Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія пары спачатку жывуць разам, пасьля бяруцца шлюбам. 30 год таму было наадварот


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Цэнтар сацыялягічных і палітычных дасьледаваньняў БДУ пры падтрымцы нідэрляндзкіх навукоўцаў і каардынацыі Эўрапейскай эканамічнай камісіі ААН завяршыў маштабнае дасьледаваньне «Беларусь: структура сям’і, сямейныя стасункі, рэпрадуктыўныя паводзіны». Пра вынікі расказалі 14 траўня на канфэрэнцыі ў Менску, піша БелаПАН.

У апытаньні ўзялі ўдзел 10 тысяч чалавек ва ўзросьце ад 18 да 79 гадоў з 56 гарадоў і 40 сельсаветаў Беларусі.

Нараджэньне дзяцей усё больш адкладаюць

Асабліва відаць тое, як на пазьнейшы час адкладаюць нараджэньне дзяцей беларусы пакаленьня 1970–1989 гадоў нараджэньня. Навукоўцы вызначылі пяць тыповых «сямейных сцэнароў» для беларусаў:

  • 27% апытаных маюць дваіх дзяцей зь вялікай паўзай, каля чатырох гадоў між родамі, першае дзіця нараджаецца параўнальна рана, калі жанчыне да 25 гадоў, а мужчыну да 27.
  • 19% — маюць дваіх дзяцей, народжаных даволі рана і з малым перапынкам, першае дзіця ў тым жа ўзросьце мужчыны і жанчыны.
  • 19% — маюць толькі адно дзіця.
  • 16% — «адкладзенае» нараджэньне дваіх дзяцей, калі жанчыне ўжо за 25 гадоў, а мужчыну за 27.
  • 13% — тое, што называюць «сучаснай мадэльлю»: «адкладзенае» нараджэньне толькі аднаго дзіцяці.

Раней спачатку браліся шлюбам, пасьля зьяжджаліся

Да 1990 году 84,6% шлюбаў у Беларусі рэгістраваліся да таго, як пара пачынала жыць разам. Пасьля стала расьці колькасьць шлюбаў, узятых пасьля супольнага пражываньня — у 2017 годзе сытуацыя стала ўжо адваротнай, 73% шлюбаў рэгіструюцца пасьля супольнага пражываньня.

Жанчынам ужо ня так страшна разводзіцца

У малодшых пакаленьняў беларусаў вышэйшы паказьнік разводаў, а шанцы на стварэньне новай сям’і ўсё менш залежаць ад полу: «самотны лёс разьведзенай жанчыны для маладых пакаленьняў больш не характэрны і адыходзіць у мінулае». Да таго ж жанчыны цяпер часьцей становяцца ініцыятаркамі разводу, а мужчыны часьцей імкнуцца захаваць шлюб. Тым часам, паводле Белстату, на два шлюбы ў Беларусі прыпадае адзін развод.

Усё менш бяруцца шлюбам да 25 гадоў

У ранейшай прэзэнтацыі некаторых вынікаў дасьледаваньня прыводзілася такая статыстыка: да 25 гадоў шлюбам браліся 70% жанчын і 58–59% мужчын, народжаных у 1950–1969 гадах, 66% жанчын і 49% мужчын, народжаных у 1970-я і толькі 58% жанчын і 38% мужчын, народжаных у 1980-я.

З 2000 году стала ўдвая больш родаў праз кесарава сячэньне

За 2000 год у Беларусі апэрацыяй кесарава сячэньня завяршалася 166 тысяч родаў, у 2017-м — 301 тысяча, расказалі 14 траўня на паседжаньні Нацыянальнай рады па гендэрнай палітыцы пры Савеце міністраў. Цяпер праз кесарава праходзіць 30% родаў. Экспэрты адзначаюць, што гэта стварае праблемы (накшталт урастаньня плацэнты ў рубец) пры паўторнай цяжарнасьці — і ў выпадку паўторных родаў зноў даводзіцца рабіць такую апэрацыю.

На 1000 цяжарных 11,6 аборта

На той жа канфэрэнцыі расказалі, што летась у Беларусі зьнізілася колькасьць абортаў — да 11,6 на 1000 жанчын. Яшчэ ў 2013 годзе на 1000 жанчын прыпадала 13,3 аборта. Перадабортныя кансультацыі пераконваюць 14,3% цяжарных захаваць дзіця. За апошнія 17 гадоў колькасьць заўчасных родаў зьнізілася: з 48 на 1000 родаў у 2000 годзе да 39 у 2017-м. Колькасьць нармальных родаў за той жа час павялічылася з 250 да 416 на 1000 родаў.

Колькі сапраўды зарабляе беларус, у якім узросьце бярэцца шлюбам, колькі мае дзяцей і калі памрэ. 20 фактаў з дасьледаваньня Белстату 2017 году

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG