Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт пра вучня, які парэзаў настаўніцу: «Намер на забойства, адразу фармаваў алібі»


У Сьледчым камітэце Беларусі прайшла прэсавая канфэрэнцыя па справе аб нападзе школьніка на настаўніцу, у якой днямі Вярхоўны Суд паставіў кропку.

Вінаватасьць вучня менскай гімназіі № 74 Даната Скакуна ў спробе забойства настаўніцы Валянціны Губарэвіч была Вярхоўным судом пацьверджаная, прысуд у 8 гадоў выхаваўчай калёніі застаўся нязьменным і ўступіў у сілу.

Між тым, паводле шматлікіх допісаў у інтэрнэце, у часткі грамадзтва засталіся пытаньні да сьледзтва і суду, на якія раней не было адказаў з прычыны закрытасьці працэсу.

Карэспандэнт Свабоды змог задаць удзельнікам прэсавай канфэрэнцыі ў Сьледчым камітэце два пытаньні.

Брыфінг Сьледчага камітэту па справе аб нападзе школьніка Даната Скакуна на настаўніцу
Брыфінг Сьледчага камітэту па справе аб нападзе школьніка Даната Скакуна на настаўніцу

Якім чынам сьледзтва высьвятляла мэханізм нанясеньня ран пацярпелай з боку падазронага?

1. «Якім чынам сьледзтва высьвятляла мэханізм нанясеньня ран пацярпелай з боку падазронага? Ёсьць дадзеныя, што не праводзілі сьледчы экспэрымэнт, каб высьветліць, як былі нанесеныя гэтыя раны, хоць у падобных крымінальных справах такія экспэрымэнты абавязкова праводзяць. Дык чаму такога не было і чым кіраваліся?»

Яўген Архірэеў, намесьнік начальніка ўправы Сьледчага камітэту па Менску:

«Праводзіць сьледчы экспэрымэнт па крыміналістыцы паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэксу магчыма з мэтай аднаўленьня якіх-небудзь падзей. Пазыцыя Даната Скакуна падчас расьсьледаваньня была такой: ён паказаньняў не даваў. Таму сьледчы экспэрымэнт не праводзілі. А мэханізм нанясеньня траўмаў вызначалі паводле паказаньняў пацярпелай і праведзеных экспэртных дасьледаваньняў».

Алег Куль, намесьнік начальніка ўправы мэдычна-крыміналістычных экспэртыз Дзяржкамітэту судовых экспэртыз:

«Каб вызначыць, той ці ня той прыладай былі нанесеныя цялесныя пашкоджаньні, трэба, каб была гэтая прылада. Паколькі яе не знайшлі ды паколькі, на шчасьце, пацярпелая засталася жывая (а такі экспэрымэнт на жывым чалавеку праводзіць ніхто ня будзе), такіх дасьледаваньняў проста і не маглі правесьці. Але найперш таму, што адсутнічала меркаваная прылада нанясеньня траўмы. Сама пацярпелая казала, што гэта быў нож».

Мікалай Аўтуховіч, архіўнае фота
Мікалай Аўтуховіч, архіўнае фота

Свабода зьвярнулася да былога палітвязьня, цяпер кіраўніка праваабарончай арганізацыі «ТаймАкт» Мікалая Аўтуховіча, які шмат займаўся справай Даната Скакуна, і папрасіла пракамэнтаваць гэтыя адказы ўдзельнікаў прэсавай канфэрэнцыі ў Сьледчым камітэце:

Мікалай Аўтуховіч: «Няма розьніцы, адмовіўся падазроны даваць паказаньні ці пагадзіўся. Мэханізм нанясеньня ранаў мусяць вызначыць і безь яго: проста садзяць чалавека, ці выкарыстоўваюць манэкен, і спрабуюць вызначыць, якім чынам можна было нанесьці менавіта такія раны. Гэта абавязкова ў падобных справах. Ва ўсякім разе, абаронцы не знайшлі выпадкаў, каб такія экспэртызы не праводзіліся.

