Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдат у Вярхоўны суд ЗША разышоўся з Трампам ў меркаваньнях


Кандыдат у судзьдзі Вярхоўнага суду ЗША Ніл Горсач

Кандыдат у судзьдзі Вярхоўнага суду ЗША Ніл Горсач раскрытыкаваў выказваньні прэзыдэнта Дональда Трампа пра амэрыканскую судовую супольнасьць — нягледзячы на тое, што менавіта Трамп усяго 8 дзён таму ўнёс кандыдатуру Горсача на разгляд у Сэнат.

Дональд Трамп апошнім часам у сваім твітэры і публічных выступах часта крытыкуе судзьдзю з Сіетлу, які прыпыніў дзеяньне прэзыдэнцкага ўказу аб часовай забароне ўезду ў ЗША грамадзян сямі краінаў. Прэзыдэнт, у прыватнасьці, назваў яго «так званым суддзём» і заявіў, што калі апэляцыйны суд не адновіць дзеяньне ўказу, адказнасьць за магчымыя будучыя тэракты ў краіне ляжа на судовую сыстэму, якая, па словах Трампа, «палітызаваная». Гэтыя заявы раскрытыкавалі ня толькі дэмакраты, але і шэраг рэспубліканцаў.

Паводле сэнатара-дэмакрата Рычарда Блюмэнталя, Горсач падчас сустрэчы зь ім 8 лютага сказаў, што такія заявы Трампа «расчароўваюць» і «дэмаралізуюць». Сам кандыдат у судзьдзі Вярхоўнага суду ня выступіў з публічнай заявай, аднак у ягоным атачэньні пацьвердзілі словы Блюмэнталя.

Для таго, каб стаць судзьдзём Вярхоўнага суду, Горсачу неабходна атрымаць ня менш за 60 галасоў у Сэнаце — гэта значыць, што яго павінны падтрымаць як мінімум 8 дэмакратаў. Многія аглядальнікі адзначаюць, што дыстанцыяваньне ад Трампа па шэрагу пытаньняў можа дапамагчы Горсачу атрымаць падтрымку некаторых памяркоўных дэмакратаў.

XS
SM
MD
LG