Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па законе ваеннага часу. Падарожжа са Зьмітром Бартосікам


Падчас працы над кнігаю «Я з вогненнай вёскі» Алесь Адамовіч, Янка Брыль і Ўладзімер Калесьнік апыталі тысячы людзей, запісалі на магнітафон гадзіны гутарак. Але аднойчы, у чэрвені 1972 году, яны зрабілі неверагодны ўчынак. Сьцерлі запіс аднаго інтэрвію. Сёньня гэты ўчынак выглядае як баязьлівае маладушша. Вось, што пісаў ужо падчас перабудовы Янка Брыль у сваёй кнізе «Пішу, як жыву».

«Ня памятаю ўжо нават раёна, ня толькі вёскі, дзе гэта ў той адвячорак было, ня памятаю і прозьвішча старое, — у памяці толькі той ціхі плач, той расказ, як іхнюю вёску, іхніх людзей расстрэльвалі ды палілі — свае...

Нейкі атрад загадаў ім напярэдадні выбрацца ў лес, бо ноччу або на досьвітку прыйдуць карнікі і ўсіх паб’юць. Людзі не паслухаліся: „Ну куды ж гэта зімой выбірацца, куды ісьці з малымі ды старымі, хворымі з родных хат? Што ўжо Бог дасьць...“ Немцы тады не прыйшлі. Назаўтра прыйшлі свае, тыя самыя. Восемдзесят чалавек было забіта, вёска спалена...

Жанчыне гэтай, таксама цудам, як некаторым у іншых вогненных вёсках ад ворага, тут ад сваіх удалося ўратавацца. Прыжылася потым у другой вёсцы, дзе мы яе і запісвалі. Яна і прозьвішча камандзіра над тымі, што іх каралі, назвала, і мы яго, тое прозьвішча, потым прачыталі пад партрэтам у абласным музэі.

А запіс расказу сьцерлі з магнітафоннай стужкі ў той самы вечар, калі пачулі яго, пагаварыўшы ў гасьцініцы.

Куды было з тым незвычайным запісам падзецца? Ня толькі не надрукуеш яго, але і здымаць са стужкі, перапісваць з пазычанага ў радыёкамітэце рэпарцёрскага магнітафона на вялікія бабіны, для захаваньня, дыктаваць машыністцы для публікацыі — усё на людзях, усё небясьпечна...»

Янку Брылю напомніў назву вёскі, дзе адбыўся масавы расстрэл партызанамі мірнага насельніцтва, Алесь Адамовіч. Гэта Дубровы, што пад Асьвеяй. Не забыўся Адамовіч і імя той настаўніцы. Вера Слабада.

Урочышча, дзе здарылася тая трагедыя, называецца Саёўка. Дабрацца туды без правадніка і без магутнага джыпа нерэальна. Правадніком у прасторы і часе згадзіўся выступіць гісторык з Дрысы, сёньняшняга Верхнядзьвінску, Антон Бубала. А даставіць на месца ласкава пагадзіўся ўраджэнец тутэйшых мясьцін Валодзя, паляўнічы і знаўца ўсіх лясных дарог. Ягоны джып зь лёгкасьцю пралятаў глыбокія замерзлыя лужыны, уздымаючы ледзяныя пырскі ледзь не да вершалін. Праехаўшы кілямэтраў зь дзясятак па глухім лябірынце, мы сталі на голым пагорку. Навакольны засьнежаны лес хутаўся ў туман. Гледзячы на гэтую беларускую тайгу, цяжка было ўявіць, што ў Менску людзі ходзяць у лёгкіх куртках і пінжаках па залітых сонцам вуліцах, дзе сьнег зьнік ужо даўно. Вялікая ў нас краіна. Пасьля мы яшчэ з кілямэтар ішлі па замерзлым лясным балоце, пакуль ня выйшлі на сушу, на востраў. Сярод цішыні, якая зрэдку парушалася надрыўным крыкам жаўны, на паляне з туману паказаўся мэталічны крыж і абэліск зь нержавеючай сталі. Тэкст паведамляў: «Тут загінулі 50 мірных жыхароў узростам ад 1 да 80 год. Яны паляглі безь віны, не ад варожых куль — ахвярамі вайны». Спадар Антон падышоў да помніка.

— Калі мы шукалі гэтую магілу, мы ня ставілі сабе за мэту разгарнуць цалкам тэму. Хадзілі такія чуткі, што ў лесе ёсьць магіла, дзе партызаны пастралялі людзей. Тады не было ніякіх навігатараў. Навігатарам служылі нябёсы. Да гэтай мясьціны дабрацца зь любога боку вельмі складана. Чалавек з Дуброваў, што касіў адсюль за кілямэтры тры сена, нам амаль на пальцах растлумачыў, як шукаць магілу. І, як ні дзіўна, мы на яе выйшлі. З самага забалочанага боку. Тут быў толькі струхнелы крыж. У Дубровах людзі нічога пра гэта казаць не хацелі. Можа, тэма для іх была балючая ці цяжкая. Але адзін дзядзька, ужо вясёлы, нам згадзіўся расказаць. Бо ён быў ня толькі сьведкам, але і ўдзельнікам гэтай расправы.

Ён расказваў дэталі. Што ўсё адбылося напрадвесьні. Што «мы патрабавалі кажухі, сала. А адна бабка сказала: „Якія вам кажухі? Нас нават немцы адпусьцілі“. „Ах, вас немцы адпусьцілі?“ Нам камісар даў каманду — страляй. І мы пайшлі. Як далі аўтаматамі, толькі мазгі пырскамі па елках разьляцеліся!»

У большасьці ваенных злачынстваў, якія здарыліся падчас той вайны? вядомыя імёны ахвяраў, але невядомыя імёны злачынцаў. У гэтай масавай бойні наадварот. Вядомыя толькі адзінкі з тых, хто загінуў. Але пакуль яшчэ можна даведацца, хто ж аддаваў злачынны загад.

— Па дакумэнтах адсочваецца, што камісар Бадыль прыйшоў да камандзіра атраду імя Фрунзэ Калайджана і далажыў, што «мы знайшлі групу фашысцкіх памагатых». Калайджан сказаў, што зь імі трэба разабрацца. «А мы ўжо разабраліся. Мы іх расстралялі». Тады камандзір сказаў: «Тэрмінова пішыце тлумачэньне. Трэба падаваць рапарт камбрыгу». Брыгадай кіраваў будучы Герой Савецкага Саюзу Іван Захараў. Камісар Бадыль быў разжалаваны ў палітрукі. Ён загінуў яшчэ падчас партызаншчыны. Трэба сабраць усё, каб зразумець — няўжо была хоць якая драбнічка, за што трэба было зьнішчаць немаўлятка? Ці змораную жыцьцём старую?

Такім чынам, па дакумэнтах уся віна зваленая на палеглага ў баі камісара Ільлю Бадыля.

Апошнюю з дубровенскіх старажылаў, Марыю Васільеўну Мароз, я засьпеў у асьвейскім шпіталі. Праз тры гады спадарыні Марыі будзе 90. Хударлявая, падобная да кінаграфіні жанчына са стомленым позіркам сустрэла мяне насьцярожана. Яно і зразумела, чаму. Яна нікому не гаварыла пра тое, што адбылося ў Саёўцы.

— Бог любіць праўду. Але навошта гэта распутываць? Яно прайшло. Яно не дапаможа. Мы маўчалі ціха. І нікому нічога не гаварылі. Таму што ўжо позна. Людзей тых няма. У мяне даўно гэта хацелі распытаць, але я гэта не хацела гаварыць. Бо гэта супраць гэтай улады. Ой, страшна! Свае людзі, і такое рабілі.

Антураж, у якім я гутарыў з Марыяй Мароз, вельмі падобны да пачатку якога ігравога фільму. Позьні вечар. Цьмяна асьветленая палата сельскай бальніцы. Старыя тумбачкі, сьцены пафарбаваныя цёмна-зялёнай фарбай. У вакно грукоча дробны дождж. Мая суразмоўніца, прыўзьнятая на падушках, кажа словы, вартыя дэтэктыву. «Я гэта не хацела гаварыць».

Вясною сорак трэцяга году, падчас карнай акцыі гітлераўцаў на Асьвейшчыне, жыхары вёскі Дубровы, у тым ліку і сям’я Марыі, пакінулі роднае паселішча і хаваліся ў лесе. Але частка жыхароў Дубровы пайшла ня ў глыб партызанскага лесу, а ў бок гораду Себежа, занятага ў той час немцамі. Слова Марыі.

— Мы пайшлі ў лес, а яны паехалі пад Себеж. Немцы іх захапілі, ня білі іх. А мы схаваліся ў вельмі глыбокі лес. І пражылі там паўтара месяца. Вярнуліся ў красавіку. І прыходзіць да нас такая жанчына, Мар’я Слабада. І кажа наступнае: «Ведаеце, што нам казалі немцы? Што едзьце, абжывайцеся на сваіх пячышчах, будуйцеся. А мы гэтых лясных катоў паловім і паб’ем. А вы будзеце спакойна жыць». Бацька мой кажа: «Мар’я, ты што гаворыш?» Бацька разумеў, што да чаго. «Маўчы, — кажа, — Мар’я. Маўчы, нікому не кажы! Ідзі дадому і маўчы!» А яна ўжо расказала.

Такім чынам, адна жанчына, Мар’я, што была падчас блякады пад Себежам, хваліла нямецкіх акупантаў. Няўжо гэтага дастаткова, каб расстраляць некалькі сем’яў? Можа, уся справа ў асобе камандзіра? Ваграма Калайджана?

— У нас у партызанах быў сват. І той кажа, што суседзяў вашых будуць эвакуіраваць. «Павязуць, дзе лепшае месца жыць». Бацька адразу зразумеў, што да чаго. Прыяжджаюць, загадваюць. Усё загрузілі на павозкі. Дзяцей малых. І паехалі ў глыб лесу. На гэту Саёўку. Пяць сем’яў паехала. А гэты Калайджан ні з кім не параіўся з камандзіраў. Сам усё рашыў, што яны здраднікі. Пра «катоў, якіх павылавім», тут жа данесьлі. Хто быў разам пад Себежам, іх усіх прыбралі. Мама выйшла на вуліцу, глядзіць — чаго яны павозкі пагрузілі? Куды яны сабраліся? Падышла. Партызаны зь імі. Канваіры. І пагналі іх.

Ад той страляніны, якая ўзьнялася ў лесе, сям’я Марыі падумала, што гэта зноў наступаюць нямецкія карнікі.

— Увечары чуем — кулямёты, аўтаматы! Немцы ідуць! Куды ўцякаць? Цёмна! Сабралі ўсю сям’ю, адышлі ў роў, схаваліся ў кустах. Думалі, немцы ідуць. Доўга кулямёты там трашчалі. А потым стала ціха. Пасьля прыяжджае да нас Геронік такі, партызан. Забраў нашага каня. «Пасьля прыганю». Тады Калайджан так спалохаўся. Загадаў закідаць мохам. Замаскіраваць. Умомант усё замаскіравалі. Каб нічога не пазнаць было. Вось такое было.

Гісторык Антон Бубала расказаў мне, што ў Полацку жыве былы баец атраду Калайджана — Уладзімер Валадзёнак. Едучы ў першую беларускую сталіцу, я больш за ўсё баяўся, што вэтэран у лепшым выпадку закрыецца, а ў горшым — выставіць мяне за дзьверы. Але Ўладзімер Сьцяпанавіч, мужчына падцягнуты і гумарны, сустрэў мяне гасьцінна і гаварыў пра ўсё адкрыта. Бо сам зброі ня браў. Уладзімер з 30 году нараджэньня. На той час яму было 13 гадоў.

— У лютым 43-га з-пад Ленінграду была зьнятая дывізія і кінутая сюды. Каб прачысьціць партызан. Ішлі яны павольна. Спальваючы вёскі. Захопяць вёску, усё зьядуць там. Людзей, хто ня ўцёк, спаляць. Адпачнуць. Бо іх, немцаў, пад Ленінградам кармілі кепска. А тут жа воля! Ноччу, калі гараць вёскі — зарыва чырвонае. І ўвечары стаім. Прыходзіць разьведка Асьвейскай брыгады. «Зараз Дубровы запаляць. Але там надзвычайнае здарэньне. Усе людзі пабеглі ў лес. А тры сям’і на конях пагрузіліся і паехалі да немцаў. Ці страляць нам па іх? Ці не?» Такім чынам, тры сям’і паехалі ў Себеж. Яны былі баптысты. Іх не кранулі. І яны ў Себежы адседзеліся. І ў красавіку, калі нямецкая экспэдыцыя прайшла, яны вярнуліся дахаты. Дурні, раней, чым мы зь лесу выйшлі. Хто жывы застаўся.

Са слоў Уладзімера атрымліваецца, што гэтай трагедыі магло і зусім ня быць, калі б не характар Ваграма Калайджана і ня дурасьць апантанай цёткі.

— Калайджан быў такі... Да двух не лічыў. Расстрэльваў адразу. І партызан расстрэльваў. Быў прысланы з-за фронту для арганізацыі партызанскага руху. Ён мог расстраляць партызана па даносе. Данясуць, што вось гэты здраднік. І ніякага дазнаньня. Расстраляў такога Дубрава зь Вялікага Сяла. А мы выйшлі на гэтую вёску ўсім атрадам, чалавек 50. Тут людзі забітыя ляжаць, незакапаныя. Старыя, што з дамоў павыходзілі. Коні забітыя, каровы. І гэтыя сядзяць, капаюць зямлянкі. Калайджан аўтамат схапіў: «Расстраляць к ядрэні бабушке!» А брат мой, Пятро, быў камісарам. Кажа, што трэба было б з камандзірам брыгады Захаравым зьвязацца. Бо тут дзеці. «Ты што тут будзеш многа балбатаць?» І аўтамат паварочвае. А другі брат мой, Дзьмітры, на яго аўтамат навёў. «Ня тронь Пятра!» Калі гэтая сутычка з братамі ў яго атрымалася, дык ён крыху супакоіўся. А гэтая ўсё выступае, баптыстка. «Наш Бог! Нас спас! А вы бандыты! З-за вас пакараў Бог! Спалілі ўсіх людзей!» Вось тут ён і ўскіпеў. «Фашысты вы!» Але расстрэльваць ён права ня меў. Трэба было адправіць у штаб брыгады. Хай бы Захараў рашаў, што зь імі рабіць. А так ён загадаў адвесьці ўсіх у лес і расстраляць. І дзяцей, усіх. Мой брат Пятро расстрэльваў.

Колькі ў Беларусі помнікаў савецкім партызанам! Сотні. Стаяць уздоўж дарог і на гарадзкіх вуліцах бэтонныя барадатыя дзяды з кулямётамі. Пільна ўзіраюцца ў далеч мужныя хлопцы з гранатамі. Суворыя жанчыны трымаюць на руках аўтаматы. Як уся гэтая героіка не стасуецца з тым, што расказвае былы партызан Уладзімер Валадзёнак! Цяжка ўявіць, як гэтыя эпічныя дзяды ці мужныя вусачы цэляцца па дзецях. Але ж у Саёўцы так і адбывалася насамрэч. Расстрэл непасрэдна выконвалі сем байцоў. Сярод якіх быў брат Уладзімера Сьцяпанавіча — Пятро. Трагізм сытуацыі яшчэ і ў тым, што каты і ахвяры былі зьвязаныя ня толькі месцам нараджэньня, але і крэўным сваяцтвам.

— Неяк да мяне стрыечны брат прыехаў з Сыбіры. Вось ягоная бабуля трапіла ў баптысты. Брат Пятро казаў: «Мне неяк няёмка. Сваячка. Як у яе страляць? Дык я даў каманду, а сам адвярнуўся». Шэсьць партызан іх пабілі. Калі мая жонка памерла, на хаўтурах той сваяк выступаў. Пятро ж быў на пахаваньні. І ён на Пятра — «Ты маю бабулю забіў!» А Пятро кажа: «Ня я забіў. А мне было загадана. Калі б я не забіў іх, мяне б Калайджан забіў».

Уладзімер Валадзёнак кажа, што зразумець псыхічны стан, у якім тады знаходзіліся байцы, цяпер, седзячы ў цёплым пакоі і папіваючы чаёк, проста немагчыма.

— Вы ў тым часе не былі. Але калі б вы ў тую хвіліну былі там, тую псыхалёгію адчулі, абстаноўку, вы б рабілі тое самае. Можа, людзей бы і не забівалі. Але нешта б зрабілі. Уявіце. Усё чорнае, валяюцца людзі забітыя. А яны выступаюць. Пра Армагедон. «Нас Бог выратаваў, а вы бандыты. Вас Бог пакараў!»

Іван Захараў, камандзір партызанскай брыгады імя Фрунзэ, зрабіў усё, каб гэтая гісторыя нідзе не прагучала. Ён прыкрыў камандзіра Калайджана. Праз год Захараву дадуць залатую зорку Героя Савецкага Саюзу. «За асобыя заслугі ў разьвіцьці партызанскага руху». А пасьля ягоным імем назавуць вуліцу ў цэнтры беларускай сталіцы.

— Яго Захараў забраў з сабой. І на самалёце адправіў яго ў Маскву. Разам з параненымі. У штаб партызанскага руху.

А зараз вернемся ў бальнічную палату да Марыі Мароз. Спадарыня Марыя мае сваю характарыстыку той вайне. Для яе тая вайна не айчынная і не ўсясьветная. А мутлівая. Я нават слова такога ня чуў. Але ягоны сэнс Марыя праілюстравала некалькімі эпізодамі.

— Што ўжо гэта варочаць? Гэтая вайна была мутлівая. Мутлівая. Ніякага выхаду. Што ня так сказаў — ніхто не лічыўся ні з кім. Аднаму хлопчыку загадалі: «Пагоніш каровы ў лес». — «Куды я паганю? Бяры баб». Не паслухаў камандзіра. І тут жа — пух, мальца няма. 18 гадоў. Так і гэтыя людзі загінулі. Далі загад замаскіраваць, як быццам нічога і не было. Сваякі ледзь знайшлі. А некаторых і не знайшлі зусім. На горку каля дарогі павыносілі і пахавалі. Ведаеце, як трэба было ціха жыць? Ня дай Бог ня так сказаў туды ці туды. Адвядуць. Шчоўк — і няма.

— Вы ня памятаеце, як звалі вашых аднагодкаў, зь якімі вы ў дзяцінстве гулялі разам?

— Таня Слабада, такая была дзеўка. Іван такі быў, гадоў 13. Таксама Слабада.

Марыя кажа, што расстраляных было 52 чалавекі. Валадзёнак гаворыць пра тры сям’і, чалавек 15. Ва ўспамінах Янкі Брыля ўвогуле фігуруе лічба 80! Без асаблівай надзеі я схадзіў у Нацыянальны архіў Беларусі. Ад баявога шляху атраду імя Фрунзэ засталіся толькі тры тонкія тэчкі. Але ў адной зь іх знайшлася справаздача аб баявой дзейнасьці атраду за красавік 1943 году. Падпісаная самім Калайджанам. Такім чынам, у красавіку 43-га было забіта салдат і афіцэраў — 1. Паранена немцаў — няма. Узята ў палон немцаў — няма. І самае галоўнае. «Расстраляна паліцыянтаў і здраднікаў — 48». Гэтая прыгожа выведзеная лічба на пажаўцелым аркушы разьлінаванай паперы — усё, што павінна было застацца ад той трагедыі. Было павінна. Але ня выйшла.

Стоячы над помнікам, Антон Бубала прачытаў свой верш.

За крокам крок. Ні шораху, ні гуку.
Напятаю струной глухая глуш.
Гушчар цямнюткі ладзіць пасткі руху.
Стой! Тут баліць! Тут нельга! Тут ня руш!
Калі і здолеў хто сюды прабіцца,
Дык не пакіне меткі ён другім.
Такі тут жах. Такая таямніца!
Што лепей бы застацца век нямым.
Вы мералі паўвека кілямэтры,
Каб нешта зразумець. Ды ўсё дарма.
Сустрэлі вас адны пустыя нетры.
Нічога не было тут. І няма.
Ды раптам сэрца ўдарыла, як токам.
І раскалолася напружаная ціш.
Сноп сонца раптам выхапіў са змроку
Грудок замшэлы і счарнелы крыж.
І нетры паратунку закрычалі.
І узьляцелі модлы да нябёс.
І мацяркі забіліся ў адчаі.
І вецер гулка першы стрэл разьнёс.
А дзеткі уцякалі у балоты
І падалі падломлена на сьнег.
А ім усьлед страчылі кулямёты.
Ім у галоўкі цэлілі свае... Эх!
Як сьлепіць сонца. Цёмна. Дня ня бачу.
Як ціха ўсё. А можа, я аглух?
Магіла ў лесе. Крыж. Стаю і плачу.
І побач цяжка дыхае сябрук.
Народзе мой! Якія ж таямніцы
Наканавана шчэ адкрыць табе?
Ці здолееш хоць некалі прабіцца
Да праўды і да Бога? Да сябе?

Таня і Ваня Слабада маглі спакойна дажыць да нашых дзён. Але яны былі забітыя разам са сваімі бацькамі. Па законе ваеннага часу. Памятаеце такі выраз, якім апраўдваліся любыя забойствы без суду і сьледзтва? Але я б назваў законам ваеннага часу іншую зьяву, пра якую гэтым разам пачуў і ад Марыі Мароз, і ад Уладзімера Валадзёнка, і ад дзясяткаў іншых беларусаў, якія перажылі часы акупацыі. Гэта поўнае расчалавечваньне людзей на вайне. І ў выкананьні гэтага закону нацыя Скарыны і Купалы не саступала нацыі Гутэнбэрга і Гётэ.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG