Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля пагрозы пракуратуры: краўдфандынгавы сайт выдаліў праект праціўнікаў новага заводу ў Берасьці


© Shutterstock

Працягваецца змаганьне берасьцейцаў супраць будоўлі акумулятарнага заводу ў абласным цэнтры. Актывісты зьбіраюць подпісы, хадзілі да міністра.

Тым часам пракуратура Берасьцейскага раёну папярэдзіла актывістаў пра недапушчальнасьць удзелу ў акцыях, а краўдфандынгавая інтэрнэт-пляцоўка Ulej.by спыніла збор сродкаў на кампанію супраць заводу.

Актывісты сустрэліся зь міністрам

Больш за 20 тысяч подпісаў сабралі ў Берасьці супраць будоўлі акумулятарнага заводу. 30 студзеня прадстаўнікі грамадзкасьці хадзілі на прыём да міністра прыродных рэсурсаў і навакольнага асяродзьдзя Беларусі Андрэя Худыка. Актывісты выказалі міністру свае насьцярогі, зьвязаныя зь бясьпекай будаваньня заводу па вырабе акумулятараў каля Берасьця.

Як сказаў Свабодзе адзін з чальцоў ініцыятыўнай групы Дзям’ян Лепясевіч, у яго засталіся станоўчыя ўражаньні ад сустрэчы зь міністрам.

«Гэта першы чыноўнік, які згадзіўся спакойна выслухаць і выклаў сваё бачаньне гэтай праблемы. Паабяцаў ва ўсім разабрацца», — сказаў спадар Лепясевіч.

Іншы актывіст, які быў на прыёме, Аляксандар Кабанаў паведаміў, што, паводле ягоных уражаньняў, «будуць сур’ёзныя праверкі, прыпыненьне будаўніцтва малаверагодна, але магчыма».

Пад Берасьцем людзі выйшлі на сход супраць будоўлі акумулятарнага заводу

У Берасьці сабралі больш за 15 тысяч подпісаў супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу

Пратэставую кампанію выдалілі з краўдфандынгавай пляцоўкі

Улады таксама рэагуюць на актыўнасьць пратэстоўцаў. 26 студзеня на сайце Берасьцейскага райвыканкаму зьявілася папярэджаньне раённай пракуратуры, што «публічныя заклікі, у тым ліку і на інтэрнэт-форумах і ў сацыяльных сетках да ўдзелу ў сходах, на правядзеньне якіх не атрыманы дазвол, цягнуць за сабой адміністрацыйную адказнасьць у адпаведнасьці з заканадаўствам».

Пасьля гэтага, 30 студзеня, з краўдфандынгавай пляцоўкі ulej.by зьнікла старонка збору сродкаў на кампанію «Завод АКБ у Берасьці — што ня так з грамадзкімі слуханьнямі» (архіўная копія). Грамадзкія арганізацыі «За Вела-Берасьце» і «Час Зямлі» хацелі сабраць 500 рублёў, якія мелі намер патраціць на «ўдасканаленьне практыкі правядзеньня грамадзкіх слуханьняў».

Як сказаў Свабодзе кіраўнік арганізацыі «Час Зямлі» Рыгор Цярэнцьеў, сродкі зьбіраліся на юрыдычную і экалягічную падтрымку людзей, якія пратэстуюць супраць заводу. У праекце па зборы сродкаў не выключалася і «арганізацыя публічнай акцыі».

«Праект з Ulej па зборы сродкаў зьняты цалкам. Тут мы гэтую кампанію праводзіць ня будзем. Усе, хто ўжо ахвяраваў сродкі, атрымаюць іх назад. Магчыма, зробім на іншай пляцоўцы», — сказаў Рыгор Цярэнцьеў.

Прадстаўнікі краўдфандынгавай пляцоўкі Ulej.by параілі карэспандэнту Свабоды зьвярнуцца да тлумачэньня сытуацыі, выкладзенай на іхнай афіцыйнай старонцы ў «Фэйсбуку».

У прыватнасьці, там пацьвярджаецца, што закрыцьцё праекту зьвязанае з апублікаванай раней заявай пракуратуры аб недапушчальнасьці заклікаў да сходаў.

«30 студзеня 2018 году з аўтарам кампаніі „Завод АКБ у Берасьці — што ня так з грамадзкім абмеркаваньнем“ Рыгорам Цярэнцьевым у нас у офісе прайшла сустрэча, прычынай якой стала тлумачэньне берасьцейскай пракуратуры. Мы абмеркавалі і вызначылі рызыкі для абодвух бакоў. У ходзе сустрэчы было прынятае двухбаковае рашэньне аб закрыцьці праекту», — паведаміла адміністрацыя Ulej.by.

Будаваць акумулятарны завод пад Берасьцем пачала ў канцы 2017 году кампанія «АйПаўэр» Віктара Лемяшэўскага. Падрадчыкам выступае Аньхойская зьнешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя (Кітай).

Завод будуецца каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназуе, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG