Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія праваабаронцы абмяркуюць у Вільні, як працаваць у бліжэйшыя гады


Вежа Гедыміна ў Вільні, ілюстрацыйнае фота

IV Беларускі праваабарончы форум пройдзе ў Вільні 19–21 кастрычніка.

Форум ладзяць Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый, «Беларускі Хэльсынскі камітэт», «Вясна», «Беларуская асацыяцыя журналістаў», «Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звоскава», «Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар», Камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць», «Цэнтар прававой трансфармацыі». У форуме возьмуць удзел таксама індывідуальныя праваабаронцы і экспэрты, прадстаўнікі замежных і міжнародных праваабарончых структураў.

На форуме разгледзяць пытаньні:

  • дзейнасьці офісаў прававой дапамогі праваабарончых арганізацый,
  • грамадзкіх праваабарончых кампаній,
  • права на інфармацыю ў Беларусі,
  • салідарнасьці падчас рэпрэсій,
  • новых выклікаў для правоў чалавека ў лічбавую эпоху,
  • адукацыі ў сфэры правоў чалавека,
  • гендэрнай ідэнтычнасьці,
  • папярэдняга досьведу выкарыстаньня крытэраў вызначэньня палітвязьняў,
  • савецкіх рэпрэсій як асновы сёньняшніх парушэньняў правоў чалавека,
  • праблемаў парушэньня правоў чалавека пры крымінальным перасьледзе за распаўсюд наркотыкаў.

Падчас форуму таксама заплянаваныя дыскусіі «Куды мы ідзем: варыянты разьвіцьця праваабарончага сэктару на бліжэйшыя 5-10 гадоў» і «Правы чалавека ў Беларусі ў міжнародным кантэксьце»; прэзэнтацыя кніг сэрыі «Беларуская турэмная літаратура» і турэмнага дзёньніка Зьмітра Дразда; будзе дзейнічаць майстэрня школы лічбавай бясьпекі «Дома правоў чалавека імя Звоскава».

Алесь Бяляцкі, архіўнае фота
Алесь Бяляцкі, архіўнае фота

Першы раз форум праходзіў у 2004 годзе пад Менскам, яшчэ два разы — у Вільні. Як кажа Свабодзе старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, зладзіць цяперашні форум у Беларусі і не спрабавалі, бо частка праваабаронцаў доўгі час была неўязной у Беларусь (не да канца зразумела, ці пусьцілі б цяпер), а таксама ў знак салідарнасьці з Аленай Танкачовай, якая не змагла б прысутнічаць на форуме ў Беларусі. Форум ладзяць у Вільні «ў больш спакойнай сытуацыі, без магчымых непрыемных сюрпрызаў».

Форум — «паказчык сьпеласьці» праваабарончага руху, мяркуе Бяляцкі, бо ў такім фармаце можна «гаварыць адным голасам» і абмяркоўваць найбольш вострыя праблемы. Беларускія праваабаронцы не заўсёды пагаджаюцца па ўсіх пытаньнях, у тым ліку па тым, каго лічыць палітвязьнямі. Але Бяляцкі адзначае, што якраз «найбольш актыўныя і аўтарытэтныя» праваабарончыя арганізацыі Беларусі даўно «выказваюцца адным голасам», а заявы па тых жа палітычных зьняволеных звычайна прымаюцца супольна некалькімі арганізацыямі.

«Тое, што ёсьць розныя думкі, гэта добра, але ў Беларусі як нідзе, мо як у ніводнай іншай краіне, праваабарончыя арганізацыі выступаюць адным голасам», — мяркуе Бяляцкі

Ён пагаджаецца, што варыянты разьвіцьця праваабарончага сэктару ў бліжэйшыя гады (тэма адной з дыскусіяў) так ці іначай залежаць ад умоваў, у якія праваабаронцаў паставяць улады. Але магчымыя падзеі можна спрагназаваць і пралічыць, падрыхтавацца да іх. Дый дзейнасьць праваабаронцаў залежыць больш ад агульнай сытуацыі ў краіне — ад праблемаў грамадзтва і парушэньня правоў грамадзянаў, кажа Бяляцкі.

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG