Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гаспадыня Валодзькава. У Глыбоцкім раёне прадпрымальніца скупіла трэць вёскі пад аграсядзібы


Напэўна, Беларусь — найлепшая краіна для ныцікаў. І сонечных дзён у нас мала. І народ бедны, забіты. І палітычны рэжым жахлівы. Пра бізнэс-клімат я ўвогуле маўчу. Карацей, у ніводнай краіне няма столькі нагодаў, каб нічога не рабіць і з гора сьпівацца. Дзе яшчэ знойдзеш столькі апраўданьняў для сваёй ляноты і нешчасьлівага лёсу? І ці не таму кожны чалавек, які не здаецца, выглядае ў сёньняшняй Беларусі альбо героем, альбо варʼятам.

Пра гэта я думаў, калі ехаў павіншаваць з днём народзінаў Юлію Буку. Асобу, якая ня раз была гераіняй журналісцкіх нарысаў. Бо гадоў дзесяць назад у сваёй роднай вёсцы Валодзькава Юлія зрабіла першую ў Паазерʼі аграсядзібу. Вёска звычайная. Без архітэктурных помнікаў. Не на беразе. Да прыгожага возера Акунёва трэба з кілямэтар прагуляцца. Але справа Юліі Букі жыве. У чым тут сакрэт? Можа, у генах самой гаспадыні, унучкі абрабаванага бальшавікамі шляхціца? Ці ў апантанасьці ідэяй?

Юлія Бука
Юлія Бука

— Тады сьмяяліся зь мяне. Увогуле было складана, бо не было падтрымкі. Маўляў, хто сюды паедзе? Каму гэта трэба? Калі б хто падтрымаў, было б прасьцей. Але мае родныя казалі — нашто табе гэта патрэбна? Пакуль я іх слухала, у мяне нічога не атрымлівалася. Толькі калі перастала слухаць сваіх сёстраў і братоў, я стала жыць зусім па-іншаму. Пачала купляць хаты, бо бачыла, што едуць дачнікі, чужыя людзі. Са сваімі законамі. Я не магла перажыць, што нехта прыедзе на маю зямлю і будзе тут нейкую ролю граць. Таму я вырашыла, што лепей я куплю старыя хаты.

— І стану гаспадыняй вёскі. І колькі ў вас ужо хат?

— Восем ужо. А ўсяго ў вёсцы дваццаць шэсьць.

Я не зьдзіўлюся, калі Юлія аднойчы стане гаспадыняй усяго Валодзькава. Прынамсі, быць гаспадыняй Валодзькава цікавей, чым валадарыць у якім сылікатным аграгарадку. Бо ў старых вясковых хатах ёсьць магія. Мы заходзім у адну зь Юліных хат.

— Звычайна на нашых аграсядзібах я трапляю ўсё ж у свой час. Мэбля нашага часу, хай і стылізаваная пад даўніну. Тое самае і ручнікі. А тут машына часу. Вось гэты буфэт з 50-х гадоў?

— Гэта, магчыма, першая мэбля, якая была пастаўленая на паток. Такія буфэты ў вёсках сустракаліся. Я б вельмі хацела, каб у нас было так — адна хата ўвасабляла 50-я гады, другая — 60-я, трэцяя — 70-я.

— Якая клясная думка. Каб мне прапанавалі такі выбар — у якім часе пажыць...

— Гэта мая мара. Але я ня ведаю, калі яна зьдзейсьніцца. Гэта было б апраўданьнем беднасьці. Чаму такі ложак? Бо так было ў 50-я.

Мы праходзім каля згарэлага датла дома. Адна толькі печ засталася. Як у вайну. І гэта таксама Юліна сядзіба. У гэтым нялёгкім бізнэсе здараюцца розныя беды. І беларусы часам не саступаюць у тэмпэрамэнце карсыканцам і сыцылійцам.

— Гэта хата, якую спаліў наш госьць. Нават ня госьць. Помсьціў сваёй жонцы. Жонка адпачывала тут са сваёй кампаніяй. А ён вырашыў яе правучыць. Заявіў у міліцыю, што яна пʼяная валяецца, дзіця не даглядае. Усё гэта было няпраўда. А ноччу, калі ўсе зьехалі, ён прыехаў на таксі і спаліў нам хату. Яму за гэта нічога не было. Ён сказаў, што гэта выпадкова. Маўляў, нэрваваўся і кідаў акуркі. Але мне нявыгадна садзіць яго ў турму. Бо з турмы ён мне не заплаціць. Ён асацыяльны чалавек, алькаголік. Жонка зьбегла ад яго з камандзіровачным. І дзіця забрала.

У кожнага дома свой характар і свой інтэрʼер. Вось мы дайшлі да хаты, якую любяць маладыя пары. Тут цёмныя шпалеры. Камін. Але справа ня толькі ў каміне. У гэтай хаце жыў ня просты чалавек.

— У гэтай хаце заўжды ладзілі вячоркі з танцамі. Тут жыў дзядзька, якога звалі «шляхціц». А яшчэ ў яго была мянушка «Лядсан». Пра яго ходзяць легенды, што быў вельмі моцны мужчына. Не даваў жонцы спакою. Вельмі быў ахвочы да жанчын.

Як жа беларусы ня любяць гаварыць пра грошы. Быццам гэта нешта інтымнае. Але гэта тэма ня менш цікавая за надворʼе.

— На сёньня ў нас каштуе 8 рублёў з чалавека. Для беларускамоўных зьніжка 20 працэнтаў. Я рада ўсім гасьцям. Да нас едуць бяднейшыя. Ім таксама трэба недзе адпачываць. Таму мы ставімся да гасьцей як да нашых фундатараў. Дзякуючы ім я жыву. У нас бясплатна дзеці да 6 гадоў. Да 13 — палова аплаты. Зьніжка за колькасьць дзён. Другія суткі будуць абавязкова каштаваць таньней, чым першыя. Калі замаўляецца лазьня, домік і харчаваньне, абавязкова будзе на нечым зьніжка. Ёсьць такія госьці, якія прыяжджаюць у доўг.

— Крызіс апошніх гадоў на вас неяк адбіўся?

— У нас усё жыцьцё крызіс. Я не чакаю багатых кліентаў.

— А паколькі бедных становіцца ўсё больш, дык...

— Гасьцей у нас хапае.

— У вас, наадварот, росквіт.

— На самой справе так і ёсьць. Бедных людзей хапае, і ў нас хапае гасьцей.

У Юліі ёсьць маляваны дыван Язэпа Драздовіча. Мастака ў гэтых мясьцінах памятаюць добра. Адна зь дзьвюх карэнных жыхарак Валодзькава, старая Лёдзя, нарэшце растлумачыла мне, што азначала мастакоўскае «плата па войне». Чаму ён удаваў зь сябе бажаволка, тлумачыць ня трэба.

Лёдзя
Лёдзя

— Ён хадзіў па хатах, прытварыўшыся, быццам недаразьвіты такі. Хоць чалавек быў разумны-прыразумны. Прытвараўся. Бо яшчэ некуды забралі б. Граў на скрыпцы. А мы, малыя, танцавалі. А ён нас, малых, выгладжваець. «А во дзеўкі і мальцы будуць слаўныя!» Дыван намалюець, яму хочуць заплаціць. А ён: «Плата па войне». Платы ня браў. У другую хату пераходзіць, і там малюець і пяець. І граець на скрыпцы. А мы ззаду, малыя, лётаем за ім. Музыка ж! Іграець. Працаваў толькі за ежу. А тады, як скончылася вайна, каня быў запрогшы і езьдзіў, зьбіраў плату. Вядро зерня за дыван. Яму сыпалі ў мяшок. Некаторыя хацелі і болей усыпаць. А ён: «Не. Досыць». Многа ён тады намаляваў дываноў. У кожнай хаце былі. І меншыя, і на ўсю сьцяну. Маляваў, што хто хацеў. Каму букет, каму нейкіх аленяў ці ласёў. Ён усё на сьвеце ўмеў.

За няхітрым імправізаваным сталом сабралася некалькі Юліных сяброў. Гаспадыня не плянавала ніякага сьвята. Двое сыноў вучацца ў Польшчы, дачка ў Глыбоцкай гімназіі. Дзеці віншуюць маці па скайпе.

— Дзеці там. Хай вучацца, хай глядзяць жыцьцё. Але я трымаю ім тэрыторыю. Валодзькава за намі. Здаваць ня буду. Пакуль я ёсьць, у іх ёсьць тылы, куды можна вярнуцца.

На разьвітаньне Юлія выказала адну цікавую думку. Над тым, што яна сказала, я думаў усю дарогу дадому. Часам тое, што бачна з далёкай вёскі, не заўжды разгледзіш на сталічнай плошчы.

— У беларусаў ёсьць вельмі дрэнная рыса характару. «Я галоўны». А ўсе астатнія прыйшлі каля мяне. А не таму, што мы прыйшлі ўсе разам. І на Плошчы. Усе ідуць, як «Я іду»! А ня «Мы ідзем».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG