Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усіх школьнікаў вучаць беларускай мове як прадмету. Напрыклад, разьбіраць сказы. У выніку былы шкаляр ня ўмее па-беларуску нават падзякаваць. Ня тыя праграмы ці бракуе гадзінаў? У пэдагагічных і бацькоўскіх колах цяпер горача абмяркоўваецца лёс расейскай літаратуры ў школе. Наконт прадмету „расейская мова“ я разважаў у аўдыёпраграме яшчэ ў 2015 годзе:

Пара актуалізаваць тэму.

Расейская мова — стратэгічны інструмэнт барацьбы за геапалітычныя інтарэсы Расеі, выпадковых рашэньняў што да мовы ў Крамлі не прымаюць. Зазначылася пэўная зьвязаная зь Беларусьсю тэндэнцыя. 30 сьнежня 2015 году У. Пуцін падпісвае зьмену ў закон „Аб праўным становішчы замежных грамадзян у Расейскай Фэдэрацыі“: беларусы больш ня мусяць здаваць экзамэн з расейскай мовы, атрымліваючы від на жыхарства ці дазвол часова жыць у Расеі. А кагадзе расейскае МУС вылучае законапраект аб скасаваньні для беларусаў і ўкраінцаў іспыту з расейскай мовы пры атрыманьні грамадзянства РФ.

У Маскве палічылі, што ня толькі няма моўнага бар’еру паміж Беларусьсю і Расеяй, але што беларусы валодаюць расейскаю ня менш дасканала за жыхароў Расеі. Чаму? (Не закранаем тут Украіны.)

„Адзін дзіцячы, адзін дарослы білет!“ — „Один детский до Роси?“

У савецкі час ад вывучэньня беларускай мовы ў расейскамоўнай школе дазвалялася „адкасіць“. Савецкія вайскоўцы адпісвалі ад беларушчыны сваіх дзяцей: у маёй клясе ў Берасьці такіх была амаль траціна, і пакуль мы вывучалі назоўнік, яны ганялі ў футбол, мы бачылі гэта ў вакно, што прэстыжу прадмету ў нашых галовах не спрыяла.

Цяпер гэтага — дзякуючы адноўленай у 1991 годзе незалежнасьці — няма, беларускую мову прынамсі як прадмет у школах вучаць 100% школьнікаў. Чаму ж, калі даходзіць да практычных рэчаў — адказаць, напісаць па-беларуску — нямала людзей трапляюць у ступар?

Больш за тое, ужо часам трэба час і паўтор, каб суразмоўца ідэнтыфікаваў вашу мову як беларускую (Просіш кандуктарку білет дзіцячы і дарослы, а яна прадае дзіцячы да Росі).

Ясна, што зь беларускай мовай у школе нешта ня тое. Што мяняць — ці колькасьць гадзінаў, ці праграмны зьмест?

Калекцыянэры рэплік цяперашняга начальніка дзяржавы пра беларускую мову некалі ўхапіліся былі за ягоныя словы:

„Ладно, на русском языке мы практически все разговариваем. Но на белорусском языке, скажем откровенно, в быту, дома мы разговариваем меньше. Так, может быть, надо в школе в пользу белорусского языка дать один час, а не английского?“

(29 верасьня 2014 г.)

Не бяруся варажыць, ці тое быў экспромт. Заходнія міжнародныя мовы ў школе займаюць маргінальнае месца. Гэта яшчэ савецкая завядзёнка — каб меней разумелі і кантактавалі. У 2008 годзе вярнуліся былі да савецкай традыцыі: рэзка скарацілі гадзіны замежных моваў, скасавалі іх вывучэньне ў першыя два гады школы, іспыты, профільныя клясы. Цяпер, калі прыпякло, загаварылі пра аднаўленьне скарочанага. Бацькі і вучні толькі „за“. І тут начальнік дзяржавы стварыў на роўным месцы канфлікт інтарэсаў. Каб нават мікрабеларусізацыі пярэчылі самі бацькі.

Складаназалежныя беларусы

Але калі на добры лад — ці ёсьць рэсурс навучальнага часу на беларускую мову?

Сёньня ёй у сярэдняй школе даецца роўна столькі, колькі і расейскай, прычым незалежна ад школьнай мовы навучаньня. Ад трох гадзінаў у тыдзень у 5-й клясе да 1–3 у старэйшых.

Праграмы беларускай і расейскай моваў фактычна дублююць адна адну. У малодшых і сярэдніх клясах дзеці вывучаюць правапіс, спражэньне дзеясловаў ці сынанімічныя шэрагі; усё гэта ў дзьвюх мовах істотна розьніцца. А пазьней гэта пераважна вывучэньне сынтаксычных канструкцыяў, разбор сказаў, пунктуацыя.

Будова беларускага і расейскага словазлучэньня і сказа таксама не супадае (пра што цяжка здагадацца, ужываючы гугаль-трансьлейт: прыкладам, расейскаму у меня есть павінна адпавядаць беларускае я маю). Але ж ці трэба, вывучыўшы схему разбору складаназалежнага сказа з даданай азначальнай часткай (ці ўсе памятаюць, што гэта за зьвер?) па-беларуску, паўтараць схематычныя квадрацікі, стрэлачкі і пункціры ўжо на расейскім матэрыяле? Вось і можам на такіх паўторах заашчадзіць у VIII і IX клясах нават па 50 гадзін, у выпускных (базавы ўзровень) да 23 гадзін. Вызваляецца адна-дзьве гадзіны штотыдзень — акурат на беларускую мову. Але як іх скарыстаць?

У найноўшых вэрсіях праграмы (X–XI кл., базавы ўзровень) мэтаю вывучэньня беларускае мовы абвешчана

„фарміраванне асобы вучня як свядомага носьбіта мовы“,

прычым

„вучань асэнсоўвае мову як уласную, нацыянальную і агульначалавечую каштоўнасць і павінен мець такі ўзровень падрыхтоўкі, які забяспечыць паўнавартаснае выкарыстанне мовы ва ўсіх сферах яе функцыянавання“,

І гэта правільна. Але...Няма і слова пра функцыянальнае абмежаваньне беларускай мовы ў беларускай дзяржаве. Нібыта зь беларускай мовай усё добра, нібыта кожны вучань расьце ў беларускамоўным асяродзьдзі, чуе беларускую мову з мэдыя і ад статусных людзей. Такое замоўчваньне відавочнага — зусім не бяскрыўднае: у выніку капіююцца мэтадычныя падыходы, уласьцівыя выкладаньню ў школах моваў функцыянальна беспраблемных.

Можна, вядома, выдрэсаваць вучняў спрытна падкрэсьліваць словы ў сказе рознымі лінеечкамі. Але ж трэба найперш разьняволіць іхнае беларускае маўленьне, зьняць цяжкі моўны комплекс, узброіць аргумэнтамі для самасьцьверджаньня. Трэба, каб яны ведалі гістарычныя карані сытуацыі. Трэба грунтоўна вучыць вымаўленьню, у тым ліку праз аўдыяваньне (слуханьне) — тады і вуха будзе як антэна лавіць беларушчыну і настройвацца на яе. Даць тэматычны лексычны мінімум — на жаль, нібыта як для замежных моваў (але гэтага не саромеюцца, скажам, валійцы, што адраджаюць сваю мову ў вуснах дзяцей). Ужываць кантрастыўны мэтад — нястомна падкрэсьліваць, што адрозьнівае беларускую мову ад расейскай. І ўрэшце — натхніць на моўны ўчынак: каб публічна загаварылі па-беларуску ў любой сытуацыі.

Такі дапаўняльны курс быў створаны ў 1990 годзе для новазаснаванага Беларускага гуманітарнага ліцэю. Ён называўся „Гісторыя і культура беларускай мовы“, прайшоў апрабацыю ў філіях ліцэю ў Горадні, Сьветлагорску ды іншых мясьцінах і меў быць рэкамэндаваны Міністэрствам адукацыі як кампанэнт гуманітарнай адукацыі, а потым — і як база для перагляду асноўнай праграмы вывучэньня беларускай мовы ў школе. Аднак насталі іншыя часы, ліцэй выгнаны ў падпольле, дзяржава вярнулася да савецкай мэтадычнай інэрцыі.

І не павінна быць аднолькавых падручнікаў і мэтодыкі беларускай мовы для беларускамоўных і расейскамоўных школаў. Цяпер у беларускамоўных школах дзяцей на гадзінах беларускае мовы прымушаюць перакладаць з расейскай, закладаючы ім такім чынам у мазґі матрыцу сэмантычнай другаснасьці беларускага слова.

Для чаго прадмет „расейская мова“?

А вось для чаго. У цяперашнюю праграму вывучэньня расейскай мовы ў школах Беларусі закладаюцца задачы

“…освоения языка как системы сохранения и передачи культурных ценностей, как средства постижения русской, национальной культуры в контексте общемировой; развитие способности пользоваться культурологическими сведениями для обеспечения полноценной коммуникации…

развитие средствами языка интеллектуальной, духовно-нравственной, коммуникативной, гражданской культуры учащихся“.

(2017 г., IX кл. Зьдзіўляе коска няяснага значэньня: „постижения русской, национальной культуры“. Але ўсё праясьняецца, калі ведаеш, штогэты фрагмэнт зь дзіўнай коскай дзіўна супадае з фрагмэнтам расейскай мэтадычнай публікацыі Культуроведческий компонент обучения русскому языку“, напісанай на аснове дзяржаўных адукацыйных стандартаў РФ. Коска тут лішняя.))

Інакш кажучы, гэта не функцыянальнае засваеньне суседзкай мовы для практычных патрэбаў, а сьвядомае фармаваньне расейскай моўна-культурнай ідэнтычнасьці.

Мо таму расейскія органы ўлады і ставяцца да беларусаў як ці ня больш расейскамоўных за ўласна расейцаў. Бо грошы беларускага падаткаплатніка і неацэнныя навучальныя гадзіны ў беларускай школе ідуць на падрыхтоўку людзей са зьмененай ідэнтычнасьцю і, як вынікае з апошніх заканадаўчых прапановаў, будучых ляяльных і загадзя інтэграваных грамадзянаў Расеі.

А мая прапанова скараціць колькасьць гадзін для расейскай мовы як прадмету зусім не радыкальная. Не забываймася, што ўсе астатнія прадметы, акрамя беларускай мовы і літаратуры, у бальшыні школаў Беларусі выкладаюцца па-расейску, ня кажучы ўжо пра расейскамоўныя мэдыйную прастору, адміністрацыйную сфэру і г.д. Нікуды ад расейскае мовы беларус не схаваецца, нават калі яе скасаваць як прадмет зусім. А калі хто хоча алімпіяднай дасканаласьці ў расейшчыне — хай выбіраюць профільныя і факультатыўныя варыянты вучобы.

Натуральнае пытаньне: чаму ж не вучыць дзяцей па-беларуску ўсім прадметам — бо толькі такім чынам дзіця засвоіць беларускую мову паўнавартасна нават пры яе абмежаваных функцыях? Частковы адказ дае лірычны герой барда Сержука Сокалава-Воюша:

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG