Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4 сьмяротныя прысуды, 44 тысячы асуджаных — Вярхоўны суд даў справаздачу за 2016 год


Чатыры чалавекі былі асуджаныя ў Беларусі да сьмяротнага пакараньня ў 2016 годзе — больш, чым пазалетась. Усяго ў судовай вытворчасьці знаходзілася больш за 48 тысяч крымінальных спраў, асуджана па іх 44 700 чалавек.

Толькі 83 былі апраўданыя, а адносна яшчэ 563 чалавек прысуды гарадзкіх і раённых судоў адмененыя вышэйшымі судамі. Праз увядзеньне апэляцыйнай судовай вытворчасьці на 40% скарацілася колькасьць спраў, якія прызначалі для перагляду.

Гэтыя ды іншыя лічбы пра дзейнасьць беларускіх судоў у мінулы год сталі вядомыя на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі першага намесьніка старшыні Вярхоўнага суду Валера Калінковіча.

Спадар Калінковіч адказаў на пытаньні журналістаў.

«Можа, лепш не парушаць закон, каб не атрымліваць штрафы за ўдзел у несанкцыянаваных вулічных акцыях?» — гэтак адказаў Валер Калінковіч на пытаньне карэспандэнта Свабоды, чаму суды летась каралі актывістаў апазыцыі вялізнымі штрафамі, так што шмат у каго цяпер апісваюць маёмасьць. На заўвагу, што штрафы ў 30–50 базавых велічынь не адпавядаюць сярэднім заробкам беларусаў, першы намесьнік старшыні Вярхоўнага суду адказаў, што ня судзьдзі вызначылі межы штрафаў за адміністрацыйныя парушэньні, а заканадаўцы.

Можа, лепш не парушаць закон, каб не атрымліваць штрафы за ўдзел у несанкцыянаваных вулічных акцыях?

Пры гэтым Валер Калінковіч адмовіўся назваць памер заробкаў, якія атрымліваюць беларускія судзьдзі, спаслаўшыся на «прыватнасьць гэтай інфармацыі».

«Памер такі, што дазваляе ў тым ліку і спытаць з тых судзьдзяў, хто парушае нормы», — адказаў Валер Калінковіч і дадаў, што аднаго з судзьдзяў Менскага раённага суду летась звольнілі па «кампрамэтуючых акалічнасьцях».

Паводле зьвестак Вярхоўнага суду, у 2016 годзе было асуджана за распаўсюд наркотыкаў 3608 чалавек, што на 8,2% меней, чым у 2015 годзе. «Вялікія тэрміны прысудаў трэба захаваць для тых, хто распаўсюджвае наркотыкі, зробленыя прамысловым шляхам», — лічыць спадар Калінковіч.

На 17% больш было летась асуджана за карупцыю.

Яшчэ адна вартая ўвагі тэндэнцыя: тых, хто кіраваў аўтамабілямі ў стане алькагольнага ці наркатычнага апʼяненьня, было асуджана на 23% меней — 1287 чалавек.

Асобны камэнтар ад Валера Калінковіча атрымаў прысуд кіроўцу, які ў лістападзе 2016 году пакружыў на аўтамабілі каля Вечнага агню на сталічнай плошчы Перамогі. «Ён вырашыў, што можа праехаць па памяці людзей», — сказаў спадар Калінковіч пра прысуд у 3 гады зьняволеньня за гэтае хуліганства. На думку першага намесьніка старшыні Вярхоўнага суду, гісторыі з гучным грамадзкім рэзанансам, як гэтая, трэба асьвятляць у мэдыях «больш асьцярожна і адказна».

XS
SM
MD
LG