Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шчасьце нарадзіцца ў Смалявічах


Горад Смалявічы нельга назваць турыстычным местам. Хоць людзі зь іншых гарадоў і краін тут частыя госьці. Дзякуючы чыгуначнай ветцы, якая зьвязвае Менск зь міжнародным аэрапортам. Той цягнік спачатку заяжджае на смалявіцкі вакзал, а ўжо пасьля чухае ў авіягавань. Акрамя вакзалу, міжвольныя госьці Смалявічаў бачаць звычайныя дамы ды агромністыя горы лесу-кругляка, што рыхтуецца да пагрузкі. Пэйзаж не выклікае жаданьня затрымацца ў гэтым горадзе на гадзінку-другую. Між тым — дарэмна. Паглядзець у Смалявічах ёсьць што. І пагутарыць ёсьць з кім.

Я ведаю мастака Хаіма Суціна. А ў Смалявічах, на могілках, я пачуў пра Бэрку Суціна. Роднага дзядзьку жывапісца. Расказала мне пра яго мясцовая краязнаўца Паліна Хлюпіна.

Паліна Хлюпіна
Паліна Хлюпіна

— Бэрка Суцін жыў у Смалявічах. А ягоная радня ў Сьмілавічах. У тым ліку і Хаім Суцін. У будучага мастака была вялікая, але небагатая сямʼя. Хаім прасіў грошы ў дзядзі на вучобу. Але дзядзя Бэр адмовіў. Маўляў, такой бздурай ён не займаецца. У яго быў адзін сын. Моўша Бэркавіч Суцін. Невядома, як склаўся ягоны лёс. Можа, ён трапіў у шэрагі тых людзей, якіх прывялі сюды ў 1941-м. Але лесазаводчык і купец Бэр Суцін пахаваны тут.

Бэрка Суцін ня даў грошай роднаму пляменьніку на навучаньне жывапісу. Што, зрэшты, не перашкодзіла Хаіму стаць знакамітасьцю і праславіць на ўвесь сьвет сваё, а заадно і дзядзіна, прозьвішча. Смалявіцкія габрэі, якіх нацысты расстралялі ў верасьні 41-га, пахаваныя на гарадзкіх могілках. Бэрка Суцін да тых падзей не дажыў. Але ягоная магіла — самы лепшы помнік ахвярам Галакосту. Уявіце трохмэтровую гранітную калёну з надпісамі на ідыш. І ўсю пакрытую сьлядамі ад куль. Драматызм гэтага помніка ў тым, што выбоіны ў граніце зробленыя ня скульптарам, а сапраўднымі кулямі. Стралялі і зь пісталетаў, і з буйнакалібэрных кулямётаў.

Помнік Бэрку Суціну
Помнік Бэрку Суціну

Насупраць могілак цягнецца шэрая сылікатная сьцяна з адміністратыўным будынкам. Абавязкова зайдзіце за будынак. Там вы пабачыце ўнікальную скульптуру, якая некалі ўпрыгожвала галоўную плошчу гораду. Бэтонная фігура вясёлага таўстуна развальваецца проста на вачах. Адна рука павісла на арматуры. Ад нагі адваліўся кавалак бэтону, і ржавая труба тырчыць, нібы костка. Усё гэтае калецтва ў спалучэньні з шырокай усьмешкай статуі робіць цяжкае ўражаньне. Нейкі помнік беларускай стабільнасьці. Спадар, які праходзіў побач, патлумачыў сэнс гэтага твору.

— Гэты помнік зьявіўся ў 2006 годзе, калі сьвяткавалі юбілей гораду Смалявічы. Гэта помнік смалявіцкаму смалакуру, які варыць смалу. Праўда, тут яшчэ была бочка і чарпак. Стаяў ён каля ўваходу ў раённы аддзел міліцыі. І народ даў яму мянушку «зэк варыць баланду». Таму з часам яго прыбралі з вуліцы.

— Ноччу гэты помнік, напэўна, ажывае.

— Ён стаяў некалькі гадоў. Але прыбралі. Палічылі, што гэта ня гонар Смалявічаў. Цяпер тут. На задворках пахавальнага бюро.

— Атрымаўся помнік далакопу.

Але на Смалявіччыне ёсьць сапраўды жалезны чалавек. Гэта 64-гадовы Міхаіл Вярбіцкі. Трохкротны чэмпіён сьвету па паўэрліфтынгу сярод вэтэранаў. Варта заехаць у пасёлак Акцябарскі, дзе гэты чалавек ужо не адзін год трэніруе дзяцей.

— Міхаіл Пятровіч, кажуць, што прафэсійны спорт — гэта сьмерць. Што ён не ўмацоўвае здароўе, а руйнуе.

— Я магу паспрачацца. Мне неўзабаве 66 гадоў. І я бʼю свае ж рэкорды, якія ўсталяваў у 62 гады. Пра што гэта кажа? У мяне дачка нарадзілася ў 59. Кажуць часам, што ў тых, хто жалеза цягае, не стаіць. Кажу — здымай штаны, праверым. Яшчэ ніводзін ня зьняў.

Міхаіл Вярбіцкі
Міхаіл Вярбіцкі

Міхаіл — мускулісты, як Рэмба, лысы і вельмі кінагенічны. Куды глядзіць «Беларусьфільм»? Якая фактура марнее бяз справы! Вярбіцкі можа сыграць хоць сярэднявечнага ката, хоць рыцара Вялікага Княства. Цяжкія латы былі б яму вельмі да твару. Назіраючы за Міхаілам, разумееш, што баяцца старасьці ня трэба. Але тое, як Міхаіл выконвае жым штангі вагой 300 кіляграм, напружваючы кожную жылу, — відовішча, якое хвалюе.

— Такія нагрузкі ня кожнаму дадзеныя. Я ўжо прызвычаіўся. Мне ўжо нельга кідаць. Пакуль усё атрымліваецца. Я шчасьлівы чалавек. Займаюся любімай справай, выхоўваю чэмпіёнаў. І яшчэ я прыйшоў да высновы, праз прызму маіх гадоў, што прыродная адоранасьць — вялікая справа. Генная спадчыннасьць. Я родам з Залесься Барысаўскага раёну. Там ёсьць могілкі. Я знайшоў магілу свайго прапрапрадзеда, які быў пахаваны ў 1840 годзе. Іншы мой продак будаваў Барысаўскі сабор. Насіў бярвеньне.

— Вы любіце дзяцей?

— Вельмі. Калі ты ня любіш дзяцей, нельга працаваць трэнэрам. Іх нельга ніколі прыніжаць. І я зь імі заўжды на роўных. Дзяцей трэба больш хваліць. Я на сваіх малых ніколі нават голас не падвышаю.

— Па апытаньнях, трыццаць працэнтаў беларусаў бʼюць дзяцей.

— Значыць, слабыя. Калі ты падняў руку, значыць, паказваеш сваю слабасьць.

А ў раённым Доме культуры рыхтавалася выстава мясцовай мастачкі Натальлі Камінскай. Я быў спачатку хацеў паспачуваць гэтай мілай жанчыне. Маўляў, цяжкая доля ў правінцыйнага мастака. Ні сталічных вэрнісажаў, ні кліентаў. Але дарэмна. Натальля — чалавек шчасьлівы. І без замоваў не сядзіць. Апошняя — вучні школы захацелі падараваць сваёй настаўніцы яе партрэт.

Натальля Камінская. Партрэт
Натальля Камінская. Партрэт

— Ведаеце, калі б мне нават не плацілі за маю працу, я б усё роўна працавала. Я зь дзецьмі адпачываю, а не працую.

— Да сёньняшніх дзяцей з боку бацькоў прэтэнзіі вядомыя. Дзеці не чытаюць, дзеці заселі ў свае гаджэты.

— Дзеці замучаныя гэтымі гаджэтамі. Яны ўжо самі іх ня хочуць. Я чую ад 12, ад 13-гадовых навучэнцаў нашай школы, што ім гэта ўжо надакучыла. Праходзіць гэты ажыятаж. Дзеці вернуцца да творчасьці.

Завітаў я і ў калідоры ўлады. Да начальніцы аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Веранікі Няхайчык. Жанчыны маладой і сымпатычнай. Каб задаць адно пытаньне. Мне даўно здаецца, што стаць беларусам, патрыётам Беларусі можна дзякуючы сямʼі, дзякуючы самавыхаваньню. Але ня дзякуючы дзяржаве. Спадарыня Няхайчык пераконвала мяне ў адваротным.

Вераніка Няхайчык
Вераніка Няхайчык

— Паглядзіце, якая ў школах піянэрыя! А Рэспубліканскі саюз моладзі! Колькі ў іх патрыятычных акцыяў! Як яны клапоцяцца пра вэтэранаў! Пра тыя ж помнікі Вялікай Айчынай вайны. Гэта ўсё выхоўваецца зь дзяцінства. А акцыя «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь»? Калі юнаму грамадзяніну ўручаюць пашпарт. Гэта ўсё вельмі ўрачыста. У залі Дома культуры. Тут жа павязваюцца піянэрам гальштукі. І гэта толькі малая частка таго, што праводзіцца. У патрыятычным выхаваньні.

Ну, калі ўжо ў піянэры прымаюць, то супраць такога козыра ў мяне аргумэнтаў няма. Памятаю адну бяседу за добрым сталом, дзе сабраліся вельмі розныя людзі. Тост узяўся гаварыць нейкі дзеяч з БРСМ. «Якая розьніца, — казаў ён. — „За Беларусь!“ ці „Жыве Беларусь!“ Выпʼем за тое, што нас абʼядноўвае. Гэта Беларусь!» Але ж, выглядае на тое, у нас розныя разуменьні гэтага слова. І бліжэй яны не становяцца.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG