Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка і Трамп пагутарылі пра абвастрэньне на Данбасе, Аўдзееўку і стратэгічнае партнэрства


Пятро Парашэнка, архіўнае фота

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка і прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падчас тэлефоннай размовы, што пачалася позна ўвечары ў суботу, абмеркавалі пытаньні абвастрэньня сытуацыі на Данбасе і «ўмацаваньне стратэгічнага партнэрства паміж Украінай і ЗША». Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны ў першыя гадзіны 5 лютага.

«Асаблівая ўвага была нададзеная ўрэгуляваньню сытуацыі на Данбасе і дасягненьню міру палітыка-дыпляматычным шляхам. Бакі выказалі глыбокую занепакоенасьць праз эскаляцыю напружанасьці і пагаршэньне гуманітарнай сытуацыі, перш за ўсё ў раёне Аўдзееўкі. Яны падкрэсьлілі надзённую неабходнасьць устанаўленьня рэжыму поўнага спыненьня агню», — гаворыцца ў паведамленьні.

Акрамя таго, адзначаецца, што падчас гутаркі размова ішла аб будучым візыце Пятра Парашэнкі ў Вашынгтон, для падрыхтоўкі якога ў ЗША паедзе міністар замежных справаў Украіны.

Паведамляецца таксама, што Парашэнка павіншаваў Трамп з абраньнем на пасаду прэзыдэнта і «выказаўся за актывізацыю дыялёгу на ўсіх узроўнях, з новай амэрыканскай адміністрацыяй».

«Прэзыдэнт Украіны падзякаваў кіраўніку Белага дома за цьвёрдую падтрымку сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны», – адзначылі ў прэс-службе Парашэнкі.

Камэнтароў пра размову Пятра Парашэнкі і Дональда Трампа з Белага дому пакуль няма. Ці абмяркоўвалі Парашэнка і Трамп пытаньне захаваньня санкцыяў з боку ЗША ў дачыненьні да Расеі празь яе агрэсію да Украіны, таксама невядома.

Раней асобныя заходнія СМІ, у прыватнасьці The Washington Post і Politico, са спасылкай на ўласныя крыніцы паведамілі, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп запэўніў лідэра партыі «Бацькаўшчына» Юлію Цімашэнку ў тым, што санкцыі супраць Расеі застануцца ў сіле, пакуль Украіна ня будзе ў бясьпецы. Такое абяцаньне, паводле зьвестак выданьня, амэрыканскі лідэр даў за кулісамі штогадовага Нацыянальнага малітоўнага сходу ў Вашынгтоне ў чацьвер. У той жа час у заходняй прэсе напісалі, што ў адміністрацыі Трампа пацьвердзілі сустрэчу з Цімашэнкай, але ні пра якія афіцыйныя гарантыі ёй не было сказана.

У выданьні Washington Post адзначылі, што прадстаўнікі дэлегацыі ад «Бацькаўшчыны», якія былі з Цімашэнкай у Вашынгтоне, пацьвердзілі словы Трампа аб захаваньні санкцыяў у дачыненьні да Расеі. У той жа час яны дадалі, што сама лідэрка «Бацькаўшчыны» ня будзе камэнтаваць сустрэчу з амэрыканскім лідэрам. У суботу Свабода спрабавала атрымаць камэнтар ад прэс-службы партыі «Бацькаўшчыны» адносна дакладнасьці адпаведных паведамленьняў, але пакуль гэтае пытаньне застаецца адкрытым.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG