Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці Ўкраіна можа перашкодзіць цывільнай авіяцыі ў Расеі? Аналіз Свабоды

У аэрапорце «Шарамецьева» ў Маскве. Архіўнае фота
У аэрапорце «Шарамецьева» ў Маскве. Архіўнае фота

Праз два дні пасьля таго, як прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі папярэдзіў цывільныя авіякампаніі аб небясьпецы выкарыстаньня расейскай паветранай прасторы, паступілі паведамленьні аб скасаваньнях многіх рэйсаў, закрыцьці аэрапортаў і іншых збоях паветранага руху.

Атакі ўкраінскіх дронаў на Расею ўжо выклікалі падобныя збоі раней, але намёк Кіева на падняцьце ставак выклікае пытаньне, наколькі цяжэй можа стаць Расеі. Яго аналізуе Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

«Мы зараз гаворым не пра часовае парушэньне паветранага руху, а пра яго цэладзённае блякаваньне. Іншымі словамі, стратэгія палягае ў тым, каб зрабіць гэтыя аэрапорты непрыдатнымі для выкарыстаньня», — сказаў Украінскай службе Радыё Свабода Валеры Раманенка з Музэю авіяцыі Ўкраіны.


«Такая апэрацыя магчымая; яна рэалістычная. Яна адцягне вялікую колькасьць расейскіх сродкаў СПА, у той час як з нашага боку будуць выкарыстоўвацца невялікія бесьпілётнікі», — дадаў ён.

«Абсалютна небясьпечна»

Прычынай заклапочанасьці стаў вечаровы відэазварот Зяленскага 1 верасьня.

«Сёньня мы хочам папярэдзіць кожную авіякампанію, якая выкарыстоўвае расейскую паветраную прастору, кожнага страхаўніка, усіх, хто ўсё яшчэ выкарыстоўвае ключавыя расейскія аэрапорты: расейскае неба становіцца абсалютна небясьпечным», — сказаў ён.

Пасьля папярэджаньня Зяленскага Ўкраіна 2 верасьня афіцыйна паведаміла Міжнароднай арганізацыі цывільнай авіяцыі (ICAO), пра тое, што яна ахарактарызавала як узрост рызыкі для цывільнай авіяцыі ў расейскай паветранай прасторы.

Гэта пацьвердзілі падзеі 3 верасьня. Маскоўскі аэрапорт «Унукава» часова прыпыніў працу, а іншыя буйныя аэрапорты гораду, «Шарамецьева» і «Дамадзедава», таксама абвясьцілі абмежаваньні.

Мэр Масквы Сяргей Сабянін заявіў, што 548 украінскіх дронаў ляцелі ў бок Маскоўскай вобласьці у ноч з 2 на 3 верасьня.

У той жа дзень Міністэрства транспарту Расеі заявіла, што падало замежным авіякампаніям тлумачэньні захадаў бясьпекі ў расейскіх аэрапортах і ў расейскай паветранай прасторы на запыты перавозьнікаў.

Расейскі міністар транспарту Андрэй Нікіцін заявіў, што Расея працуе зь Міністэрствам абароны і Нацыянальнай гвардыяй, каб мінімізаваць наступствы сытуацыі.

«Я лічу, што мы не дазволім істотных парушэньняў у цывільнай авіяцыі», — сказаў ён.

3 верасьня а 17:11 маскоўскага часу служба сачэньня палётаў Flightradar24 паказвала вельмі абмежаваны паветраны рух у трох буйных цывільных аэрапортах Масквы.
3 верасьня а 17:11 маскоўскага часу служба сачэньня палётаў Flightradar24 паказвала вельмі абмежаваны паветраны рух у трох буйных цывільных аэрапортах Масквы.

Але зьвесткі Flightradar24 паказалі, што 3 верасьня чатыры расейскія аэрапорты ўвайшлі ў першую пяцёрку з найбольшымі збоямі руху ў сьвеце.

Новыя цэлі

Масавыя атакі ўкраінскіх бесьпілётнікаў і раней выклікалі збоі ў расейскіх аэрапортах, але гэта не працягвалася доўга. Раманенка выказаў здагадку, што большая адчувальнасьць наступстваў атак (без атак на цывільныя самалёты — гэта тое, што Зяленскі выразна выключыў і што можа быць ваенным злачынствам) можа пацягнуць за сабой дадатковыя меры.

«Цэлямі будуць расейская інфраструктура кіраваньня паветраным рухам: дыспэтчарскія вежы, аўтаматызаваныя сыстэмы пасадкі ў аэрапортах, абсталяваньне для глісадных траекторыяў і радарныя сыстэмы кіраваньня паветраным рухам. Гэта сыстэмы, якія запэўніваюць бясьпеку палётаў. Гэтыя сыстэмы будуць атакаваныя», — прагназуе ён.

Аляксандр Ланецкі, генеральны дырэктар Friendly Avia Support, літоўскага авіяброкера, заявіў «Настоящему времени», што закрыцьцё паветранай прасторы Масквы паўплывае на авіяцыю ўсёй Расеі.

«Калі б Маскоўскі авіяцыйны вузел быў паралізаваны на тыдзень, уся краіна б гэта абавязкова адчула. Пастаянная актыўнасьць дронаў у гэтым раёне прывяла б да абвяшчэньня забароненых для палётаў зонаў, і праца аэрапортаў, ды і ўсяго авіяцыйнага сэктару ў гэтым рэгіёне, была б паралізаваная», — сказаў ён.

Зьвесткі палётаў 3 верасьня сьведчылі аб парушэньнях раскладу рэйсаў. Гэта эканамічна балюча для краіны, якая ахоплівае 11 гадзінных паясоў, і пакавзае кошт расейскай вайны для звычайных пасажыраў.

Значная частка міжнародных перавозак Расеі, асабліва ў Эўропу, даўно спыненая з прычыны заходніх санкцыяў пасьля поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе. Але застаецца шмат рэйсаў у іншыя краіны, пры гэтым кірункі ў Турэччыну, Узбэкістан, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Кітай і Эгіпет складаюць 72 працэнты міжнароднага пасажырапатоку Расеі, паводле зьвестак Асацыяцыі турапэратараў Расеі (АТОР), парасонавай галіновай структуры.

«Прымаючы рашэньне аб палётах у Расею, гэтыя авіякампаніі будуць ацэньваць пагрозы, бо за страту самалёта ў расейскай паветранай прасторы будуць адказныя выключна Расея і адпаведная авіякампанія», — заявіў у інтэрвію Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода экспэрт у авіяцыі і абаронных тэхналёгіях Багдан Далінца.

У менскім аэрапорце 4 верасьня таксама пачаліся затрымкі рэйсаў на 2-3 гадзіны, а рэйсаў на Маскву прыйдзецца чакаць і даўжэй. З тэрыторыі Беларусі цывільнай авіяцыі цяпер можна вылецець толькі ў Расею ці праз Расею ў іншыя краіны.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG