Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны Суд пакінуў у сіле 8-гадовы прысуд школьніку Данату Скакуну


19 верасьня калегія ў крымінальных справах Вярхоўнага Суду Беларусі разгледзела апэляцыю па справе былога вучня сталічнай гімназіі № 74 Даната Скакуна, пакінушы бязь зьменаў ранейшы прысуд — 8 гадоў у выхаваўчай калёніі.

Скакун абвінавачваўся ў замаху на забойства настаўніцы з асаблівай жорсткасьцю (частка 1 артыкулу 14 і пунктамі 6, 10 часткі 2 артыкулу 139 Крымінальнага кодэксу). Прысуд пакінулі бязь зьменаў.

Пасьля суду бацькам упершыню дазволяць сустрэцца з сынам за кратамі.

7 красавіка Менскі гарадзкі суд прыгаварыў юнака да 8 гадоў пазбаўленьня волі з адбыцьцём пакараньня ў выхаваўчай калёніі. Менскі гарадзкі суд разглядаў справу Даната Скакуна ў закрытым рэжыме — на момант учыненьня злачынства яму не было 16 гадоў. Разгляд апэляцыі ў Вярхоўным Судзе таксама праходзіў у закрытым рэжыме, самога абвінавачанага ў судзе не было.

Прысутнічалі адвакаты абодвух бакоў і законны прадстаўнік абвінавачанага — бацька, а таксама пракурор. Старшынстваваў ў судзе Сяргей Гураў.

​У «Фэйсбуку» створаная старонка #Донат_невиновен #Данат_невiнаваты. Бацькі і вучні 74-й гімназіі, простыя грамадзяне заступіліся за Даната Скакуна. Пацярпелая настаўніца Валянціна Губарэвіч сёлета пайшла на пэнсію.

Першы намесьнік старшыні Вярхоўнага Суду Валер Калінковіч 31 ліпеня на прэсавай канфэрэнцыі выказаў такую думку:

«Што да дыскусіі, якая разгарнулася вакол гэтай справы, то яе нельга ацаніць інакш, як спробу аказаць сыстэмны і інтэнсіўны ціск на суд другой інстанцыі. Тое, што публікуецца, і зь якой танальнасьцю, сьведчыць пра пэўныя тэндэнцыі ў публікацыях. Часам прыёмы і падыходы ў асьвятленьні пэўных судовых справаў у інтэрнэце (якія робяцца ня толькі прафэсійнымі журналістамі, бо сёньня практычна кожны можа пісаць, што прыйдзе ў галаву) не дапамагаюць, а перашкаджаюць ажыцьцяўляць правасудзьдзе, бо выклікаюць нездаровую цікавасьць. Але пры гэтым, што б у інтэрнэце ні пісалі, калі справа трапіць у Вярхоўны Суд, яна будзе разгледжаная аб‘ектыўна і бесстаронна, не зважаючы на тую пену, якая ўзьбіваецца вакол», — падсумаваў намесьнік старшыні Вярхоўнага Суду.

XS
SM
MD
LG