Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За прыпыненьне будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем падпісаліся 7,5 тысячы чалавек


На месцы будоўлі акумулятарнага заводу, архіўнае фота

Зварот у падтрымку прыпыненьня будаўніцтва заводу, правядзеньня незалежнай экалягічнай экспэртызы і паўторных грамадзкіх абмеркаваньняў будзе накіраваны ў Адміністрацыю прэзыдэнта, Палату прадстаўнікоў, Берасьцейскі аблвыканкам і абласны Савет дэпутатаў. Збор подпісаў, распачаты 6 студзеня, працягваецца.

Аляксандар Кабанаў
Аляксандар Кабанаў

«Людзі лічаць, што гэты завод пагражае навакольнаму асяродзьдзю і іх здароўю. Яны ня вераць чыноўнікам і заводзкаму кіраўніцтву, якія заяўляюць, што пагрозы ня будзе. 11 студзеня ў Берасьці прайшла прэс-канфэрэнцыя пра будаўніцтва акумулятарнага заводу з удзелам чыноўнікаў і кіраўнікоў прадпрыемства. Яны хацелі пераканаць людзей у бясьпечнасьці заводу. Але, мяркуючы па тым, як працягваюць актыўна падпісвацца пад зваротам, людзі ім не паверылі», — кажа адзін з ініцыятараў збору подпісаў, бярозаўскі актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі, блогер youtube-проекта «Народны рэпартэр» Аляксандар Кабанаў.

Кабанаў адзначыў, што пра ўзьвядзеньне акумулятарнага заводу за чатыры кілямэтры ад Берасьця людзі даведаліся са СМІ толькі ў канцы сьнежня 2017 году. Рашэньне пра будаўніцтва было прынята даўно, але грамадзкае абмеркаваньне фактычна не праводзілася. Абвестку пра пачатак будаўніцтва апублікавалі ў сьнежні 2016 году ў берасьцейскай раённай газэце «Зара над Бугам», якую мала хто чытае, паведамляе БелаПАН.

Будаваць завод пачалі на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне (СЭЗ) «Брэст». Будуе завод ТАА «АйПаўэр» — рэзыдэнт СЭЗ. Падрадчык будаўніцтва — кітайскае ТАА «Аньхойская зьнешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя». На заводзе будзе наладжаны поўны цыкль вытворчасьці сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Людзі пытаюцца ва ўладаў пра шкоду акумулятарнага заводу пад Берасьцем. ВІДЭА

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG