Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяляцкі: сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі напружаная і драматычная


Выступае Алесь Бяляцкі

20 кастрычніка ў Вільні пачаў працу ІV Беларускі праваабарончы форум. У ім бяруць удзел 29 праваабарончых арганізацый зь Беларусі.

Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі ў сваім выступе на адкрыцьці форуму сказаў, што сытуацыя ў сфэры правоў ад часу правядзеньня мінулага форуму ў 2013 годзе не памянялася, яна застаецца такой жа напружанай і драматычнай. У мінулым форуме Алесь Бяляцкі ня змог узяць удзел, бо знаходзіўся за кратамі:

«І мы таксама знаходзімся ў пазыцыі вострага непрыняцьця агульнай грамадзка-палітычнай сытуацыі, сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Мы працягваем адстойваць правы. Формы рэпрэсій, магчыма, зьмяніліся, яны не такія вострыя, як у 2010-2011 гадах. Але высылка Алены Ткачовай — гэта вельмі сур’ёзна. Гэта фактычна тое самае зьняволеньне. Гэта забарона на магчымасьць працягваць ёй і яе арганізацыі праваабарончую працу. Улады шукаюць больш хітрыя спосабы нэўтралізацыі праваабаронцаў і наносяць жорсткія ўдары па нашых калегах».

Удзельнікі форуму
Удзельнікі форуму

Паводле Алеся Бяляцкага, здавалася б, у 2016 годзе пазыцыя беларускіх уладаў на паляпшэньне стасункаў з Эўразьвязам зьмякчыла сытуацыю ў Беларусі:

«Але тым ня менш агульная сытуацыя не была аптымістычнай», — сказаў Бяляцкі. Ён адзначыў, што ўлады працягваюць практыку нерэгістрацыі праваабарончых арганізацый і ініцыятываў, у тым ліку Праваабарончага цэнтру «Вясна».

«Мы хочам пачуць выразны сыгнал, што ўлады гатовыя да супрацоўніцтва зь беларускімі праваабаронцамі. Мы яго не пачулі. Ён быў адмоўны, і гэта быў дакладны сыгнал таго, што ўлады не зьбіраюцца пачынаць сур’ёзны дыялёг з грамадзянскай супольнасьцю ды праваабаронцамі і сур’ёзныя зьмены. І вясна 2017 году выразна пацьвердзіла, што мы вярнуліся ў звыклую сытуацыю масавых рэпрэсій і ў нас зьявіліся палітычна матываваныя справы. Больш за 30 чалавек знаходзяцца ў падвешаным стане. Справа патрыётаў падвешаная, і невядома, як яна будзе разьвівацца далей. Працягваецца справа супраць лідэраў незалежных прафсаюзаў Комліка і Фядыніча. І пастаянныя адміністрацыйныя справы, якія не сканчаюцца, ідуць цугам, паказваюць, што ціск на грамадзтва працягваецца».

Алесь Бяляцкі і Жана Літвіна
Алесь Бяляцкі і Жана Літвіна

Паводле Бяляцкага, татальны кантроль уладаў над грамадзкім жыцьцём застаецца.

«Улады размаўляюць з грамадзянскай супольнасьцю з пазыцыі сілы. Гэты ціск узмацняецца падчас вялікіх грамадзка-палітычных кампаній ці сацыяльных выбухаў», — сказаў Бяляцкі.

Таксама на сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі нэгатыўна адбіваюцца падзеі ў Расеі, лічыць праваабаронца.

«Такая няпэўная сытуацыя, калі мы знаходзімся на баку варонкі пагаршэньня сытуацыі з правамі чалавека, якое ідзе на ўсходзе, пэўных дыпляматычных рухаў з ЭЗ, будзе працягвацца пэўны час і прымушае нас быць пільнымі. Але тым ня менш цяпер ёсьць магчымасьці для нашай актыўнай працы, якія мы павінны выкарыстоўваць».

Паводле Бяляцкага, у найбліжэйшы час будуць два асноўныя кірункі дзейнасьці. Гэта дапамога ахвярам палітычных рэпрэсій і іхным сем’ям. А таксама правядзеньне адукацыйных мерапрыемстваў, што цяпер стала магчымым у Беларусі.

«Таму мы павінны выкарыстаць гэтую магчымасьць, каб людзі больш бачылі, чым займаюцца праваабаронцы. Нам трэба працаваць разам, праводзіць салідарныя кампаніі і сумесныя праекты. Поле вялікае, сейбітаў мала».

Удзельнікам форуму даслаў вітаньне спэцдакладчык ААН пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі Міклаш Харасьці. Ён выказаў падтрымку беларускім праваабаронцам і заклікаў «працягваць добрую справу і не адступаць перад неверагоднымі цяжкасьцямі, зь якімі вымушаны сутыкацца кожны дзень».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG