Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці сабралі больш за 15 тысяч подпісаў супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу


Ілюстрацыйнае фота. Марш недармаедаў у Берасьці 5 сакавіка 2017 году.

21 студзеня ў некалькіх раёнах Берасьця мясцовыя актывісты зьбіралі подпісы супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў свабоднай эканамічнай зоне непадалёк ад гораду.

Паводле агенцтва БелаПАН, подпісы пад зваротам да ўладаў зьбіралі ня толькі ўдзельнікі стацыянарных пікетаў, але і дзясяткі людзей па ўсім горадзе і ў прыгарадах. Сабрана больш за 15 тысяч подпісаў.

Галоўнае, што турбуе жыхароў Берасьця, — ацэнка ўзьдзеяньня новага прадпрыемства на навакольнае асяродзьдзе.

Праведзеная да пачатку будаўніцтва экспэртыза паказала, што

«нэгатыўнае ўзьдзеяньне праектаванага аб’екту на атмасфэрнае паветра, паверхневыя і падземныя воды, нетры, глебу, жывёльны і расьлінны сьвет, а таксама на чалавека нязначнае», а «ўвод праектаваных аб’ектаў у эксплёатацыю не прывядзе да парушэньня прыродна-антрапагеннай раўнавагі».

Улады і забудоўшчык запэўніваюць, што завод не нясе асаблівай небясьпекі, але мясцовыя жыхары да вынікаў экспэртызы і слоў чыноўнікаў ставяцца скептычна.

Паўторная экспэртыза праекту не праводзілася, хоць абаронцы прыроды зьвярнулі ўвагу на неабходнасьць унесьці ў яго зьмены, а грамадзкія абмеркаваньні прайшлі не належным чынам.

Сход мясцовых жыхароў з удзелам чыноўнікаў і бізнэсмэнаў, які адбыўся на мінулым тыдні, таксама не ліквідаваў напружанасьць, людзі па-ранейшаму патрабуюць спыніць будоўлю і перанесьці яе ў іншае месца. Яны выказалі гатоўнасьць зьвярнуцца ў суд, калі ўлады ня пойдуць на саступкі.

Кампанія «АйПаўэр» Віктара Лемяшэўскага пачала будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем ў канцы 2017 году. Падрадчыкам выступае Аньхойская зьнешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя (Кітай).

Будаўніцтва вядзецца на пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне «Берасьце». Завод плянуюць адкрыць у канцы 2018 году.

XS
SM
MD
LG