Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слоўнічак вандроўніка: заплечнік, ровар, вогнішча. ВІДЭА


Слоўнічак вандроўніка. Кадар зь відэа

(па-расейску — па-беларуску)

  • костёрвогнішча
  • топорсякера
  • палатканамёт
  • удочкавýда
  • велосипедровар
  • путешественниквандроўнік, падарожнік
  • рюкзакзаплечнік

а таксама

  • зажигалказапальнíчка
  • перочинный ножиксьцізорык
  • шалашбудáн

АНІМАЦЫЯ:

Напяклі на вогнішчы касьцёр аладак

У слове вогнішча суфікс -ішча азначае „месца“ (дзе гарыць ці раней гарэў агонь), як у словах бульбянішча, пажарышча і падобных.

Маем і слова касьцёр, але з многімі іншымі значэньнямі, якія разьвіліся з старажытнага ‘нешта складзенае’. Гэта могуць быць і дровы (рас. поленница), і, напрыклад, аладкі:

Паміж дзьвюх лаў пад абразамі
Туліўся стол з двума кастрамі
Аладак грэцкіх, як пампушак.

(Якуб Колас. Новая зямля)

Пітэр Артсэн. „Пякарня блінцоў“ (1560)
Пітэр Артсэн. „Пякарня блінцоў“ (1560)

То каля вогнішча можа быць патэльня, а на ёй касьцёр сьвежасьпечаных аладак. Словы дапамагаюць іх не паблытаць.

Пра вогнішча можна сказаць і цяпло: Распалілі цяпельца і паселі вакол. А распаліць яго можна запалкамі ці запальнíчкай.

Запальнічка часоў 2-й Усясьветнай вайны. Падарунак Амбасады ЗША музэю Вялікай Айчыннай вайны ў Менску. 2015 г.
Запальнічка часоў 2-й Усясьветнай вайны. Падарунак Амбасады ЗША музэю Вялікай Айчыннай вайны ў Менску. 2015 г.

Тапор у карчму папёр, а сякера дома сядзела

Слова сякера ў нас асноўнае. Але маем і тапор.

Некалі, ажно ў праславянскай мове, былі сынонімы сякера, тапор і цясла. Прычым цясла непазычаная, прабалцкага паходжаньня, а два іншыя словы — архаічныя пазычаньні: тапор — іранізм, сякера — італізм; беларускі мовазнаўца Віктар Мартынаў ілюстраваў імі, як на прабалцкую мову ўплывалі іншыя і ў выніку зь яе вылучылася мова праславянская.

Алесь Пушкін прэзэнтуе свой твор „Сякера ў руках“ на Крапівенскім полі пад Воршай. 6 верасьня 2009 г.
Алесь Пушкін прэзэнтуе свой твор „Сякера ў руках“ на Крапівенскім полі пад Воршай. 6 верасьня 2009 г.

У сучаснай літаратурнай мове сякера і тапор сынанімічныя. Але ў народнай традыцыі ёсьць розьніца: сякера лягчэйшая, для абчэсваньня дрэва, тапор цяжэйшы, для сьсяканьня. Адсюль прыказка-загадка, вынесеная ў падзагаловак­. Яна пра гаспадара і гаспадыню („Прыказкі Лагойшчыны“ Адама Варлыгі, сапр. Язэп Гладкі).

Scissor, продак сьцізорыка. Рэканструкцыя
Scissor, продак сьцізорыка. Рэканструкцыя

І мноства іншых устойлівых выразаў: плаваць што тапор; такі работнік як сякера з г...а; (дыму) хоць сякеру вешай і г.д.

Цяслá (жаночага роду; па-расейску тесло ніякага роду) — з паўкруглым лязом, выкарыстоўваюць для выдзёўбваньня бачары. А цесьляры (рас. плотники) ужываюць склют — інструмэнт з доўгай ручкай для працы зь бярвеньнем.

Але далікатна падправіць невялікую дэталь сякеркай ня ўдасца, у прыгодзе будзе сьцізорык (рас. перочинный / складной карманный ножик) — ад лацінскага scissor ‘нажніцы; кравец; разьбяр; глядыятар, які разьдзірае суперніка’.

Намёт

У старабеларускай мове зь яе багатай тэрміналёгіяй вайсковае справы слова „палатка“ не было. Гэта русізм XX стагодзьдзя.

А намёт — быў. Прынамсі з XVI стагодзьдзя. І азначаў у прынцыпе тое самае, што і цяпер: „Намёт ваенны палоценны, каторы каштаваў коп дванаццаць (1599). Оўруцкую шляхту мясцовы стараста незаконна прымушаў ялавіцы вадзіці, коні пасьці, намёты разьбіваці“.

Ян Матэйка. Сьцяпан Батура пад Псковам. 1872
Ян Матэйка. Сьцяпан Батура пад Псковам. 1872

Г. зн. выраз „разьбіваць намёты“ мае даўнюю гісторыю. „Намёт гасподні“ — гэта пераносны храм у выглядзе шатра, скінія.

Намітка. Жабінкаўскі строй. З каталёгу „Беларускі строй“ Волі Дземкі
Намітка. Жабінкаўскі строй. З каталёгу „Беларускі строй“ Волі Дземкі

Быў меншы намётак — заслона, полаг над ложкам: „Юдзіф зьняла з стаўпоў намётак яго і абвіла труп яго без галавы“. І слова наметка/намітка, якое азначае традыцыйнае накрыцьцё галавы ў замужніх жанчын, з таго ж шэрагу роднасных словаў.

Слова намёт у дыялектнай мове азначае і ‘вельмі тонкае палатно’, і ручнік над абразамі (набожнік), і намітку, і ўрэшце паветку або страху над дваром (у пскоўскіх крывічоў).

Сучасны намёт камфортны, а для большай экстрэмальнасьці можна заначаваць у буданé. Але народная мудрасьць вымагае кампэнсацыі за нязручнасьці: „Хоць у будане жыць, абы з каханым быць“.

Вýда

Найпрасьцейшая традыцыйная канструкцыя — да вудзíльна мацуецца лёска (жылка), на ёй плавок (плывук), патапéц і кручок.

Беларускія рыбáчкі. Віта Брэк
Беларускія рыбáчкі. Віта Брэк

Вудзіць рыбу вýдаль/рыбак. І рыбáчка.

Ровар задаў сьвету ўзор!

Двуколавы транспартны сродак вынайшаў немец Карл фон Драйс у 1818 годзе. Для францускага рынку ён прапанаваў яму назву vélocipède (з лацінскіх каранёў velox, veloc- ‘хуткі’ + pes, ped- ‘нага’). Дарэчы, назва дрызіны ад яго прозьвішча.

Слова vélocipède трапіла ў розныя мовы (у польскую як welocyped), але ўрэшце ў заходніх мовах замацаваліся карацейшыя тэрміны. У ангельскай гэта bicycle, а velocipede — гістарызм, абазначае ўсю катэгорыю безматорных транспартных сродкаў ХІХ ст. — ад монакола да пэдальнага квадрацыкла. У расейскай жа слова велосипед засталося ў значэньні bicycle.

Рэкляма мадэлі Rover прадукцыі J. K. Starley. 1890-я гады
Рэкляма мадэлі Rover прадукцыі J. K. Starley. 1890-я гады

У 1885 годзе Джон Кэмп Старлі запусьціў у вытворчасьць машыну з коламі аднолькавага дыямэтру і ланцуговым заднім прыводам — фактычна сучаснай канструкцыі. Яе назвалі Rover (‘вандроўнік, валацуга’) safety bicycle, шматгадовы рэклямны спокліч — The Rover has set the fashion to the world — „задаў сьвету ўзор“. Дзякуючы папулярнасьці мадэлі і фірму перайменавалі ў Rover.

„Иллюстрированный каталогъ усовершенствованныхъ безопасныхъ велосипедовъ“ на 1892 г. ГД „Абачинъ и Орловъ“, Масква, разам з RUDGE Ltd., Coventry
„Иллюстрированный каталогъ усовершенствованныхъ безопасныхъ велосипедовъ“ на 1892 г. ГД „Абачинъ и Орловъ“, Масква, разам з RUDGE Ltd., Coventry

Сярод ровараў, якія завозілі ў наш рэгіён Эўропы, брытанскіх было шмат, і назва фірмы перайшла на ўсе двухколавыя экіпажы ў польскай, беларускай ды ўкраінскай (львоўскага ўзору) мовах. Так бывае нярэдка: агульная назва вырабу бярэцца ад імя вытворцы (самага вядомага або першага на рынку). Як сучасныя джып і ксэракс з пампэрсамі, а ў міжваенную пару ў Заходняй Беларусі — арбон ‘аўтобус’ (АТ Arbon вырабляла і прадавала аўтобусы паводле ліцэнзіі фірмы Saurer з швайцарскага гораду Арбон).

У выніку на нашым геапалітычным раздарожжы маем два пазычаныя словы для важнай рэаліі. У літаратурнай мове гэта веласіпед (у клясычнай традыцыі 1920-х вэлясыпэд). У жывой народнай мове доўгае слова заканамерна скарацілася ў лісапет (або лісапету — жаночага роду).

Слова ровар адны афіцыйныя слоўнікі запісваюць у „абласныя“, іншыя зусім яго ігнаруюць, але сёньня яно відавочна пануе сярод беларускамоўных жыхароў сталіцы.

Дыялектныя ровар і лісапет дзеляць тэрыторыю Беларусі напалам. Каторае зь іх лічыць „абласным“? Пазнакамі „абласное“, „размоўнае“, „устарэлае“ і г. д. у паваеннай савецкай лексыкаграфіі нярэдка стыгматызавалі словы, якія не супадаюць з расейскімі або ня маюць у расейскай эквівалентаў.

Пашыранасьць назваў ровара ў дыялектнай мове. Лексычны атляс беларускіх народных гаворак, т. 2, 1994
Пашыранасьць назваў ровара ў дыялектнай мове. Лексычны атляс беларускіх народных гаворак, т. 2, 1994

Удзельнікі ФБ-суполкі „Толькі пра мову“ сьведчаць, што паміж роварам і лісапетам(-ай) ёсьць выразная мяжа.

  • У сярэдзіне 1970-х летнія канікулы мы бавілі ў вёсцы (Жлобінскі раён). Сябра меў лісапету. Потым да яго прыехаў стрыечны брат з Горадні — і прапанаваў нам перасесьці на ровар. Праўда, спачатку мы не разумелі, чаму нашая лісапета ператварылася ў ровар, але ж працягвалі катацца кожны на сваёй машыне — мы на лісапеце, а гарадзенец на ровары. (Алена Масьлюкова)
  • Докшыцкі, Глыбоцкі раёны — ровар. Як толькі стары кардон праедзеш: на Лепельшчыне — лісапед, ці лісапетка. (Андрэй Ласкі)
  • У Клецкім — ровар, у Капыльскім — лісапет. (Ала Спосаб)
  • У нас на Горадзеншчыне чуў і ровар і лісапет; лісапет казалі так, дзеля сьмеху. (Alex Alsvis)

У кожнага палешука ў агародзе закапаны Range Rover

Найноўшы варыянт лягатыпу Rover
Найноўшы варыянт лягатыпу Rover

Фірма Rover вырабляла ровары да 1925 году, калі цалкам пераключылася на іншы транспарт. А ў нас слова ровар засталося і дагэтуль дзівіць гасьцей з Усходу.

Неяк на сваяцкай бяседзе пад Давыд-Гарадком я пачуў захопленае апавяданьне госьця зь Пецярбургу. Бабулька ў вясковай краме кажа: „Сёньня я поеду ў лес на РОВЭРЫ“. Піцерац разводзіць рукамі і рытарычна пытае: калі яна сёньня паедзе на „Ровэры“, то што ў яе гаражы ёсьць яшчэ і на чым яна паедзе ў лес заўтра?!

Каза і самакот

Мікола Касьпяровіч у „Віцебскім краёвым слоўніку“ запісаў сярод пераносных значэньняў слова каза таксама і ‘ровар’. А ў літаратурнай мове 1920-х паралельна ўжывалі слова самакат(-ка). У заходнебеларускай прэсе знойдзем і больш лягічнае для беларускае мовы самакот, бо сам коціцца.

Беларуская кнігарня прадае і дэталі самакотаў. Абвестка 1935 г. З калекцыі К. Шыталя
Беларуская кнігарня прадае і дэталі самакотаў. Абвестка 1935 г. З калекцыі К. Шыталя

Помпа і апона

Раварыст заўсёды возіць помпу, каб напампаваць кола. Дакладней, камэру (або кíшку, ці нават кíху— ёсьць такі роварны палянізм у гаворках Заходняй Беларусі). Яе абараняе звонку шына або покрыўка, якая ў гаворках завецца таксама апонай (ад „апінаць“).

Гэй, вандроўнік, вандэр-вон!

Ён вандруе. Вандроўка ў старабеларускай — ‘падарожжа з мэтай удасканаленьня прафэсійнага майстэрства’. Дзякуючы праграме пра падарожжы „Вецер вандраваньняў“ на Беларускім тэлебачаньні (ішла да 1994 году) цэлае пакаленьне засвоіла гэтыя словы.

Іх часам запісваюць у палянізмы — бо ў польскай мове ёсьць węndrownik і wędrować з тым самым значэньнем. Але ж у польскую корань прыйшоў зь нямецкай, ён у нямецкім дзеяслове таго ж значэньня wandern. Беларуская мова магла яго пазычыць як праз польскую, так і наўпрост. У старабеларускай былі варыянты напісаньня: і вендровны’, і вандровны’. Варыянт з А бліжэйшы да нямецкай крыніцы, чым польскі (праз Ę). Урэшце, зручнай мовай-пасярэдніцай мог быць ідыш, дзеяслоў וואַנדערן [vandern].

Корань, хоць пазычаны, даўно стаў для беларускае мовы сваім, нават аброс экспрэсіўнымі выразамі: вандруга ‘бадзяга’ у Насовіча. І ў яго ж выклічнік: вандэр-вон! ‘ідзі прэч!’

Вандроўнік больш унівэрсальны за турыста: можа вандраваць = бадзяцца, без спартовы ці пазнавальных элемэнтаў, як вымагае слоўнікавае азначэньне „турыста“.

Бывае, вандроўнік — сынонім пілігрыма. Паэтычная прадмова да „Песьняў касінераў“ Сержука Сокалава-Воюша — заклік да яго зьмяніць манаскія шаты на паўстанцкі строй:

Гэй, вандроўнік-пілігрым,
Сын касьцельнай брацьці,
Не ўратуе боскі Рым
Вастрабрамскай Маці!

Заплечнік — не „заплечных дел мастер“

У беларускай мове нямала назваў для відаў традыцыйнае торбы за сьпінай: хатуль, кайстра, саква... Але рэч, пра якую гаворка, — даволі сучасная (тэхнічна-эрганамічнымі асаблівасьцямі), гэта не хатуль. І слова заплечнік у такім значэньні даволі новае.

Наагул слова заплечнік натуральнае для беларускай мовы. Яно было і ёсьць у дыялектах — з палітрай значэньняў: ‘мяшок у старца’ (Пухавіцкі р-н), ‘кошык, кораб, мяшок для нашэньня за плячыма’ (Пскоўшчына). У старабеларускай мове быў заплечак — месца на сьпіне, дзе акурат заплечнік і мусіць быць.

Але ў ХХ стагодзьдзі для спэцыяльнай турыстычнай торбы з шлейкамі беларускае слова знайшлося не адразу.

Заплечнік ёсьць, напрыклад, у прозе Антона Адамовіча, носьбіта жывой літаратурнай мовы Менску міжваеннае пары. Але ў яго бліжэйшыя заплечнікі й запляшнікі — гэта пра падлізьнікаў камуністычнага вяльможы. А ў гістарычнай прозе Леаніда Дайнекі знойдзем „катаў-заплечнікаў“ — тут рэха расейскага змрочнага выразу „заплечных дел мастер“. Не вытворца заплечнікаў, а спэцыяліст біцьця бізуном за плячыма!

Дызайн заплечнікаў ад Boorj (Віцебск). З калекцыі SNOOP LOVES BELARUS амэрыканскага рэпэра і актора Снупа Дога
Дызайн заплечнікаў ад Boorj (Віцебск). З калекцыі SNOOP LOVES BELARUS амэрыканскага рэпэра і актора Снупа Дога

Заплечнік як назва сучаснага турыстычнага рыштунку замацаваўся ў 1980-я гады. Я сьведка жывога моўнага працэсу: тады ў гарадзкіх беларускамоўных асяродках слова пляцак (палянізм з паўночна-заходніх гаворак, ад plecak) было за некалькі гадоў выціснута заплечнікам.

А расейскае слова „рюкзак“ — рэдкі прыклад „пазычаньня з памылкай“. Па-нямецку der Rucksack, U без умляўта (ня Ü). У расейскай мове гэтае слова зьявілася ў 1920-я гады ў выглядзе „рукзак“, але было паступова выціснута „рюкзаком“; магчыма, нехта памылкова думаў, што так да нямецкай бліжэй.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG