Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ужо зуброў пачалі кітайцы рабіць». Падарожжа Свабоды ў вёску Шкленікова


Немалады, падцягнуты мужчына зь вясёлымі і разумнымі вачыма, жыхар вёскі Шкленікова, Міхаіл Чарняўскі — чалавек незвычайны. Ён былы настаўнік. Філёляг па адукацыі, але ўсё жыцьцё працаваў выкладчыкам працоўнага навучаньня ў Маладачанскім тэхналягічным каледжы. І замест таго, каб па выхадзе на&nbsпэнсію цешыцца заслужаным адпачынкам, гуляць у даміно ў двары, вечна чакаць падвышэньня той пэнсіі, Міхаіл зьехаў у радавую вёску, у бацькоўскую хату. Дзе робіць з дрэва куфлі, скарбонкі, шкатулкі, падстаўкі пад кветкі. І пры гэтым не адчувае ніякай адарванасьці ад жыцьця.

— Кінуў горад, перабраўся ў бацькаву хату і займаюся трохі дрэвам. Жонка ня хоча кідаць гарадзкое жыцьцё. А мне тут добра. Занятак увесь час ёсьць. А ў горадзе ня ведаю, чым заняцца.

Зьнікненьне «Свабоды» з кароткіх хваляў Чарняўскі, наш сталы слухач, сустрэў бяз панікі.

— Інтэрнэтам карыстаюся. Як сюды перабраўся, так і пачаў асвойваць. Зарэгістраваўся ў сацыяльных сетках.

Дарэчы, калі набываеце дэкаратыўны посуд, дык будзьце ўважлівыя. Ня з кожнага кубка можна бясьпечна піць.

— Гэта дэкаратыўны куфаль. Каб гэта было посудам, трэба сэртыфікат. Пакрыцьцё адпаведнае. А такога цяпер і не выпускае беларуская прамысловасьць. І расейская. Каб можна было пакрыць і піць. Гэтая хахлама расейская, дык там, як пачытаеш — і волава, і цынк.

Дэкаратыўна-прыкладнымі драўлянымі вырабамі Міхаіл Чарнаўскі займаецца не адзін дзясятак гадоў. Пачыналася ўсё ў вольныя дзевяностыя. Пад эгідаю Таварыства беларускай мовы. Сувэнірны бізнэс у Маладэчне станавіўся на ногі. Але так і ня стаў. Не далі.

— Яўген Цумараў, тадышні сакратар ТБМ, кажа мне — чаго ты сядзіш? Трэба варушыцца! Давай створым сябрыну пра палітэхнікуме. Ну, стварылі. Некалькі чалавек пачало весьці прадметы на беларускай мове. А сябрына ж яшчэ магла займацца гаспадарчай дзейнасьцю. І пачалі мы сувэніры розныя рабіць. І рабілі, пакуль ня стала зусім цяжка. А цяжка стала таму, што нельга было наймаць людзей. Толькі блізкіх сваякоў. А ў мяне жонка і дачка. Больш няма каму дапамагаць. І кінуў я гэты горад і перабраўся сюды. Працую адзін. Сьціпла жыць з гэтай працы можна.

З расейскага тэлевізара ў беларускія вушы ўліваюцца страшныя казкі пра «ліхія 90-я». Але з кім ні гавару зь людзей ініцыятыўных, спраўных, усе зь цеплынёй успамінаюць менавіта дзевяностыя. Як гады надзеі, гады адраджэньня, гады адкрытых межаў. Як самыя яскравыя гады. У параўнаньні зь сёньняшнім «працьвітаньнем» 90-я былі гадамі надзей.

— У дзевяностыя не было толкам сувэніраў у крамах. Разьбіралі імгненна гэтыя кубкі. «Паўлінка» ля ГУМа плян рабіла на нашых кубках. А цяпер і расейскага тавару багата, і кітайскага. І зуброў пачалі кітайцы рабіць з надпісам «Беларусь». І такое ўсё таннае ў іх, што нашы фабрыкі мастацкіх вырабаў ня могуць канкураваць. На сувэнірны рынак прыйшоў Кітай.

Вёска Шкленікова схавалася ў сасоньніку, недалёка ад Мядзела. Тут жывуць усяго пяць чалавек. Але ў жывапісным лесе каля вёскі можна ўбачыць падмуркі і склеп былой пачатковай школы, дзе пачынаў сваю вучобу паэт Максім Танк. На пачатку вёскі стаіць абэліск памяці вяскоўцаў, якіх спалілі карнікі. Галіну Фарыно, жыхарку суседняга Гарадзішча, таксама маглі забіць падчас той акцыі. Але дажыла да нашых дзён і захавала цудоўную ўсьмешку. У 1943 годзе Галіне было 20. Ці не таму яна так доўга жыве і ўсьміхаецца, што нават тады, у ліхую пару, бачыла ў людзях найперш людзей, а не салдат і ворагаў?

— Я іх, немцаў, надта баялася. Хоць некаторыя былі добрыя. Засьмяецца і паехаў на кані. І партызаны нічога ж былі. Як я іх вазіла, дык былі яны вельмі добрыя.

На загад партызан Галіна перавозіла ноччу на сваім кані партыю зброі ў партызанскі лягер. Зрэшты, гэта не дапамагло захаваць каня.

— Добрыя, нічога ня скажаш. Аружыю нагрузілі сваю. У мяне быў конь. Мужык мой быў на вайне. А конь быў незабрадзены. Пасьля забралі каня ў мяне. І я іх вазіла на гэтым кані. А што зробіш? Трэба. Нагрузілі зброі цэлы воз. Завязла аж пад Куранец. Плакала. А дзе ж я адмоўлюся? Хоць і плач, але вязі. Добрыя былі. Ня білі, не пагражалі. Нічога. Толькі каб скарэй гнала.

Над брамай у Чарняўскага вісіць надпіс: «Скленікова 1324».

— У 16-м стагодзьдзі згадваецца воласьць Скленікоўская. На мапах Вялікага Княства таксама Скленікова. 1324 год, гэта першае ўпамінаньне Мядзела. Рыцары пісалі, што яны пабывалі ў Полацкай зямлі і разбурылі замак Мядзелскі ў воласьці Скленікоўскай. Адсюль я і ўзяў гэтую лічбу.

Адносна беларускай будучыні Міхаіл называе сябе асьцярожным аптымістам. Бо турыстаў больш не становіцца, але большае цікавасьць беларусаў да свайго.

— У 90-х гадах былі турысты. На Нарач прыяжджалі аўтамабілісты з Англіі, з Галяндыі. Я там стану са сваімі вырабамі, дык расхоплівалі толькі так.

Дадому я вяртаўся не з пустымі рукамі. А з добрым куфлем і з скарбонкай для дзяцей. Хай кідаюць новыя манэты. Мо за год не змарнеюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG