразнасьць“ — дык усе мае любімыя фільмы апошніх 10 гадоў зьнятыя ў Нямеччыне. Таму я спадзяюся, што Аляксееў талент у сукупнасьці зь нямецкай традыцыяй дасьць плён».

Марціновіч спадзяецца, што стужка будзе ня толькі фэстывальнай, але і трапіць у беларускі кінапракат:

«У мяне ёсьць мара, мы з Аляксеем гэтую мару папярэдне абмеркавалі. Я б хацеў дамовіцца аб пракаце гэтага фільму ў Беларусі пасьля фэстывальнага пракату. І шанцы для гэтага ёсьць. Я хацеў бы пабачыць яго ў менскіх кінатэатрах, паназіраць, як рэагуе публіка на яго. Але, безумоўна, Аляксей галоўны ў стужцы і мой голас тут не вырашальны».

Адну з роляў у фільме выканае сам Віктар Марціновіч, але якую — пакуль сакрэт. На здымачную пляцоўку яго запрасілі на 16 кастрычніка.

Cпэктакль «Кар’ера доктара Раўса» на сцэне РТБД
Cпэктакль «Кар’ера доктара Раўса» на сцэне РТБД

Тым часам п’еса Марціновіча «Кар’ера доктара Раўса» пра Францішака Скарыну цяпер пасьпяхова ідзе ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, на спэктакаль 13 кастрычніка квіткі ўжо не прадаюцца, на 19 кастрычніка ўжо раскуплена больш за палову месцаў.

Кнігі Марціновіча часта трапляюць у сьпісы самых прадаваных сярод беларускай літаратуры, перакладаюцца на замежныя мовы, але пісьменьніку, як ён кажа, «няма чым ганарыцца» ў беларускіх літаратурных узнагародах. «Возера радасьці» было ў лонг-лісьце беларускай «Кніга году», двойчы трапляла ў лонг-лісты расейкіх прэміяў. Марціновіч зьвязваў тое, што яго кнігі рэдка заўважаюць на радзіме, бо ён «па-за тусоўкай». Апошняя беларуская прэмія Марціновіча — «Дэбют» 2012 году за раман «Сьцюдзёны вырай». Таксама ў траўні Віктар Марціновіч атрымаў 1 месца ў катэгорыі «Аналітычныя жанры» прэміі «Вольнае слова» за публікацыю «Кароткі курс таталітарнай лінгвістыкі» ў нямецкай газэце Die Zeit.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG