Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менск прыедзе ўзбэцкі мастак, якога ўлады «заблякавалі» ў краіне


Вячаслаў Ахунаў

У рамках міжнароднай плятформы «Артпраспэкт» 17 жніўня Беларусь наведае ўзбэцкі і кіргіскі мастак Вячаслаў Ахунаў. Сустрэча-размова з госьцем адбудзецца ў менскай галерэі «Ў».

Вячаслаў Ахунаў нарадзіўся ў 1948 годзе ў кіргіскім Ошы, ад 1980-га жыве ў Ташкенце. Заснавальнік сучаснага мастацтва ва Ўзбэкістане (так атэстуе яго галерэя «Ў» у прэс-рэлізе пра сустрэчу), прадстаўнік незалежнай арт-сцэны, якая зьвязала паміж сабой дзьве эпохі нонканфармісцкага мастацтва — савецкую і постсавецкую.

Ад канца 1990-х ягоныя працы экспануюцца на найбуйнейшых міжнародных выставах — Вэнэцыянскім біенале, Сынгапурскім біенале сучаснага мастацтва, міжнародным біенале сучаснага мастацтва ў Стамбуле, у парыскім Цэнтры Пампіду і Цэнтры сучаснага мастацтва ў Мюнхэне, а таксама на статусных імпрэзах у Нью-Ёрку, Мадрыдзе, Карлсруэ і г. д.

Але пачынаючы ад 2011 году Ахунаў — невыязны з Узбэкістану. Рэжым тагачаснага прэзыдэнта Іслама Карымава пазбавіў мастака магчымасьці выяжджаць на Захад для ўдзелу ў выставах — з фармулёўкай «немэтазгодна».

Пра акалічнасьці такога рашэньня Свабодзе расказаў адзін з самых вядомых незалежных узбэцкіх журналістаў Саід Янышаў:

Незалежны журналіст Саід Янышаў
Незалежны журналіст Саід Янышаў

«Не сакрэт, што апазыцыі ва Ўзбэкістане няма. Усе апанэнты ці ў турмах, ці за мяжой. Галоўны апазыцыянэр, якога ўлада дагэтуль баіцца, — Мухамад Саліх, вядомы пісьменьнік, у свой час друкаваліся ягоныя кнігі. Да 1991 году ён жыў ва Ўзбэкістане, быў рэальным прэтэндэнтам на прэзыдэнцкую пасаду. Але пры дапамозе адміністрацыйнага рэсурсу, фальсыфікацый і падтасовак першым кіраўніком абралі Карымава, пасьля чаго пачаўся жорсткі ціск на Саліха. І ён мусіў зьехаць. Цяпер жыве ў Турэччыне, а ўлады па інэрцыі апасаюцца яго і праз 25 гадоў.

Дык вось мой прыяцель Вячаслаў Ахунаў — вельмі вядомы мастак, у тым ліку за мяжой — калісьці сябраваў з Саліхам. Быў на выставе ў Турэччыне, яны там сустрэліся, пасядзелі. Спэцслужбы гэта адсачылі, і ад таго часу Ахунаў — невыязны. У нас ёсьць такая норма: двухгадовая выязная віза, так званы „дазвольны стыкер“. Яму на працягу ўжо многіх гадоў стыкер не даюць. Па СНД выехаць можа, а ў далёкае замежжа, дзе патрабуецца ўнутраная віза, — не. Таму пэрсанальныя выставы адбываюцца безь яго. І гэта толькі за адну сустрэчу з Саліхам. Прычым яна ня мела нейкага палітычнага адценьня, проста пасядзелі старыя сябры за кубачкам гарбаты. Гэта якраз паказвае, наколькі ўлада баіцца апазыцыі, нават той, якая ў выгнаньні».

Сустрэча зь Вячаславам Ахунавым адбудзецца ў межах міжнароднай плятформы «Артпраспэкт» — праграмы мастацкіх рэзыдэнцый для мастакоў зь дзесяці постсавецкіх краінаў. Партнэр праекту — CEC ArtsLink.

XS
SM
MD
LG