Тэхнічных праблемаў тут няма. Мы ў «ТаймАкце» такі манэкен знайшлі, праводзілі свой экспэрымэнт і выклалі відэа ў інтэрнэт. Каб вызначыць, як гэта рабілася і за які час. Гэта таксама вельмі важна.

Мы зыходзілі з таго, што мінімум 3 хвіліны 40 сэкундаў быў першы напад, і другі — 2 хвіліны 10 сэкундаў. То бок 5 хвілін 5 сэкундаў усяго цягнуўся напад — гэтак паводле словаў Губарэвіч. Але паміж нападамі, як яна казала, быў перапынак у 5 хвілін. То бок усяго гэта заняло больш за 10 хвілін часу. Але ніхто не разьбіраўся: чаму гэтак доўга?

І чаму ўся сьцяна ў кабінэце залітая крывёй? У судзе Губарэвіч патлумачыла пра кроў на сьцяне, што гэта яна праходзіла і ад спадніцы замазала сьцяну крывёй. Але там столькі крыві, што гэта немагчыма проста мазнуць, калі праходзіш уздоўж. На фота добра бачна, што там недзе 15 дарожак ад крыві, якая сьцякала па сьцяне — дык як трэба было да сьцяны столькі разоў прытуліцца, каб засталіся такія сьляды? А яна кажа — праходзіла ўздоўж і запляміла.

Мяркую, што вось гэтае месца, каля сьцяны, і было сапраўдным месцам злачынства, а не за сталом, дзе, як яна кажа, яе рэзаў Данат. На стале была маленькая кропелька крыві — а асноўныя сьляды на падлозе і сьцяне.

— А пра сьляды на шыі і твары што вы мяркуеце? На прэсавай канфэрэнцыі сказалі, што гэта былі неглыбокія парэзы, якія пакінулі трывалыя шнары, і таму гэтыя траўмы вызначылі як цяжкія. Але прыладу, якой яны былі нанесеныя, сьледзтва так і не знайшло. А што вы думаеце, чым можна нанесьці такія раны?

Аўтуховіч: «Спачатку вернемся да пытаньня пра сьледчы экспэрымэнт. Яны мусілі правесьці яго і дзеля таго, каб вызначыць гэтую прыладу, чым можна было нанесьці такія раны. Вось я, калі даведаўся пра характар парэзаў, выказаў наступнае меркаваньне. Калі рана доўгая, але не глыбокая, прычым з аднолькавай невялікай глыбінёй, дык гэта рана не ад удару ў адно месца. Гэта ня колючая прылада, а ці канцылярскі нож, ці лязо.

Менавіта такімі прыладамі вязьні ў турмах наносяць сабе раны. Калі ты ня хочаш сябе моцна парэзаць, дык прыстаў нож да шыі і проста правядзі, не націскаючы. Тады і атрымаецца такая рана, як у яе — з роўнымі краямі.

І гэта ня толькі маё меркаваньне. Знайшоўся незалежны экспэрт, які таксама сьцьвярджае, што гэта не нажом было зроблена. Але да яго не прыслухаліся.

Ці былі ў сьледзтва сумненьні адносна паказаньняў пацярпелай Губарэвіч?

2. Ці былі ў сьледзтва сумненьні адносна паказаньняў пацярпелай Губарэвіч? Прыкладам, ці сумняваліся сьледчыя ў тым, што сапраўды Данат Скакун другі раз прыходзіў у той кабінэт, каб зноў напасьці на настаўніцу, бо толькі на яе паказаньнях гэта грунтуецца? І яшчэ кажуць, што нібыта на стале не знайшлі сьлядоў яе крыві, хоць у яе былі парэзы на твары і шыі, ды яшчэ і нож Данат Скакун пакідаў на стале, як казала сама пацярпелая. Дык сумнявалася сьледзтва ў такіх яе паказаньнях ці не?

Яўген Архірэеў: Сумненьня ў шчырасьці, праўдзівасьці і паўнаце паказаньняў Губарэвіч у сьледзтва не было. Адносна знаходкі сьлядоў крыві на працоўным стале, падлозе, сьценах аўдыторыі адпаведныя дасьледаваньні праводзіліся. Я тут пра ўсе доказы не казаў, а толькі назваў найбольш важныя. Але сумненьня ў праўдзівасьці паказаньняў Губарэвіч у сьледзтва няма. Губарэвіч неаднаразова дапытвалі, у тым ліку з выкарыстаньнем сродкаў відэазапісу. Паўната і працягласьць зносін з Губарэвіч, у тым ліку, тлумачылася станам яе здароўя. Спачатку допыты былі меней працяглыя, далей мы высьвятлялі ўсе матывы, падрабязнасьці і нюансы.

Сяргей Кабаковіч, кіраўнік прэсавай службы Сьледчага камітэту.

«Кроў яе была паўсюль: на стале, на падлозе, на адзежы маладога чалавека, на клясным журнале. Сьледзтва аб’ектыўна і пэўна разабралася ў гэтай крымінальнай справе».

Камэнтар Мікалая Аўтуховіча:

«Што да ацэнкі паказаньняў Губарэвіч як нібыта пасьлядоўных і поўных. Мы разьбіраліся зь яе паказаньнямі і знайшлі, што ёсьць паказаньні, якія ня трапілі ў справу.

Яна давала паказаньні 24 траўня, 2 чэрвеня, але нядаўна адвакат знайшла яе паказаньні ад 31 траўня. Там яна ўвогуле ня кажа, што да яе настаўніца прыходзіла, што яна каву гатавала. Няшмат тады казала, але згадала, што ў Даната быў нож як фінка, якім можна і рэзаць, і калоць.

Але чаму гэтыя яе паказаньні былі схаваныя? Ці не таму, што паказаньні ўвесь час мяняюцца? 24-га казала адно, 31-га — другое, а 2 чэрвеня — ужо трэцяе. А ў судзе заявіла адразу, што раней была ў шоку і дрэнна памятала, і таму вось маё тлумачэньне, прашу зь яго зыходзіць. А як пачалі агучваць гэтае тлумачэньне, адразу зьявілася шмат пытаньняў, і яна разгубілася, ня ведала, што казаць, мяняла паказаньні па ходу, яе адвакат папраўляў.

Таму, мяркую, пасьлядоўнасьці ў яе паказаньнях няма. Плюс не сыходзіцца па часе тое, пра што яна кажа. Шмат пытаньняў да суду, чаму ён не разьбіраўся, але ёсьць і да сьледзтва».

21 верасьня на прэсавай канфэрэнцыі ў Сьледчым камітэце таксама прагучала інфармацыя пра паводзіны Даната Скакуна пасьля здарэньня.

Паводле намесьніка начальніка ўправы СК па Менску спадара Архірэева, школьнік адразу «фармаваў сабе алібі» — падчас абыходу зь сябрам будынка школы ён нібыта наўмысна зачапіў агароджу, каб пакінуць на ёй сьляды крыві з рукі, якую пашкодзіў падчас нападу на настаўніцу.

***

Таксама журналістам было заяўлена, што яўку з павіннай, якую Данат Скакун напісаў неўзабаве пасьля затрыманьня, ён напісаў добраахвотна. А чаму без адваката?

«У прысутнасьці адваката не было патрэбы, бо гэта ня сьледчае дзеяньне», — патлумачыў Яўген Архірэяў.

***

Працэс над Данатам Скакуном праходзіў за зачыненымі дзьвярыма. Сваёй віны школьнік не прызнаў і адмовіўся даваць паказаньні. У СК патлумачылі закрытасьць працэсу тым, што абвінавачаны быў непаўналетні.

Мікалай Аўтуховіч паведаміў, што разам з бацькамі асуджанага Даната Скакуна праваабарончая арганізацыя «ТаймАкт» рыхтуе прэсавую канфэрэнцыю па спрэчных пытаньнях справы. Час прэсавай канфэрэнцыі паведамяць пазьней.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG