Пасьля заяваў украінскага боку аб небясьпецы для расейскай паветранай прасторы пачаліся збоі руху і ў менскім аэрапорце.
Як вынікае з сайту авіякампаніі «Белавія», зафіксаваныя затрымкі рэйсаў, якія ляцяць з Расеі ці праз тэрыторыю Расеі.
Так, рэйс з Сочы, які меў прыляцець у 03:35, пакуль што затрыманы да 12:00. Затрымліваюцца таксама рэйсы з Баку, Кутаісі, Батумі, Анталіі, Масквы (Шарамецьева), Санкт-Пецярбургу. Шэраг рэйсаў праз Расею быў выкананы зь невялікай затрымкай, у тым ліку з Эгіпту, Дубаю.
Затрыманыя таксама рэйсы на вылет зь Менска ў «Шарамецьева», Санкт-Пецярбург і Кутаісі. Некаторыя рэйсы пазначаныя ў раскладзе як «заплянаваныя».
У нацыянальным аэрапорце «Менск» таксама паведамляюць, што рэйсы з Расеі адбываюцца з затрымкай, у тым ліку ня вылецеў рэйс з аэрапорту Сочы, які сёньня атакавалі ўкраінскія дроны. Менскі аэрапорт таксама пацьвярджае затрымку рэйсаў у Маскву і Грузію. Афіцыйнага камэнтару няма.
Што заявіў Зяленскі
1 верасьня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі папярэдзіў авіякампаніі, якія дагэтуль лятаюць над Расеяй, што рабіць гэта стане небясьпечна. Ён заявіў, што дронаў у расейскім небе будзе столькі, што бясьпечных варыянтаў для авіяпералётаў не застанецца.
Паводле Зяленскага, «бесьпілётнікі будуць зьяўляцца ў расейскім небе такім чынам, што давядзецца з гэтым лічыцца». Аднак Зяленскі падкрэсьліў, што Ўкраіна сама па сабе не нясе пагрозы для цывільнай авіяцыі.
Ён удакладніў, што рэжым «закрытага неба» ў першую чаргу закране Маскву, Санкт-Пецярбург і іншыя важныя кірункі.
Турэцкая авіякампанія Pegasus вярнула назад самалёты, якія ляцелі ў Маскву, і скасавала некалькі рэйсаў. Turkish Airlines таксама скасавала некалькі рэйсаў. Гэта адбылося пасьля заявы прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага аб тым, што расейскае неба становіцца «цалкам небясьпечным».
Першая рэакцыя Масквы
У адказ Уладзімір Пуцін назваў камэнтары Зяленскага «заяўкай на дзяржаўны тэрарызм».
Расейскія авіяцыйныя ўлады не дапусьцяць «істотных перапынкаў» у працы цывільнай авіяцыі, заяўляе Міністэрства транспарту Расеі. Тым часам, паводле The Moscow Times, у маскоўскіх аэрапортах пасьля заяваў Зяленскага ўжо затрымалі або скасавалі амаль 80 рэйсаў.
Форум