Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Неадпаведна духу саюзьніцкіх дачыненьняў»: Расея «глыбока расчараваная» рашэньнем Беларусі наконт блогера Лапшына


Блогера Аляксандра Лапшына экстрадавалі ў Баку. У аўторак ён быў дастаўлены ў сталіцу Азэрбайджану спэцыяльным рэйсам зь Менску

Міністэрства замежных спраў Расеі апублікавала камэнтар, які датычыцца рашэньня Беларусі аб выдачы блогера Аляксандра Лапшына Азэрбайджану.

«Расейскі бок выказвае глыбокае расчараваньне гэтым рашэньнем, неадпаведным духу саюзьніцкіх дачыненьняў паміж Расеяй і Беларусьсю, — піша МЗС Расеі. — Маем намер і надалей рабіць усе неабходныя захады ў абароне правоў і законных інтарэсаў расейскага грамадзяніна з мэтай яго хутчэйшага вяртаньня да сваёй сям’і».

Раней, празь месяц пасьля затрыманьня Лапшына, кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў абяцаў «прымаць усе меры, каб вырашыць гэтую сытуацыю», і нагадваў, што так званая беларуска-расейская «Саюзная дзяржава» патрабуе адзінай палітыкі ў галіне экстрадыцыі.

Лапшына экстрадавалі ў Баку 7 лютага пасьля таго, як Вярхоўны Суд Беларусі адхіліў ягоную скаргу на ранейшае рашэньне аб выдачы. Блогер з грамадзянствам Ізраілю і Расеі Аляксандар Лапшын быў затрыманы ў Менску 14 сьнежня 2016 году як асоба, абвешчаная ў міжнародны вышук. Менскі суд арыштаваў яго на 2 месяцы.

Блогер знаходзіцца ў «чорным сьпісе» азэрбайджанскага МЗС за наведваньне Нагорнага Карабаху, але, нягледзячы на гэта, прыяжджаў у Баку. Азэрбайджан абвясьціў яго ў міжнародны вышук за парушэньне закону аб дзяржаўнай мяжы і міграцыйнага заканадаўства. Паводле Генпракуратуры Азэрбайджану, у Баку Лапшына чакаюць абвінавачаньні ў шэрагу злачынстваў, у тым ліку ў закліках да гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу і ў парушэньні дзяржаўнай мяжы. Верагодна, у Азэрбайджане Лапшын трапіць у турму.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG