Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слоўнічак: рыбы. Мянтуз пад карчом — пра каго гэта? ВІДЭА


Рыбы. Кадар з анімацыі

Як па-беларуску „пескарь“; нарачанскі вугор зусім не з Вугоршчыны; традыцыйныя зычэньні рыбаку.

(па-расейскупа-беларуску)

  • щукашчупáк
  • пескарьпячкýр (мн. печкуры́)
  • плотваплотка
  • окуньакýнь (мн. акунí)
  • угорьвугóр (мн. вугры́)
  • налиммянтýз (мн. ментузы́); мянёк
  • форельстронга

а таксама

  • клевать брацца
  • Хорошего клёва! — Рыбна табе! (і адказ: — Хоць ня рыбна, затое юшна.)

Раскоша — як шчупаку ў возеры

Шчупак (вялікі — шчупачышча; у гаворках варыянт шчука) у беларускай моўнай сьвядомасьці рыба самая галоўная і прытым свабодная. Народная песьня, якую пяялі, калі сына забіралі ў расейскія рэкруты, пачынаецца словамі:

Шчука-рыба у моры
Ды гуляе
на волі.
Быў у маткі адзін сын

I той ня мае долі...

Сьпявае вялікі беларускі тэнар Міхась Забэйда-Суміцкі:

Выразаў і мудраслоўяў пра шчупака ў беларускай мове нямала. Яму зайздросьцяць: раскоша табе як шчупаку ў возеры. Зь ім параўноўваюць задаволенага і таму часова ня злоснага агрэсара: глядзіць як сыты шчупак на вялікую плотку.

Пра таго, хто праз сваю актыўнасьць трапіў у непрыемную сытуацыю, скажам: улез як шчупак у нерат (нерат — рыбалоўная снасьць у форме конуса, пастка; а па-расейску скажуць „попал в переплёт“.)

А расейскі выраз „На то и щука в море, чтобы карась не дремал адпавядае беларускім сухаземным мудраслоўям:

На тое і каты́, каб мышы лататы́
На тое і зязюля, каб кувала і куранят крала

Словы шчупак, шчука архаічныя, ад індаэўрапейскага кораня са значэньнем ‘востры’ (магчыма, адсюль і слова шчуплы). У гаворках ёсьць назвы зь іншымі каранямі: на Тураўшчыне кажушак/кажушка (самка); на Ігуменшчыне падонак (донны шчупак); часам называюць іх ад часу нерасту: марцоўка на Полаччыне.

Рыбачка Віта Брэк
Рыбачка Віта Брэк

Беларускі пячкур ня так мудры, як тоўсты

Беларуская назва рыбы Gobio gobio L. пячкýр таго ж кораня, што і словы пячора, пячура ‘ямка ў рацэ, падмыты бераг’. Этымолягі лічаць, што гэта пазьнейшае збліжэньне, спачатку быў піскур, бо нібыта пішчыць, калі зловіш.

У беларускіх гаворках гэтая рыбка мае розныя імёны: келб і аднакаранёвыя на Горадзеншчыне, коўб на поўдні, а нават гнілапузь у Жлобінскім раёне.

На поўначы Беларусі яе завуць курмéль. Пазычаньне з балцкіх моваў: па-латгальску kùrmelis, зьвязана зь літоўскім kùrmis ‘крот’ — абодва рыюць зямлю ці рачное дно. Дык вось у тых раёнах пра раздабрэлага чалавека ўхвальна скажуць: тоўсты як курмель.

У расейскай мове „премудрый пескарь/пискарь — культурная цытата. Гэта назва сатырычнай казкі М. Салтыкова-Шчадрына, дзе галоўны герой выдаваў сваю боязь рабіць учынкі і адседжваньне ў завугольлі за мудрасьць. У беларускай мове падобнага выразу няма (у нас хаваецца пад карчом мянтуз, гл. ніжэй). Праўда, бачым такое параўнаньне:

Пан прыехаў — трасецца, як пячкур у меху,
Што казаці — было тут пану не да с
ьмеху:
Затушыў дождж кастрышчы, дровы не прасохлі,
І ляжаў у адзен
ьні, да касьцей прамоклы.

Гэта яшчэ малады аскетычны і адважны Крыштап Радзівіл, будучы Пярун, у вайне з Масковіяй. „Дзесяцігадовую аповесьць пра ваенныя справы князя Крыштапа Радзівіла“ (1585) Андрэя Рымшы пераклаў на беларускую Алесь Дзітрых (ён жа Алесь Бразгуноў). Параўнаньне ягонае аўтарскае, бо ў старапольскім арыгінале проста рыба, выцягнутая з вады: Przyjácháł, drży by rybá wywleczoná z wody.

Хоць бы плотка

Rutilus rutilus L. — рыба дэмакратычная. Невялікая, зь нешырокім, прыплюснутым з бакоў целам, луска серабрыстая, сьпінка цёмна-зеленаватая, плаўнікі ружовыя, плавае ў рэчках і азёрах касякамі.

Корань яшчэ праславянскі, азначае ‘шырокая, пляскатая’. У гаворках — плацíца і нават плоць на поўдні, таранна ўсходзе. Дыялектныя назвы разнастайныя і залежаць ад велічыні рыбкі: карáўка, баба, таўстакора — буйная, а я́бразь, клейка, аўдотка — дробная; ад часу нерасту: бярозаўка, альхоўка.

У народных мудраслоўях плотка — вобраз нечага малога, дробнага: Добра Мацку й плотка.

Апанэнт дробнай плоткі — салідны шчупак: Шчупак за плоткаю ганяўся, пакуль сам у нерат не папаўся.

Улоў Алены Янушкоўскай, рыбачкі і праваабаронцы
Улоў Алены Янушкоўскай, рыбачкі і праваабаронцы

Ляшчы ды акунí!

Драпежнік і нават канібал. Тым ня менш акуня́ беларускія рыбакі адвеку лічаць добрай здабычай. Зычэньне вудалю: Ляшчы ды акунí! (пашыраны варыянт Лешч, акýнь, язь — на вýду! Запісаў на Віцебшчыне Мікалай Нікіфароўскі).

Назва агульнаславянская, ад вока.

Малы — акушок. Рыгор Барадулін запісаў на сваёй Вушаччыне: Акунь, той як дурань бярэць, акушок яшчэ дурнейшы.

Вугорац: „Вугор смачнейшы за гуляш!“

Эдуар Манэ. Кефаль і вугор. 1864
Эдуар Манэ. Кефаль і вугор. 1864

Уладзімер Караткевіч напісаў оду вугрý — найбольш таямнічай беларускай рыбе:

У Нарачы ... водзіцца розная рыба.
Але найбольш цікавая, вядома, вугор.
Доўгі, з
ьмеепадобны, тоўсты, ён ня проста адна з самых смачных нашых рыб, але і самая незвычайная. Ён можа прапаўзьці невялікую адлегласьць ад вадаёма да вадаёма, а сяляне і рыбакі з тых мясьцін, дзе ён водзіцца, дружна расказваюць, што ў дужа росныя месячныя ночы вугор выпаўзае на палі есьці гарох. Калі прыходзіць час класьці ікру, вугор плыве са свайго возера ці рэчкі ў вялікую раку, пасьля ў Балтыку, адтуль у Атлянтычны акіян і ўрэшце дасягае змрочных глыбінь Саргасава мора. Менавіта там з ікры выводзяцца лічынкі, спачатку зусім празрыстыя, і плывуць назад, на радзіму...

Ад фізычных якасьцяў рыбы ідуць народныя параўнаньні чалавека: сьлізкі як вугор, (круціцца) як вугор на патэльні.

Назва архаічная, ад праславянскага gorь, параўн. літоўскае ungurys.

Вугоршчына на мапе Эўропы ў кнізе Міколы Азбукіна „Географія Эўропы“. Масква — Ленінград, 1924
Вугоршчына на мапе Эўропы ў кнізе Міколы Азбукіна „Географія Эўропы“. Масква — Ленінград, 1924

Корань выпадкова супаў зь іншым — назвай цэнтральнаэўрапейскага народу, які калісьці прыйшоў з Уралу. Па-польску Węgry, węgier (адсюль расейскае венгр), а ў беларускай мове здаўна вугорац, Вугоршчына: Айцец дзей мой Рабей схаваў быў тысячу залатых вугорскіх у піўніцы (1489).

Дарэчы, і тая моўная сям’я называецца фіна-вугорская.

Мянтýз пад карчом

Драпежная рыба Lota lota з круглаватым падоўжаным целам, маларухомая, жыве ў халодных чыстых рэках і азёрах на дне, сярод камянёў і карчоў.

У гаворках яшчэ мень, мянёк. Агульнаіндаэўрапейскі корань, мо той, што ў слове меншы (анг. minnow ‘дробная рыба’). А расейская назва налим фіна-вугорскага паходжаньня.

Пра гэтую рыбу шмат параўнальных выразаў — зьвязаных і зь яе ладам жыцьця, і зь фізычнымі рысамі:

сьцíшыўся як мянтуз пад карчом затаіўся ў бясьпечным месцы
непаваротлівы як мень
с
ьлізкі як мень — калі нязручна трымаць
гладкі як мянёк (мянтуз) — выраз ухвальны: і пра добра адкормленую жывёліну, і пра дагледжанае сытае дзіця.

Сігануў што стронга

Жвавая рыба з тарпэдападобным целам і чырвона-чорнымі крапінамі, водзіцца ў чыстых крынічных рэчках. Ручаёвая стронга Salmo trutta захавалася зь ледавіковага часу. Пад пагрозай зьнікненьня, унесеная ў Чырвонуюкнігу Беларусі (І катэгорыя).

Стронгу вясёлкавую Salmo irrideus да нас завезьлі і з 1956 г. гадуюць, напрыклад, у рыбнай гаспадарцы „Птыч“ на колішніх землях графаў Чапскіх.

У гаворках варыянты назвы стронг, стронк. Пазычаньне з польскай, дзе pstrąg ад pstry ‘стракаты’. Ёсьць беларуская дыялектная назва пяструшка. І нямецкая Forelle ад кораня са значэньнем ‘плямістая’.

Гервяты. У рацэ Лошы жывуць рэдкія ласасёвыя. Рас. кумжа па-беларуску стронга ручаёвая, сёмга — стронга ласоска.
Гервяты. У рацэ Лошы жывуць рэдкія ласасёвыя. Рас. кумжа па-беларуску стронга ручаёвая, сёмга — стронга ласоска.

Жвавасьць стронгі падказвае параўнаньні:

хуткі (шпаркі) як стронга
сігануў што стронга
але таксама
асьцярожная як стронга (пра абачлівую, хітрую жанчыну; запісаў Фёдар Янкоўскі).

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG