Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра школьныя русізмы: урок, сачыненьне, заўхоз, фізрук і мнагачлен


Сьцісла:

  • Гісторыя свабоднае беларускае школы была кароткая, нашу ўласную традыцыю школьнай мовы гвалтам перарывалі. Таму ў ёй пануе расейска-савецкі стандарт.
  • „Сачыненне“ ня мае повязяў у беларускай мове: няма слова „сачыняць“. Вершы і тэксты ствараюць. Гэта твор.
  • Многія тэрміны дакладных навук, прынятыя ў 1920-я, потым памянялі на русізмы. Варта вярнуць сваё: не „складаемае“, а складнік; не „памяншаемае“, а зьменшыва; не „адымаемае“, а адымнік; не „мнагачлен“, а мнагасклад.
  • У школе поўна расейска-савецкіх абрэвіятураў накшталт „завуч“, „заўхоз“, „ваенрук“ ды „фізрук“.
  • „Заўхоз“ і „фізрук“ — чыстыя русізмы. Нельга калькаваць іх як „заггас“ ці „фізкір“. Загадчык гаспадаркі, а то і стары добры аканом; настаўнік спорту.
  • „Урок“ па-беларуску — ‘няшчасьце, хвароба ад благога вокам; праклён’. Да русыфікацыі 1930-х у школе былі лекцыі або гадзіны.
  • Будзе рэальна беларускамоўная школа — знойдуцца і аптымальныя беларускія словы.

Калі нішчаць адукацыю па-беларуску, школьныя беларускія словы здаюцца невялікай праблемай. Але школа закладае матрыцу моваўспрыманьня на ўсё жыцьцё.

Сярод базавых школьных тэрмінаў, якія фармуюць моўнае адчуваньне вучняў на ўсё жыцьцё — поўна небеларускіх.

Дзе той чараўнік, што здыме з нашай школы ўрок?

Найперш замахнуся на сьвятая сьвятых — на слова ўрок.

Спрадвеку ў беларусаў урок (урокі) — ‘няшчасьце, хвароба, пашкоджаньне, выкліканыя благім вокам ці дрэнным словам’. Праклён, інакш кажучы. І прыклад: „Баяцца ўрокаў“. Гэта акадэмічны слоўнік 1996 году.

А ў Івана Насовіча (1870) урочны значыць ‘изурочивающий’, той, што нясе няшчасьце: Тваё ўрочнае вока. Урочныя словы.

Таго ж кораню слова сурочыць — ‘прынесьці няшчасьце ліхім вокам або залішняй хвальбой’.

Дома ў чорнага мага ў Стаўрапалі, Расея
Дома ў чорнага мага ў Стаўрапалі, Расея

Старадаўні корань у беларускім і ў расейскім слове адзін — рок, што значыць ‘лёс’, ‘адрэзак часу’, прычым расейскі урок сэмантыку ‘порча, сглаз’ таксама меў. Але там пераважыла іншае значэньне: урок — ‘заданьне на пэўны час’. Так сэнсы слова ў дзьвюх мовах разышліся радыкальна.

Пасьля стагодзьдзя царскай расейшчыны, пачынаючы з 1915 году, трэба было аднаўляць ці ствараць новую тэрміналёгію для беларускай нацыянальнай школы. У клясыкаў нашай лексыкаграфіі, а ўсе яны бывалі і настаўнікамі, навучальная гадзіна завецца лацінізмам лекцыя (слоўнікі В. Ластоўскага 1924 г., С. Некрашэвіча і М. Байкова 1928 г.; урэшце, акадэмічны „Слоўнік пэдагагічных дысцыплін“ 1930 г.).

Пераклад расейскага слова „урок“. Слоўнік пэдагагічных дысцыплін. Беларуская акадэмія навук, 1930
Пераклад расейскага слова „урок“. Слоўнік пэдагагічных дысцыплін. Беларуская акадэмія навук, 1930

У іншых славянскіх мовах у гэтым значэньні ўжываюцца тая самая лекцыя ці гадзіна (hodina у чэскай мове, а менавіта вялікі чэскі адукатар Ян Амас Коменскі вынайшаў сучасную клясна-лекцыйна-прадметную сыстэму навучаньня).

З 1930-х гадоў пачалася русыфікацыя беларускай літаратурнай мовы ў БССР, і расейскае слова урок у школьным значэньні пранікла ў нашую сьвядомасьць глыбока. Кожны яго засвойваў на сваёй скуры 10-11 гадоў, а потым на скуры сваіх дзяцей, а то і яшчэ даўжэй, калі сам настаўнік.

Беларускамоўная кляса ў магілёўскай школе № 34
Беларускамоўная кляса ў магілёўскай школе № 34

Таму ня ведаю, ці мой донкіхоцкі паход супраць моўнага сурочаньня нашых дзяцей будзе плённы, але спадзяюся, што некалі з нашай школы будзе зьняты цяперашні ўрок — і яна адразу ж пачне гадаваць свабодных беларусаў :).

Нешта страшнае ўчынілі — сачыненьне сачынілі

Яшчэ адно важнае школьнае слова, якое ня мае повязяў у беларускай мове і „завісае“, — „сачыненне“. Але ў нас няма слова „сачыняць“! Вершы складаюць, наагул тэксты ўкладаюць, пішуць, ствараюць. Урэшце, выдумляюць.

У расейскай мове, адкуль тое „сачыненне“ і прыйшло, корань чин пачаткова азначаў ‘парадак’, адсюль чинить — ‘рамантаваць’; чиновник; всё чин-чином. Таму і со-чинить — стварыць упарадкаваны тэкст. Такі корань ведае і беларуская мова, але са значэньнем ‘справа’, адсюль спрычыніць, учыніць, учынак.

У згаданым клясычным слоўніку Сьцяпана Некрашэвіча і Міколы Байкова расейскае сочинение перадаецца беларускімі твор, праца, укладаньне. Падобныя словы ў школе ўжываюцца ў іншых славянскіх мовах. Напрыклад, па-ўкраінску твір, па-сэрбску састав. Думаю, слова твор найбольш пасуе (ад школьнага твору да збору твораў выдатнага пісьменьніка).

Збор твораў Ніла Гілевіча ў 23 тамах
Збор твораў Ніла Гілевіча ў 23 тамах

Ці рэальна замяніць русізм „сачыненне“? На маёй вучнёўскай памяці ў школе было абавязковым яшчэ больш недарэчнае слова „ізлажэнне“, але яго замянілі-такі нармальным беларускім пераказам.

Ады-мае-мае-мае

Пра тэрміналягічныя дзеепрыметнікі-русізмы ў нас ужо была гаворка.

Не „складаемае“, а складнік, не „памяншаемае“, а зьменшыва, не „адымаемае“, а адымнік. Таксама не „мнагачлен“, а мнагасклад.

Так было ў 1920-я, гэтыя здабыткі беларускай нацыянальнай тэрміналёгіі вярталі адказныя за лёс мовы беларускія навукоўцы падчас адноснай свабоды ў пачатку 1990-х. На жаль, у школьны моўны канон яны пакуль не вярнуліся.​

Фізрук-палітрук

У школьным побыце поўна расейска-савецкіх складовых абрэвіятураў накшталт „завуч“, „заўхоз“, „ваенрук“ ды „фізрук“. Такая словаўтваральная мадэль у цэлым небеларуская.

Але калі завуча яшчэ можна прачытаць па-беларуску (загадчык вучэбнай часткі), то „заўхоз“ і „фізрук“ — чыстыя русізмы. Толькі не спрабуйма іх перакладаць калькаю: „заггас“ ці „фізкір“! Загадчык гаспадаркі, а то і стары добры аканом, настаўнік спорту. Прапануйма варыянты.

Зрэшты, будзе рэальна беларускамоўная школа — знойдуцца і аптымальныя беларускія словы.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG