Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мы ўжо ня робім са шлюбу культу


Сьвятары і некаторыя дзяржаўныя дзеячы працягваюць гнуць лінію, што шлюб — гэта нешта сьвятое і абавязковае для «нармальнага жыцьця». Але іх словы слаба суадносяцца з тым, што адбываецца ў тым самым жыцьці.

Лукашэнка гадуе сваё пазашлюбнае дзіця і адначасова заяўляе, што «безумоўны прыярытэт нацыянальнай палітыкі Беларусі — гэта падтрымка сям’і, пабудаванай на традыцыйных каштоўнасьцях».

Паказальная сытуацыя са шлюбам Аляксандра Лукашэнкі: фармальна гэты шлюб нібыта існуе, але пры гэтым Лукашэнка гадуе сваё пазашлюбнае дзіця і адначасова заяўляе, што «безумоўны прыярытэт нацыянальнай палітыкі Беларусі — гэта падтрымка сям’і, пабудаванай на традыцыйных каштоўнасьцях». Гэткая кішэнная лібэралізацыя: сам раблю, як мне зручна, а іншыя хай робяць, як трэба.

Самотны бацька, які гадуе дзіця, што нарадзілася па-за шлюбам, пакуль ён фармальна быў (і ёсьць дагэтуль) у іншым шлюбе, і пры гэтым робіць заявы пра важнасьць традыцыйных сямейных каштоўнасьцяў — гэта ідэальная мэтафара таго, як у Беларусі функцыянуе інстытут шлюбу.

У 2017 годзе ў Беларусі правялі маштабнае дасьледаваньне «Беларусь: структура сям’і, сямейныя стасункі, нараджальнасьць у зьменлівых сацыяльна-эканамічных умовах». У розных гарадах і вёсках Беларусі былі апытаныя 10 тысяч чалавек. Папярэднія вынікі дасьледаваньня можна інтэрпрэтаваць па-рознаму, але адно відавочна: шлюб больш не зьяўляецца нашай «сьвяшчэннай каровай».

Разам з жаночай эмансыпацыяй прыйшло разуменьне, што афіцыйна зарэгістраваны шлюб — гэта, перш за ўсё, юрыдычная і эканамічная адзінка. Разам з сэксуальнай рэвалюцыяй набрала моцы ідэя, што сэксуальныя стасункі, сумеснае пражываньне і шлюб не абавязкова мусяць быць зьвязаныя паміж сабой.

І чым далей, тым больш гэтыя ідэі адлюстроўваюцца ў статыстыцы. Напрыклад, да 1990 году 86,4% пар спачатку афармляліся ў ЗАГСе, а ўжо потым пачыналі жыць разам, а цяпер у 73% выпадкаў людзі жывуць разам яшчэ да рэгістрацыі шлюбу.

Прычыны патрэбныя для актыўнага дзеяньня, а «не заключаць шлюб» такім не зьяўляецца.

Безумоўна, ня ўсе пары, якія жывуць разам без рэгістрацыі шлюбу, калісьці ўвогуле даходзяць да ЗАГСу. У найлепшых традыцыях жанру я мушу зараз пералічыць прычыны, чаму людзі не афармляюць сваіх стасункаў афіцыйна, але ж гэта тыповае перакідваньне «з хворай галавы на здаровую». Прычыны патрэбныя для актыўнага дзеяньня, а «не заключаць шлюб» такім не зьяўляецца. Варта казаць хутчэй пра тое, што людзі ня маюць дастатковых прычын рэгістраваць шлюб.

Вольга Цярэшчанка, прафэсарка катэдры сацыяльнай камунікацыі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту адзначае, што 51,7% пар, якія жылі нейкі час разам без рэгістрацыі шлюбу, у выніку распадаюцца. Але гэтыя лічбы больш-менш адпавядаюць статыстыцы разводаў у цэлым.

Паводле дадзеных Белстату, у 2017 годзе ў Беларусі было зарэгістравана 66215 шлюбаў і 32006 разводаў, так што размовы пра тое, нібыта «шлюбныя» пары больш устойлівыя за тыя, дзе людзі «проста жывуць разам» — гэта спроба выдаць жаданае за рэальнае.

Каб лічыць, што развод — гэта па змоўчаньні кепска, трэба быць адарваным ад рэальнасьці.

Больш за тое: дэманізацыя разводаў як такіх — гэта, па вялікім рахунку, аналягічная зьява. Каб лічыць, што развод — гэта па змоўчаньні кепска, трэба быць адарваным ад рэальнасьці і ўпарта рабіць выгляд, што шлюб мусіць рабіць чалавека шчасьлівым аўтаматычна, што у сем’ях людзі не зьмяняюць жыцьцёвых прыярытэтаў, ня здраджваюць, не ігнаруюць сваіх абавязкаў, не зьбягаюць ад праблем, а хатняга гвалту не існуе ўвогуле.

Шлюб дагэтуль застаецца важнай часткай жыцьця вялікай колькасьці дарослых людзей, але быць сьвятыняй у масавай сьвядомасьці ён дакладна перастаў. Цяпер гэта опцыя, якую у пэўны момант усё яшчэ абірае большасьць (71,4% жанчын ва ўзросьце 30-34 гадоў жывуць у афіцыйна зарэгістраваным шлюбе, але для ўзросту 45-49 гадоў гэтая лічба ўжо 51,6%). Калі форма арганізацыі жыцьця перастае задавальняць, яе часта зьмяняюць.

Вядома ж, застаюцца яшчэ сем’і, дзе пары насуперак сваім сапраўдным жаданьням працягваюць жыць разам «дзеля дзяцей» ці таму што «нікому не патрэбная разьвядзёнка з прычэпам». Але мне хочацца верыць, што з часам іх будзе станавіцца ўсё меней, бо калі ў доме няма любові і каханьня, дык навошта ўвогуле шлюб?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG