Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд прызнаў папярэджаньне АГП законным і абгрунтаваным


Два дні Абʼяднаная грамадзянская партыя абскарджвала пісьмовае папярэджаньне, вынесенае ёй Міністэрствам юстыцыі за заклікі да акцыі 25 сакавіка. Міністэрства юстыцыі палічыла, што калі сярод заяўнікаў акцыі на Дзень Волі былі сябры АГП, якія выступалі ў СМІ, а акцыю не дазволілі, то пакараць трэба партыю. Рашэньне па скарзе вынес судзьдзя Вярхоўнага суду Мікалай Бабкоў.

16 траўня адбылося першае паседжаньне, дзе заслухалі прадстаўнікоў абодвух бакоў, а таксама сьведак.

Галоўным аргумэнтам старшыні АГП Анатоля Лябедзькі было тое, што дэ-юрэ партыя не падавала заяўкі на правядзеньне Дня Волі ў Менгарвыканкам і не ўпаўнаважвала нікога зь сяброў партыі падаць заяўку і заклікаць да ўдзелу ў акцыі. Сябра АГП Ягор Віняцкі падаваў заяўку як фізычная асоба разам з прадстаўнікамі іншых партый і рухаў. У СМІ Ягор Віняцкі і Мікалай Казлоў выступалі ад сябе асабіста, а не ад імя партыі.

Прадстаўнік Міністэрства юстыцыі Аляксей Пячкураў сказаў, што «заканадаўствам Рэспублікі Беларусь вызначана забарона заклікаць на масавае мерапрыемства да атрыманьня афіцыйнага дазволу на яго правядзеньне», і назваў матэрыялы на сайтах naviny.bу, charter97.org, tut.by ды іншых, дзе Віняцкі быў пазначаны як актывіст АГП. Прадстаўнік міністэрства настойваў, што ў СМІ былі заклікі ад імя АГП браць удзел у акцыі на Дзень Волі, адзначыць сьвята разам.

17 траўня суд вывучаў пісьмовыя матэрыялы справы: артыкулы, разьмешчаныя на сайтах svaboda.org, upcb.org, naviny.bу, charter97.org, tut.by ды іншых. Таксама адбыліся спрэчкі бакоў.

Намесьніца старшыні АГП Антаніна Кавалёва пераконвала, што прадстаўнік Мінʼюсту ня меў падстаў заяўляць, што менавіта Абʼяднаная грамадзянская партыя была заяўнікам акцыі, а спасылкі на СМІ — ня доказ таго, што прадстаўнік партыі быў арганізатарам мерапрыемства.

«Сябра АГП падаваў заяўку на правядзеньне акцыі як фізычная асоба, АГП як юрыдычная асоба яго не ўпаўнаважвала», — сказала Кавалёва. Паводле яе слоў, калі папярэджаньне і павінна выносіцца, то не арганізацыі, а толькі фізычнай асобе, якая падавала заяўку на правядзеньне акцыі.

«У гэтым разборы галоўнае — не прававы бок, а якая інфармацыя падавалася і як яна падавалася», — сказаў у судовых спрэчках афіцыйны прадстаўнік Міністэрства юстыцыі Аляксей Пячкураў. І зноў успомніў «глябальную сетку інтэрнэт».

Выносячы рашэньне, судзьдзя Мікалай Бабкоў спаслаўся на артыкул 302 Грамадзянска-працэсуальнага кодэксу, якім забаронена заклікаць на масавыя мерапрыемствы, пакуль няма афіцыйнага дазволу на іх правядзеньне. А Мікалай Казлоў, будучы намесьнікам старшыні АГП, у электронных СМІ расказваў пра фармат і час акцыі. Аргумэнты АГП, што і адзін з заяўнікаў акцыі Ягор Віняцкі, і Мікалай Казлоў выступалі як фізычныя асобы, якіх партыя не ўпаўнаважвала, не былі прынятыя да ўвагі.

Рашэньне Вярхоўнага суду канчатковае і далейшаму абскарджваньню не падлягае.

18 траўня а 10 гадзіне Вярхоўны суд разгледзіць яшчэ адну падобную справу — скаргу Партыі БНФ на пісьмовае папярэджаньне Міністэрства юстыцыі за заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі. На наступным тыдні прызначана і абскарджваньне мінʼюстаўскага папярэджаньня рухам «За свабоду».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG