Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Слоніме журналіста Алеся Залеўскага аштрафавалі на 6 мільёнаў рублёў


Суд Слонімскага раёна зьвінаваціў Алеся Залеўскага ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі без адпаведнай акрэдытацыі. На працягу году гэта ўжо другое пакараньне Залеўскага паводле артыкулу 22.9 часткі 2 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэньнях.

Алесь Залеўскі — супрацоўнік польскага грамадзкага тэлебачаньня, часткай якога зьяўляецца тэлеканал «Белсат». Паводле слоў Алеся, у Слоніме ён здымаў рэпартаж пра злоўжываньні і карупцыю ў сфэры ЖКГ, а пазьней зьмясьціў яго на YouTube. Неўзабаве пасьля гэтага сюжэту слонімскія міліцыянты склалі на Залеўскага пратакол.

Хаця, як сьцьвярджае сам Залеўскі, у той самы час па сьлядах сюжэту ў Слоніме распачалося сапраўднае расьследаваньне названых фактаў. Тым ня менш, сёньня ў судзе фактамі карупцыі, паводле Алеся, ніхто не цікавіўся.

Як распавёў Алесь Залеўскі, у судзе заслухалі сьведку Мікалая Сыантовіча, кіраўніка Слонімскага ЖКГ, зь якім Залеўскі запісваў інтэрвію. Той засьведчыў, што Залеўскі, прадстаўляючыся, назваў прозьвішча, але нічога не сказаў пра тое, для якога тэлебачаньня здымае сюжэт. А сам Сыантовіч падумаў, што да яго завітала праграма «Времечко».

Сыантовіч, паводле Залеўскага, увесь час спрабаваў даводзіць суду, што карупцыя, пра якую ішла гаворка ў сюжэце, ніякім чынам не датычыць ягонай арганізацыі, але судзьдзя спыняў сьведку і нагадваў, што гэта справы, якая разглядаецца, не датычыць.

У міліцэйскім рапарце, як кажа Алесь, запісана, што відэаматэрыял, зьняты ў Слоніме, выкладзены на YouTube. Сам Залеўскі ў судзе гэтага не абвяргаў і лічыць, што на гэта мае права кожны грамадзянін.

Залеўскі: «Так, я адзін з тых, хто трымаў мікрафон, і відэа зьявілася ў інтэрнэце, але гэта ніяк не падпадае пад артыкул пра „выраб і распаўсюд інфармацыі“, паколькі я толькі фізычная асоба, а не юрыдычная. Я казаў, што зараз змагу выйсьці з суда, зьняць на тэлефон відэа, як людзі ходзяць побач з будынкам слонімскага суда, але хіба за гэта мяне можна судзіць...»

Пасьля перапынку ў судзе быў заслуханы міліцыянт, які складаў рапарт на Залеўскага. Ён таксама пацьвердзіў, што відэазапіс быў разьмешчаны на YouTube. Аргумэнты Залеўскага аб тым, што кожны грамадзянін мае права здымаць відэа і разьмяшчаць яго на YouTube, суд да ведама не прыняў і пакараў Залеўскага штрафам у памеры 40 базавых велічынь, што складае 6 мільёнаў рублёў.

Залеўскі перакананы, што прыцягнуць да адказнасьці яго хацелі за супрацоўніцтва з польскім тэлебачаньнем, але пра гэта ніводнага разу не ўзгадалі, каб ня кідалася ў вочы.

З гэтага суда вынікае, што прысуд быў прадвызначаны загадзя, да разгляду справы

Залеўскі: «З гэтага суда вынікае, што прысуд быў прадвызначаны загадзя, да разгляду справы. На YouTube было разьмешчана відэа, на якім я фігураваў, — так вынікала з матэрыялаў справы, а судзьдзя прызнаў мяне вінаватым па артыкуле 22.9 частцы 2 у парушэньні вырабу і распаўсюду інфармацыі ў СМІ. Але я не зьяўляюся ані рэдакцыяй, ані СМІ».

Слонімец Іван Бедка, які прысутнічаў у судзе, быў зьдзіўлены тым, што судзяць журналіста, які выкрыў карупцыю, а ня тых, хто ў карупцыі замешаны:

«Тут відавочна, што імкнуцца запалохаць тых, хто дае інфармацыю па гэтых махінацыях, для таго, каб такой інфармацыі не было. Наша ж улады ня любяць, калі пра іх кажуць, што яны крадуць. А інакш — як думаць? У сюжэце людзі паказваюць, што на паперы панапісвалі, нібыта ім паставілі вокны плястыкавыя, сантэхніку замянілі, а насамрэч паказваюць, што ў іх ёсьць, і пытаюцца: дзе гэта ўсё замененае...»

Гэта ўжо другая адміністрацыйная справа ў дачыненьні Залеўскага на працягу году. У траўні Карэліцкі раённы суд пакараў журналіста штрафам у 30 базавых велічыняў — чатыры з паловай мільёны рублёў за нібыта «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ без адпаведнай акрэдытацыі».

Напярэдадні Вялікадня Залеўскі зьняў сюжэт пра тое, як захоўваецца культурная спадчына ў Беларусі, і пра ролю і магчымасьці прыватнай ініцыятывы ў гэтай справе. З гэтай мэтай ён наведаў прыватны музэй Віктара Сакеля ў Міры, у якім, як высьветлілася, больш арыгінальных аўтэнтычных рэчаў, чым у музэі, што ў Мірскім замку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG