Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тут няма права, гэта палітычнае рашэньне», — АГП абскарджвае папярэджаньне Мінюсту за Дзень Волі


Анатоль Лябедзька падчас суду
Анатоль Лябедзька падчас суду

Вярхоўны Суд разглядае скаргу АГП на Міністэрства юстыцыі за папярэджаньне, вынесенае партыі за арганізацыю акцыю на Дзень Волі ў Менску.

16 траўня Вярхоўны Суд разглядаў скаргу Аб’яднанай грамадзянскай партыі на пісьмовае папярэджаньне Міністэрства юстыцыі, вынесенае 29 сакавіка за заклікі да акцыі 25 сакавіка (Дзень Волі) у Менску.

Былі заслуханыя прадстаўнікі абодвух бакоў, а таксама сьведкі. Рашэньне абвесьцяць 17 траўня.

Пазоўнік, старшыня АГП Анатоль Лябедзька, на пачатку пасяджэньня заявіў, што не давярае ні судзьдзі Мікалаю Бабкову, ні пракурору, ні сакратару суду. Аднак адвод не задаволілі.

Доказы з інтэрнэту

«Нявызначаны прадстаўнік партыі заяўляў аб закліках прыйсьці на несанкцыянаваную акцыю. Згодна з заканадаўствам, пісьмовае папярэджаньне можа быць вынесенае ў выніку дзеяньня, што парушае Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і Закон „Аб палітычных партыях“. Мерапрыемства не было дазволена, а сябры партыі Мікалай Казлоў і Ягор Віняцкі заклікалі прыйсьці на акцыю, чым парушылі закон», — кажа судзьдзя Бабкоў.

Лябедзька пытаецца:

«Адкуль зьвесткі пра заклікі прыйсьці на акцыю?»

«З глябальнай сеткі інтэрнэт», — адказвае прадстаўнік Міністэрства юстыцыі.

Прадстаўнік Мін’юсту Аляксей Пячкураў (зьлева) і сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі
Прадстаўнік Мін’юсту Аляксей Пячкураў (зьлева) і сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі

«Мінюст прадаставіў дакумэнты, што АГП падавала заяўку на мерапрыемства? Не. Заяўку падавалі фізычныя асобы. Сябра партыі Віняцкі падаваў заяўку як фізычная асоба, а не ад імя партыі. АГП дэ-юрэ не падавала заяўкі на правядзеньне Дня Волі ў Менгарвыканкам, не ўпаўнаважвала нікога зь сяброў партыі падаць заяўку. Калі чыноўнікі міністэрства гэта ня ведаюць, яны некампэтэнтныя.

Я разумею, што гэта палітычная замова, гэта рэакцыя на актыўныя дзеяньні АГП. Тут няма права, няма юрыспрудэнцыі», — заявіў Анатоль Лябедзька.

Судзьдзя пярэчыць, што абвінавачваюць партыю менавіта ў закліках удзельнічаць у Дні Волі, і зачытвае з сайтаў Радыё Свабода, «Беларускага партызана» ды іншых СМІ выказваньні Ягора Віняцкага.

Анатоль Лябедзька пярэчыць:

«Пры чым тут АГП? Гэта напісала прэса. А дзе там заклік „Прыходзьце на акцыю“? Віняцкі выказвае расчараваньне папярэдняй акцыяй — „Маршам недармаедаў“, але не заклікае людзей браць удзел у Дні Волі».

«Мікалай Казлоў на сайце „Беларускага партызана“ пазначаны як сябра АГП», — кажа судзьдзя Мікалай Бабкоў.

Судзьдзя Мікалай Бабкоў
Судзьдзя Мікалай Бабкоў

Лябедзька адказвае, што ніякіх паўнамоцтваў дзейнічаць ад імя партыі ні Мікалаю Казлову, ні Ягору Віняцкаму палітычная рада партыі не давала. Да таго ж ніякіх заявак у Менгарвыканкам АГП не падавала і ня можа несьці адказнасьці за акцыю.

Намесьніца старшыні АГП Антаніна Кавалёва падтрымала ўсе довады Лябедзькі, яна таксама лічыць прэтэнзіі Мінюсту палітычна матываванымі:

«Партыя ня можа быць адказная за дзеяньні фізычных асобаў (нават сяброў партыі), а тым больш за публікацыі ў СМІ».

Прадстаўнік Міністэрства юстыцыі Аляксей Пячкураў згадаў матэрыялы на сайтах naviny.bу, charter97.org, tut.by ды іншых, дзе Віняцкі быў пазначаны як актывіст АГП. Прадстаўнік міністэрства настойвае, што ў СМІ былі заклікі ад імя АГП браць удзел ў акцыі на Дзень Волі, адзначыць сьвята разам. Згадаў ён і заяўніка Мікалая Казлова, які пазыцыянуе сябе як сябра партыі.

«Заканадаўствам Рэспублікі Беларусь вызначана забарона заклікаць на масавае мерапрыемства да атрыманьня афіцыйнага дазволу на яго правядзеньне», — кажа спадар Пячкураў. Закон быў парушаны: арганізатары ня мелі права казаць пра месца і час збору на акцыю, якая яшчэ не дазволена. Гэта значыць, пісьмовае папярэджаньне партыі было вынесена законна, — рэзюмаваў прадстаўнік Мінюсту.

Міністэрства юстыцыі не знайшло дакумэнтаў ад імя партыі

На канкрэтныя пытаньні Лябедзькі, ці ёсьць дакумэнты, доказы, што Віняцкі і Казлоў заклікалі на акцыю ад імя партыі; ці ёсьць тэкст, дзе пазначана месца збору, час, маршрут; ці наведалі прадстаўнікі міністэрства офіс партыі, ці знаёміліся з дакумэнтамі, якія яна прымала, спадар Пячкураў ня змог адказаць.

Cуд заслухаў сьведку Мікалая Казлова, які папрасіў патлумачыць, да чаго ён заклікаў. Партыя яго не ўпаўнаважвала рабіць заявы ад ейнага імя. У аргкамітэце сабраліся аднадумцы, людзі з розных партый, беспартыйныя. Таксама спадар Казлоў заявіў, што ганарыцца сяброўствам у АГП, але браў удзел у пасяджэньні аргкамітэту ад сябе асабіста, а не ад імя партыі.

Ягор Віняцкі расказаў, што з групай грамадзянаў двойчы падаваў заяўкі ў Менгарвыканкам на правядзеньне акцыі 25 сакавіка. Адказу не было за 5 дзён ні на адну, ні на другую заяўку, і 24 сакавіка Віняцкі адклікаў свой подпіс. Паведаміў, што адказваў на тэлефанаваньне Радыё Свабода, дзе сказаў, што «яго расчаравала колькасьць людзей на „маршах недармаедаў“ і што ён спадзяецца, што Мікола Статкевіч выратуе Дзень Волі». Гэта яго асабістая думка. Ніякіх дакумэнтаў, што ён упаўнаважаны дзейнічаць ад імя АГП, Віняцкі не атрымліваў. Адказу на заяўкі за 5 дзён Менгарвыканкам ня даў, і ён адклікаў свой подпіс.

Пракурор і прадстаўнік Міністэрства юстыцыі папрасілі судзьдзю прадоўжыць разгляд справы і вынесьці рашэньне 17 траўня. Пачатак судовага пасяджэньня а 14.30.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG