Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Доктар Раўс і хлопчык у галіфэ


Cпэктакль «Кар’ера доктара Раўса». Фота: Алег Астапенка

Марыя Роўда

Нарэшце мне давялося паглядзець «гістарычна недакладную трагікамэдыю» «Кар’ера доктара Раўса» ў пастаноўцы Аляксандра Гарцуева паводле п’есы Віктара Марціновіча. Прызнаюся, я мела пэўную прадузятасьць, бо ў свой час вельмі любіла спэктакль «Vita brevis, альбо нагавіцы Сьвятога Георгія» (па п’есе Міраслава Шайбака і Максіма Клімковіча) і глядзела яго разоў пяць. Пасьля гэтай ранейшай пастаноўкі школьнікі па выхадзе з тэатру гулялі ў Скарыну, як у маім дзяцінстве — у Д’Артаньяна. Трэба сказаць, што новая пастаноўка на скарынаўскую тэматыку заваявала маё сэрца, але абодва спэктаклі настолькі розныя, што наўрад ці гэта можна назваць здрадай былому захапленьню.

«Кар’ера доктара Раўса» — гэта сур’ёзны твор, які заклікае да развагаў. У ім дастаткова сьмешных момантаў, але Скарына ў ім не герой-каханак, як у «Vita brevis…», а пакутнік-вандроўнік, які блукае па Эўропе праз час і розныя адценьні непаразуменьня. Пры гэтым, на мой погляд, Францыск Скарына паўстае перад намі ня столькі як выдавец-першадрукар на «рускай» (але недастаткова «рюскай») мове, колькі як аўтар.

Праз увесь спэктакль чырвонай стужкай праходзіць драма аўтара, які не пачуваецца прачытаным і пачутым. Скарына — чалавек, адпаведнае імя ідэнтычнасьці якога яшчэ не прыдуманае. Пры гэтым у спэктаклі ён паўстае чалавекам, які належыць сьвету, а ня нейкай адной краіне ці этнічнай групе. Скарына — творчая асоба, галоўны вораг якой нават ня рознага кшталту напаўпісьменныя начальнікі і людзі ў форме, а «файны хлопчык у галіфэ» (Максім Шышко, Марат Вайцяховіч), «прыстойны» абываталь, якому муляюць памкненьні, вандроўны лад жыцьця і сам факт існаваньня творцы. Ня ведаю, ці можна экстрапаляваць гэты вобраз на ўсё беларускае мастацтва альбо беларуса як такога, але мне ўяўляецца, што ў пэўнай ступені, мяркуючы па раманах і допісах, такое самаадчуваньне ўласьцівае і аўтару п’есы.

Спэктакль атрымаўся на злобу дня. Гэта даволі дзіўна, бо п’еса пісалася ня ўчора і, прынамсі, не мінулай восеньню-зімой. Можна сказаць, што падобны факт тлумачыцца тым, што Віктар Марціновіч валодае дарам прадбачаньня, але я па сваіх назіраньнях і аналізе Віктаравых тэкстаў раблю выснову, што аўтар мае добрае ўменьне прасочваць сыстэмныя заканамернасьці.

Пастаноўка вельмі ўдалая. Яна можа існаваць па-за межамі пэўнага часу, але адпавядае сучасным тэндэнцыям сусьветнага тэатральнага мастацтва. Такая сцэнаграфія (Андрэй Меранкоў, Тацьцяна Лісавенка — мастак па касьцюмах, Аляксандр Колас — мастак па сьвятле) і рэжысура цалкам могуць быць перанесеныя на любую сцэну даволі мінімалістычнага інтэлектуальнага тэатру.

Мова п’есы постмадэрнісцкая, а сам тэкст выбудаваны на моўных гульнях сучаснасьці. У нечым гэты ход нагадвае некаторыя ўрыўкі з «Догава Гамлета, Когутава Макбета» Тома Стопарда. У адрозьненьне ад Стопарда, героі якога размаўляюць мовай Шэксьпіра, Віктар Марціновіч укладае ў вусны пэрсанажаў сёньняшняе маўленьне. Аўтар п’есы гуляе з актуальным дыскурсам, пішучы на гістарычную тэматыку, і пры гэтым яму ўдаецца зрабіць твор пазбаўлены фальшу. Мяркуючы па рэакцыі публікі, «уварваньні» прыкметаў сучаснасьці, кшталту Мэнэджэра/Прарэктара па выхаваўчай працы (Андрэй Новік, Максім Брагінец), васьміхвіліннай прэзэнтацыі для атрыманьня грошай на праект ці павелічэньня пазнавальнасьці брэнду, успрымаюцца вельмі ўхвальна ўдзячным гледачом, які пазнае ў прыгодах Скарыны самога сябе.

Сцэны зь нямецкага пэрыяду — гэта, што называецца, «цьвіком па шкле», сур’ёзнае выпрабаваньне для знаўцаў нямецкай культуры: вельмі трапна і ад таго ня толькі камічна, але і страшна. Асабліва дарэчным мне падалося выкарыстаньне музычных фрагмэнтаў, некаторыя зь якіх абясцэненыя для саміх немцаў нацысцкім рэжымам. Асабіста мне на імгненьне падалося, што «файны хлопчык у галіфэ», які сымбалізуе нямецкі народ, што паўстае з каленяў, ператворыцца ў Гітлера. Манумэнтальныя постаці нямецкай культуры Мэланхтон (Канстанцін Воранаў) і Лютэр (Валянцін Салаўёў) выступаюць у вобразе ружовашчокіх зьдзяцінелых параноікаў, якіх апярэдзіў чалавек з Усходняй Эўропы, чые дасягненьні ацэненыя, па п’есе, толькі Біскупам Віленскім (Ільля Ясінскі, Мікалай Стонька) і, хутчэй у пераносным сэнсе, Абэратам Тэўтонскага ордэну (Ганна Анісенка, Анастасія Баброва). Гэта правакацыя на мяжы фолу.

Адзін з самых забаўных і сьмелых элемэнтаў п’есы, на мой погляд, — гэта адвакат-зомбі (Віктар Багушэвіч). Як гаворыцца, было б вельмі сьмешна, каб не было так сумна.

Маскоўскі эпізод, «польскія» прыгоды — no comment. Адчутае на сваёй скуры не адным беларусам. Прычым, калі затрыманьне ў Маскве, у суправаджэньні расейскай папсы і тыповай маскоўскай гаворкі Датышкіна (Сяргей Шымко), выклікае ў залі гістэрычны сьмех праз пазнавальнасьць, то павучаньні Начальніка (Андрэй Дабравольскі), як лепей звацца «рюскаму чалавеку», і «спаленьне» кніг у паперарэзцы сьцірае ўсьмешку. Зьбіцьцё, цкаваньне, суд у Польшчы гучаць у сёньняшніх рэаліях «нямодна», «палітычна некарэктна», але, але… Слова зь песьні ня выкінеш. У мяне склалася ўражаньне, што сцэны ў Польшчы, нягледзячы на цудоўную ігру актораў (а можа быць, дзякуючы ёй), выдатнае ўвасабленьне пэрсанажаў і чорны гумар — сярод самых змрочных і крытычных у спэктаклі.

Асабліва трэба адзначыць выкананьне ролі Доктара Раўса Дзьмітрыем Давідовічам і Арцёмам Курэнем. Акторам выдатна ўдалося перадаць імклівасьць, неўтаймаванасьць і крохкасьць творчага чалавека, які, па задуме аўтара, апярэджвае свой час. Пэрсанажу Дзьмітрыя Давідовіча і Арцёма Курэня немагчыма было не суперажываць. Калі ж актор чытаў урывак са скарынаўскай прадмовы («Як птушкі ведаюць гнёзды свае…»), мне хацелася слухаць яе стоячы, але я маладушна стрымалася, каб ня вывелі з залі пад белыя ручанькі.

«Скарынаўскі» спэктакль у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі атрымаўся моцны, правакацыйны, увасоблены выдатным акторскім складам. Дзякуючы рэжысэрскай працы і зладжанай акторскай ігры, ён не ўспрымаецца як задоўгі альбо цяжкі. Гэта збалянсаваны, сур’ёзны твор, не пазбаўлены гумару.

Пасьля спэктаклю я з усьмешкай заўважыла сама сабе, што мушу пагадзіцца з заявай Віктара Марціновіча пра тое, што ён усё ж — беларускі пісьменьнік.

Фатаграфіі са спэктаклю «Кар’ера доктара Раўса»: Алег Астапенка, сайт РТБД.

XS
SM
MD
LG