Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка блогера Лапшына пра ягоную дэпартацыю Беларусьсю ў Азэрбайджан: «Гэта дзікунства»


7 лютага Вярхоўны Суд Беларусі разгледзеў скаргу блогера Аляксандра Лапшына, які мае расейскае і ізраільскае грамадзянства, на рашэньне Менскага гарадзкога суду, які 26 студзеня прызнаў законным рашэньне намесьніка генпракурора аб выдачы Лапшына Азэрбайджану.

Вярхоўны Суд пакінуў скаргу Лапшына без задавальненьня. Яго маюць дэпартаваць у Азэрбайджан.

У судзе на абвяшчэньні рашэньня Вярхоўнага Суду Беларусі была жонка блогера Кацярына. Яна так пракамэнтавала рашэньне:

«З нашага боку ўсё было зроблена, цяпер будзем рабіць далейшыя намаганьні, каб вызваліць Аляксандра. Калі чалавек зьезьдзіў у краіну і пра гэта напісаў у сваім блогу, дык гэта дзікунства — перасьледаваць яго за гэта».

Паводле Кацярыны, ёсьць сувязь паміж сёньняшнім рашэньнем і тым, што сказаў пра Лапшына Аляксандар Лукашэнка 3 лютага падчас «Вялікай размовы»:

«Вы ж чулі, што там было, вось і вынік, а як жа ж», — сказала жонка блогера Кацярына. Пра яго здароўе і настрой яна расказала наступнае:

«Апошні раз, калі я яго бачыла ў Менскім гарадзкім судзе, выглядаў вельмі прыгнечана. Можна зразумець, як даводзіцца чалавеку, якога ўжо амаль два месяцы трымаюць за кратамі, — дрэнна».

Аляксандар Лапшын, архіўнае фота
Аляксандар Лапшын, архіўнае фота

Кацярына паведаміла, што на «Валадарцы» для Лапшына ў яе без праблем прымаюць прымаюць пасылкі.

«Прымаюць прадукты, цёплае адзеньне, бо цяпер у Менску холадна. А вось кнігі перадаваць забаронена. Ведаю, што яму з ізраільскай амбасады перадалі Тору. Лісты даходзяць, але апошнім часам не было».

Калі дакладна Аляксандра Лапшына экстрадуюць у Азэрбайджан, ягоная жонка ня ведае.

Блогер з грамадзянствам Ізраілю і Расеі Аляксандар Лапшын быў затрыманы ў Менску 14 сьнежня 2016 году як асоба, абвешчаная ў міжнародны вышук. Менскі суд арыштаваў яго на 2 месяцы. Блогер знаходзіцца ў «чорным сьпісе» азэрбайджанскага МЗС за наведваньне Нагорнага Карабаху, але, нягледзячы на гэта, прыяжджаў у Баку. Азэрбайджан абвясьціў яго ў міжнародны вышук за парушэньне закону аб дзяржаўнай мяжы і міграцыйнага заканадаўства. Паводле Генпракуратуры Азэрбайджану, у Баку Лапшына чакаюць абвінавачаньні ў шэрагу злачынстваў, у тым ліку ў закліках да гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу і ў парушэньні дзяржаўнай мяжы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG