Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 меркаваньняў — пагоршылася ці палепшылася сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі?


Затрыманьне наведнікаў канцэрту Minsk Edge Day 14 кастрычніка, ілюстрацыйнае фота
Затрыманьне наведнікаў канцэрту Minsk Edge Day 14 кастрычніка, ілюстрацыйнае фота

Карэспандэнт Свабоды апытаў удзельнікаў Беларускага праваабарончага форуму, які адбываецца ў Вільні.

Праваабаронца Алена Танкачова, якую выслалі зь Беларусі ў 2015 годзе:

Алена Танкачова, архіўнае фота
Алена Танкачова, архіўнае фота

«Я ня схільная фіксаваць, паляпшэньне ці пагаршэньне. Сытуацыя не мяняецца. Яна стагнацыйна знаходзіцца ў такім вось сталым стане. Я заўсёды казала, што мы ня можам крытычную сытуацыю, калі былі 54 палітвязьні, параўноўваць з той, якая ёсьць праз паўгода. Бо сам факт усплёскаў больш жорсткага парушэньня правоў чалавека сьведчыць толькі пра тое, што ўлады пачынаюць яшчэ больш прыбягаць да парушэньняў. Але ён ня сьведчыць, што сытуацыя палепшылася пасьля таго, як крызіс праходзіць. Яна стабільна дрэнная, і мэханізмаў для паляпшэньня сытуацыі як не было, так і няма».

Дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў:

Андрэй Ягораў, архіўнае фота
Андрэй Ягораў, архіўнае фота

«Сытуацыя не палепшылася. Ніякіх структурных зьменаў няма. Відавочна, што правы чалавека масава парушаюцца. Шэраг правоў вельмі цяжка, калі наагул магчыма, рэалізаваць. Гэта ня кажучы ўжо пра палітычныя правы. Але частку сацыяльна-эканамічных правоў немагчыма рэалізаваць у Беларусі».

Кіраўнік «Плятформы» Андрэй Бандарэнка:

Андрэй Бандарэнка, архіўнае фота
Андрэй Бандарэнка, архіўнае фота

«Сытуацыя не зьмянілася. Яна засталася стабільнай, якой была з 2010–2011 году. Нічога практычна не зьмянілася. Ёсьць нейкія фасадныя зьмены, якія дзяржава спрабуе прадставіць як паляпшэньне ў сфэры правоў чалавека. Але ў рэальнасьці ўсё засталося на тым жа самым узроўні. Прынамсі, з умовамі ў турмах і з правамі зьняволеных наагул ніякіх зьменаў».

Старшыня БХК Алег Гулак:

Алег Гулак, архіўнае фота
Алег Гулак, архіўнае фота

«Калі параўноўваць з 2013 годам, калі адбыўся мінулы форум, то, канечне, сытуацыя з правамі чалавека палепшылася. На жаль, палепшылася не настолькі, наколькі хацелася б і трэба было. Гэта іншае пытаньне. Але зараз, па вялікім рахунку, мы рэальна маглі б правесьці гэты форум у Менску. У 2013 годзе гэта было немагчыма. А цяпер у нас гэта атрымалася б. Проста плянавалі загадзя, таму ўжо не было магчымасьці пераносіць. Але з пункту гледжаньня магчымасьці атрымаць залю і прыехаць замежным гасьцям — гэта ўсё спрасьцілася. І ўсё ж такі пытаньне з палітзьняволенымі па-іншаму выглядае. І ў іншых сфэрах ёсьць пэўныя зрухі. Канечне, гэта далёка ад таго, што хацелася б і можна было зрабіць за гэты час. Але сытуацыя лепшая».

Прадстаўнік Freedom House Віціс Юрконіс:

Віціс Юрконіс, архіўнае фота
Віціс Юрконіс, архіўнае фота

«Нягледзячы на тое, што вялікага пагаршэньня не было адносна правоў чалавека, сытуацыя не мяняецца: яна як была, так і застаецца даволі дрэннай. Можна ўзгадаць разгон 25 сакавіка, але ня варта акцэнтаваць увагу толькі на адным эпізодзе. У прынцыпе, вялікіх зьменаў у пляне правоў чалавека не было, і сытуацыя застаецца стабільна дрэннай».

Праваабаронца «Вясны» Ўладзь Лабковіч:

Уладзь Лабковіч, архіўнае фота
Уладзь Лабковіч, архіўнае фота

«Ад мінулага форуму сытуацыя сыстэматычна не палепшылася. Кропкавых мяккіх практык, якія ўжывалі ўлады, не хапіла нават на год. І зноў мы вярнуліся да масавых затрыманьняў удзельнікаў мірных сходаў і перасьледу журналістаў. Улады Беларусі ўжо навучыліся жангляваць пытаньнямі правоў чалавека ў сваім дыялёгу з Эўропай. І робячы невялікія, нязначныя саступкі, яны пакідаюць рэпрэсіўную сыстэму ўціску правоў грамадзтва».

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG