Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі падарожнік Пётар Карвэцкі на сваім джыпе аб’ехаў Эўропу, Каўказ, палову Афрыкі і Блізкі Ўсход. Апошнія некалькі гадоў ён і яго аўтамабіль – пастаянныя госьці на беларускіх дарогах і беларускай бездаражы. Сваімі ўлюбёнымі маршрутамі Карвэцкі дзеліцца з чытачамі Свабоды.

Маршруты, пра якія пойдзе гаворка ў гэтай сэрыі рэпартажаў, цікавыя ня толькі праз экстрым на дарогах, а найперш дзякуючы мясьцінам, дзе мы пачынаем і завяршаем нашае падарожжа. Наш джып — толькі інструмэнт, дзякуючы якому мы можам трапіць у цікавыя месцы нетрадыцыйным шляхам і, часам, з дозай адрэналіну. Пры нагодзе можна ўбачыць Беларусь знутры, так бы мовіць, ня толькі фасад, але і задні двор.

Ашмяны — Залесьсе

Ашмяны — былая сталіца гістарычнага Ашмянскага павету ў часы Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў і ІІ Рэчы Паспалітай. Сёньня гэта прыгожы і дагледжаны раённы цэнтар у Гарадзенскай вобласьці, дзе жыве 15 тысяч чалавек, зь якіх каля 30% — палякі.

Цікавае месца ў горадзе — стары каталіцкі касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла ў цэнтры Ашмян. Яго пабудавалі на мяжы стагодзьдзяў. Нядаўна падчас рамонту ўнутры адной з калёнаў знайшлі каменны шар, у памяць аб масавым забойстве мясцовых жыхароў падчас Лістападаўскага паўстаньня.

Падчас паўстаньня горад быў захоплены паўстанцкімі атрадамі пад камандаваньнем палкоўніка графа Караля Пшэзьдзецкага, уладальніка Смаргоні, і дамініканіна кс. Ясінскага. У склад гэтых атрадаў уваходзілі жыхары Ашмянаў і ваколіцаў. 15 красавіка 1831 году падчас нападу на Ашмяны 1500 расейскіх карнікаў пад камандаваньнем палкоўніка Вяршуліна ўступілі ў бой зь некалькімі дзясяткамі жаўнераў тылавой аховы Пшэзьдзецкага, якая адступала ў Налібацкую пушчу.

Расейскія войскі спалілі горад і забілі шмат яго жыхароў. У дамініканскім касьцёле, які, на жаль, не захаваўся да нашых часоў, схавалася некалькі сотняў ашмянцаў. Многіх зь іх казакі забілі стрэламі па касьцёле з гарматаў. Тых, хто здолеў выжыць абстрэл, дабівалі штыкамі. У той дзень загінула каля 300 чалавек. Каменны шар быў замураваны ў калёну новага касьцёла, які пабудавалі побач як напамін пра гэтую страшную бойню. За савецкім часам касьцёл быў ператвораны ў склад і шар зьнік. Але калі пачаўся рамонт, яго знайшлі. Некалі пра гэтую падзею нагадвала і шыльда ў касьцёле, але на жаль яна беззваротна зьнікла. Неўзабаве ў касьцёле зьявіцца новая шыльда, побач з каменным шарам, як напамін пра страшную старонку гісторыі Ашмян.

На старых каталіцкіх могілках, якія месьцяцца на прыгожым пагорку на ўскраіне гораду, захавалася старая драўляная капліца. Гэта былы дамініканскі касьцёл, які разабралі і перанесьлі ў новае месца. На гэтых могілках, якія пагоркамі і агульным настроем нагадваюць віленскія Росы, стаіць мноства каменных помнікаў. Сярод іх ёсьць і масавае пахаваньне ахвяраў савецкага злачынства. У ноч з 23 на 24 чэрвеня 1941 году ў мясцовай сталінскай турме НКВД было забіта 57 жыхароў Ашмянаў і ваколіц. Нядаўна ў гэтым месцы паклалі вялізную мармуровую памятную пліту.

Побач можна пабачыць могілкі жаўнераў, якія загінулі падчас польска-бальшавіцкай вайны. Сярод белых крыжоў ёсьць магіла ўдзельніцы паўстаньня Каліноўскага Евы Камаровай, якая памерла ў 1933 годзе ва ўзросьце 93 гадоў. Побач магіла яе дачкі Адэлі, якая памерла ў 1959 годзе ва ўзросьце 73 гадоў. Адэля была жаўнеркай на польска-бальшавіцкай вайне. Яе пахавалі побач з былымі паплечнікамі.

Дарога...

Наша падарожжа мы пачынаем ад белага каталіцкага касьцёла Сьвятога Міхала Арханёла ў цэнтры горада і кіруемся на паўночны ўсход, у бок Астраўца. Некалькі кілямэтраў за Ашмянамі мы збочваем з асфальту ў бок вёскі Працкаўшчына, і адсюль пачынаецца нашае падарожжа па бездаражы. Цікавыя пагорыстыя мясьціны, лугі, па якіх свабодна лёсаюць калгасныя коні. Шырокая грунтавая дарога.

Ля адзінай у вёсцы Ціханы студні
Ля адзінай у вёсцы Ціханы студні

Далей вёска Ціханы, у якой жыве 7 чалавек і дзе ёсьць толькі адна студня зь пітной вадой і мноства бусьліных гнёздаў. Пасьля пагорыстай мясцовасьці, паваротаў, спускаў, вузкай грунтавой дарогай мы даяжджаем да Вялікіх Шумілішак. Гэта паміраючая вёска са старымі людзьмі. Увесну і позьняй восеньню трапіць туды зь Ціханоў няпроста. У гэты пэрыяд дарога ператвараецца ў балоцістую паласу перашкодаў. Але з добрым прывадам і шынамі ўсё ўдасца.

Некалі каля вёскі Вялікія Шумілішкі — па левым баку ў бок Жупранаў — быў фальварак Сасіноўскіх. Дачка апошняга ўладальніка маёнтку, якую звалі Маляй, была жонкай апошняга ўладальніка палацу ў суседніх Навасёлках — графа Францішка Гутэн-Чапскага. На жаль сёньня на месцы былога палацу — калгасныя руіны.

Пётар Карвэцкі і жыхар Вялікіх Шумілішак Эдвард Зык
Пётар Карвэцкі і жыхар Вялікіх Шумілішак Эдвард Зык

Мы паварочваем акурат туды. Невялікі, але жахлівы кавалак паласы перашкодаў з гліны і глыбокімі на мэтар каляінамі, поўнымі вады, і мы на дарозе ў Жупраны. Калі б мы павярнулі ўлева, то даехалі б да старажытнай ваколіцы Клеі. Калісьці ваколіцай называлі абшар, дзе на хутарах жылі прадстаўнікі аднаго шляхецкага роду. У Клеях нашчадкі мясцовай шляхты жывуць да гэтай пары.

Але мы ізноў едзем грунтавой дарогай на паўднёвы захад — у бок Жупранаў. Па правым баку мы мінаем рэшткі былых хутароў, а па левай мільгацяць дахі амаль мёртвых вёсачак — Валойцяў і Баранцаў. Калі ехаць дарогамі ў гэтай ваколіцы падчас вясеньняга ворыва, то можна пабачыць непаўторную сцэну... Буслы адзін за адным прызямляюцца за трактарамі і дзяўбуць з разаранай зямлі чарвякоў. Дзясяткі, а можа і сотні буслоў, адзін за адным крочаць за трактарамі. Бліскучая карціна.

Праз імгненьне з-за пагоркаў зьяўляюцца чырвоныя цагляныя вежы жупранскага касьцёла. Яго ў 1854-1875 гадах пабудаваў граф Адам Гутэн-Чапскі. Уся гэтая ваколіца цягам некалькіх стагодзьдзяў была альбо каталіцкая, альбо кальвінская. Праваслаўных у ваколіцах Жупранаў вельмі мала. Таму ў краявіды пераважаюць каталіцкія крыжы і вежы касьцёлаў. Праваслаўныя жывуць у вялікіх супольнасьцях на паўднёвым захадзе рэгіёну.

Жупраны цікавыя ня толькі касьцёлам, каля якога захаваліся старадаўнія магілы заслужаных мясцовых жыхароў, сьвятароў — у тым ліку і магіла закатаванага бальшавікамі ў 1920 годзе жупранскага пробашча кс. Кнобэльдорфа. Вельмі цікавае месца — парафіяльныя могілкі. Побач з касьцёлам стаіць помнік беларускаму і польскаму паэту, герою двух народаў, герою паўстаньня Каліноўскага, сябру Элізы Ажэшкі — Францішку Багушэвічу і іншым чальцам яго сям’і. Жупранская зямля — гэта менавіта яго (па сакрэце дадам, што і мая) улюбёная зямля, якую ён усхваляў у вершах.

Мы пакідаем Жупраны і, праяжджаючы дарогу Смаргонь-Ашмяны, кіруемся на поўдзень. Адразу за Жупранамі мы паварочваем улева з галоўнай дарогі на мост на рацэ Ашмянка і ў Замасьцянах выяжджаем на амаль нябачную сьцежку, якая вядзе ўлева, у бок таямнічых парослых пагоркаў.

Чаму таямнічых? Бо на гэтых пагорках, у прынцыпе адным магутным пагорку, які некалі называлі Пэліканам, стаяла стагодзьдзі таму ўмацаванае паселішча з каменным касьцёлам усярэдзіне. Паводле легенды, аднойчы ўначы ён праваліўся пад зямлю разам з усім паселішчам. Невядома, ці гэта толькі легенда, але нейкая вусьціш ад гэтага пагорка сапраўды ідзе. Магчыма нешта ў гэтым ёсьць. Едучы сярод дрэваў вузкай сьцежкай з выбоінамі, мы мінаем малыя лужыны са сьмярдзючай вадой. Апрача смуроду, гэтая вада страшэнна каламутная, а ямы вельмі глыбокія. Я называю іх д’яблавымі вачыма. Некалі, калі я ўпершыню туды паехаў, перад тым, як рушыць па гэтай лужыне, нешта падказала мне выйсьці, узяць двухмэтровую палку і спраўдзіць глыбіню. А там... Гушчэча, гушчэча, усё глыбей і глыбей і... не хапіла палкі. Толькі нешта пачало булькатаць. Калі б я паехаў машынай без праверкі, то патапіў бы яе ў д’яблавым воку.

Вяртаньне з гары Пэлікан
Вяртаньне з гары Пэлікан

Хоцькі-няхоцькі мне давялося вырубіць па правым баку некалькі дрэўцаў, нажом зьбіць галіны і кусты, і праз больш як гадзіну я здолеў праехаць далей. Гэта было амаль на вяршыні гэтага пякельнага Пэлікана. Празь некалькі сотняў мэтраў змаганьня з густым іглістым лесам мы даяжджаем да гары. Наверсе, на скрыжаваньні, стаіць стары драўляны крыж. Сёньня ад таго скрыжаваньня мала што засталося. Дарогі былі некалі. Яны вялі да вёсак, засьценкаў і хутароў, якіх ужо ня знойдзеш на мапе.

Праз некалькі хвілін мы едзем на захад. Праяжджаем праз Рачкяны — старажытнае паселішча смалакураў. Тут некалі была славутая Жупранская пушча, у якой лавілі мядзьведзяў для Смаргонскай акадэміі. Праз пагорыстую, пясчаную і каламутную дарогу мы едзем у бок Кушлянаў. Паміж Рачкянамі і Кушлянамі, калі пашчасьціць, можна ўвосень пабачыць незвычайную карціну. Табун зь дзясятка коней нясецца па полі альбо выходзіць на дарогу зь лесу. Іх выпускаюць з калгасу ў суседніх Асіпанах і некалькі месяцаў яны вандруюць ад Смаргоні да Ашмян — некалькі дзясяткаў кілямэтраў у адзін і другі бок. Цудоўная карціна. Паварочваем управа на асфальтавую дарогу і празь некалькі сотняў мэтраў мы ў Кушлянах. Гэта гістарычная сядзіба многіх шляхецкіх родаў. Але пра Кушляны мы пагаворым іншым разам.

Паміж Рачкянамі і Кушлянамі
Паміж Рачкянамі і Кушлянамі

Мы пакідаем Кушляны з рэшткамі палацу баронаў Шафнагляў па правым баку. Мінаем штучнае возера (некалі там стаяў млын), у якім габрэй Янкель 100 гадоў таму пабачыў затопленыя скрыні з золатам. Дастаў іх, дарэчы, барон Шафнагель і, зразумела, прысабечыў. І вось мы ізноў у балоце, жвіры і дзірках. Едзем на поўдзень, у бок Студзянца і Стымонаў, у напрамку пагоркаў на гарызонце. У пэрыяд дажджоў гэта вельмі балоцістая і цяжкая для звычайнага аўтамабіля дарога.

Па правым і левым баках бясконцыя калгасныя палі з выежджанымі каляінамі. Некалі тут стагодзьдзямі быў засьценак Манькавічы, у якім жылі амаль выключна мае сваякі па прозьвішчы Карвэцкі. Тут жа быў і маёнтак вядомай руска-літоўскай шляхты па прозьвішчы Стэрла-Арліцкі. Сёньня ад маёнтку і засьценку Арліцкіх не засталося нават сьледу. Апошніх зь іх бальшавікі ў верасьні 1939 года вывезьлі ў Казахстан, дзе яны, верагодна, і загінулі. У іх была дачка Валя, якая здолела ўцячы ад арышту. Яна хавалася па сваяках і знаёмых да 40-х гадоў, але саветы злавілі яе і таксама вывезьлі ў Казахстан.

Від з гары на Студзянец
Від з гары на Студзянец

Некалькі пагоркаў з дапамогай прываду 4×4 і мы даяжджаем да адной з найпрыгажэйшых мясьцін Беларусі. На пагорку, на самай яго вяршыні, бачныя рэшткі мураванай з камянёў капліцы і рэшткі крыжа з надпісам: «Божа, будзь літасьцівы да мяне грэшнага — 1905».

Від з гэтага месца ўражвае. Адсюль бачна ўсё на адлегласьці больш за дзесяць кілямэтраў. На поўнач — дык нават некалькіх дзясяткаў. З гэтага чароўнага месца бачныя вежы АЭС у Астраўцы каля літоўскай мяжы. Тысячы вялізных цюкоў зь сенам ствараюць неверагодную карціну. Сотні, а можа і тысячы, кароў, што пасуцца на гэтым дзясятку кілямэтраў. Падчас маіх падарожжаў па Смаргоншчыне я часам разьбіваю тут лягер. Гляджу на зоркі на небе, вакол цішыня, толькі чутныя крыкі птаства. Часам прыбяжыць нейкая жывёла, ліс альбо дзік, а я п’ю гарбату і ем запечаную на вогнішчы кілбасу.

Я доўга шукаў, хто ж паставіў гэтыя капліцу і крыж. Дата вядомая, але хто і навошта, пра што надпіс на крыжы? Што ж такое здарылася ў гэтым месцы? Зусім нядаўна ад самай старой жыхаркі Студзянца, які ляжыць за пару сотняў мэтраў ад гары, я даведаўся, што крыж паставіў набожны жыхар гэтае вёскі па прозьвішчы Мацэвіч. Гэта быў выраз радасьці пасьля прынятага ў 1905 годзе ўказу пра свабоду народаў Расейскай імпэрыі. Гэты ўказ дазваляў будаваць новыя касьцёлы, капліцы, а таксама пісаць і друкаваць на нацыянальных мовах.

Праяжджаем скрыжаваньне Студзянец-Стымоны і трапляем у мясьціны, дзе жывуць пераважна праваслаўныя — у вёска Хвецавічы. Уяжджаем у вёску і паварочваем улева, едзем некалькі сотняў мэтраў брукаванай «пабудаванай за палякаў дарогай» паміж драўлянымі, старэнькімі дамамі. Падчас праезду нас суправаджаюць зьдзіўленыя вочы згорбленых бабуль. Так выглядае рэальнасьць даваенных вёсак і засьценкаў, якім сёньня па некалькі сотняў гадоў. Цікавінка гэтай вёскі — пахаваньні на мясцовым могільніку. Там ёсьць некалькі пахаваньняў з прозьвішчам Касьцюшка. Можа гэта сваякі вядомага жаўнера і героя многіх народаў?

Крыж на гары ля Студзянца
Крыж на гары ля Студзянца

У Хвецавічах, у канцы вёскі, па правым баку — перад паваротам на Сазоны — стаяў некалі маёнтак шляхціца Сланеўскага, які пазьней належаў абшарнікам Тарлецкім, а таксама фальварак сям’і Жук, які прастаяў ажно да вайны. Пасьля прыходу «першых саветаў» у 1939 годзе ўсю сям’я Жукоў выслалі ў Сыбір. Таксама і пані Тарлецкую спаткаў падобны лёс, але ўжо ў канцы 40-х, падчас калектывізацыі.

Сёньня няма абшарнікаў, няма кулакоў, няма гаспадароў, няма нічога... Толькі сум у вачах старых людзей. Як сказаў мне калісьці чалавек у Сэрвачы каля Вялейкі, дзе да вайны стаяў прыгожы палац Козел-Паклеўскіх, а сёньня руіны:

«...Прыйшлі першыя бальшавікі і пачалі танкамі разрываць муры палацу. А мы, што жылі ў дамах, якія збудаваў Паклеўскі, пыталіся: навошта вы гэта робіце, гэта ж дом, там можна жыць, а савецкі камісар адказаў: мы прыйшлі зьнішчыць стары сьвет і парадак, будзем будаваць новы сьвет. — І пасьля гэтай гісторыі дзед дадаў: — Стары зьнішчылі, а новага так і не пабудавалі».

За Хвецавічамі мы едзем шырокай грунтавой дарогай праз Сазоны ў бок Вялікай Мысы. Мінаем вёску Сазоны і ў тумане пылу з-пад колаў (калі суха) даяжджаем да вёскі Караваі. Вялікая частка жыхароў вёскі, як кажа сама назва, пякла вясельныя караваі. І калі нехта рабіў вясельле ў ваколіцы Смаргоні, Солаў альбо Жупран, то абавязкова ехаў сюды, каб заказаць абрадавы пачастунак. Яшчэ і сёньня шмат людзей у гэтай вёсцы маюць прозьвішча Каравай. Пасьля патройнага скрыжаваньня паварочваем улева, пакідаючы Караваі па правым баку, і праз Галяшонкі едзем шырокай лясной насыпанай друзам дарогай у Вялікую Мысу.

Ваколіцы Вялікай Мысы
Ваколіцы Вялікай Мысы

Некалі гэта была вялікая і дагледжаная вёска. У XIX ст. яна належала арыстакратычнаму роду Букатых, а пазьней, да 1939 года, роду Карпаў. На ўезьдзе ў вёску, па левым баку дарогі, рэшткі штучнага кургана, які сяляне насыпалі яшчэ ў часы паншчыны. На гэтым месцы былі прыватныя могілкі сем’яў, якія валодалі гэтымі ваколіцамі. Гэты курган называлі «Пеўнем». Наконт назвы ёсьць цэлая легенда, але тут ня тое месца, каб пра гэта распавядаць. Ад могілак засталося няшмат. Большасьць помнікаў і надмагільных плітаў мясцовыя выкарысталі для падмуркаў дамоў альбо яны закапаныя глыбока ў зямлі. Ад кургана засталіся толькі дзьве пліты, якія нагадваюць пра гісторыю гэтай зямлі: ля падножжа, у густых кустах пліта Аляксандра Букатага, які памёр у 1892 годзе, а наверсе пліта Гэлены Сьвянчкоўскай-Букатай, якая памерла ў 1861 годзе ва ўзросьце 85 гадоў. Больш нічога. Прыгожы клясыцыстычны двор спалілі пасьля вайны, а гаспадарчыя пабудовы зруйнавалі і разабралі на пачатку 2000-х.

Падчас І сусьветнай вайны праз ваколіцы тры гады праходзіў нямецка-расейскі фронт, а ў вёсцы разьмяшчаўся нейкі важны штаб і пункт камандаваньня артылерыяй. Менавіта таму вакол кургана і ўнутры яго былі збудаваныя магутныя бункеры. Яны часткова захаваліся і да нашага часу.

Празь вёску вядзе разьбітая асфальтава-брукаваная дарога. Уся на дзірках. Празь некалькі сотняў мэтраў паварочваем каля невялікай крамы ўлева і палявой дарогай едзем у бок лесу.

Залесьсе Міхала Клеафа Агінскага
Залесьсе Міхала Клеафа Агінскага

Гэта вельмі небясьпечны адцінак, з глыбокімі, поўнымі вады ямамі, глыбокімі каляінамі. На мінімальнай хуткасьці з прывадам на 4 колы і ўключаным рэдуктарам павольна ўяжджаем і выяжджаем зь ямаў. Рабіць гэта трэба вельмі ўважліва, бо побач мноства вялізных камянёў. Нягледзячы на высокую падвеску можна пашкодзіць вал альбо заднюю вось. Трэба быць уважлівым, бо машыну можа пацягнуць у бок, у балота альбо ў глыбокі мэтровы роў. Аднойчы на гэтай дарозе я быў вымушаны выбірацца сам, прымацаваўшы канат да дрэва. Іншым разам мне давялося сячы паваленае віхурай дрэва.

Некалькі кілямэтраў мы едзем хвалістай лясной дарогай і даяжджаем да асфальту. Паварочваем улева і пару сотняў мэтраў праз праваслаўную вёску Цары едзем у бок мэты нашага падарожжа — Залесься. Дарэчы, у міжваенны час вёску Цары перайменавалі ў гонар Канстытуцыі 3 траўня менавіта ў 3 траўня. Так яна называлася да 1945 годы, але потым новая ўлада вярнула старую назву. Едучы асфальтам празь вёску, даяжджаем да рачулкі Бялай і перад мостам паварочваем улева ў вёску Пасынкі. Мясцовыя дбаюць пра эстэтыку. У дварах каляровыя ветракі, драўляныя каляровыя буслы, заяц на сьвіньні, саламяны вясковец і баба з граблямі. Досыць сымпатычная карціна. Праз 2 км мінаем падобную сваёй эстэтыкай вёску Байбы.

Пасьля выезду з Байбаў мы спыняемся перад асфальтавай дарогай з дылемай... Ехаць напрасткі праз калгаснае поле альбо навокал гэтага вялізнага абшару, асфальтавай дарогай праз Перабновічы і далей грунтавой дарогай праз Міхневічы да Залесься?

Заслужаны абед у палацавым парку
Заслужаны абед у палацавым парку

Выбар залежыць ад пары году. Калі палі засеяныя, то можна зьнішчыць збожжа альбо кукурузу. Восеньню, зімой альбо раньняй вясной такой праблемы няма, дык тады можна рызыкнуць і паехаць напрасткі. Едучы выключна паводле азімуту (бо дарогі альбо сьцежкі тут няма) напрасткі, праз мэліярацыйныя равы, драўляныя шлягбаўмы і абмінаючы электрапастухі, празь некалькі кілямэтраў мы нарэшце ў Атэнах Поўначы, у Залесьсі. А што там ёсьць?

Цудам ацалелы, захаваны ад савецкага зьнішчэньня, два гады таму адрамантаваны парк і палац — Музэй Міхала Клеафаса Агінскага — арыстакрата, кампазытара, удзельніка паўстаньня Касьцюшкі. Агінскі — гэта адна з самых заслужаных постацяў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў. І без сумневу — героя беларускага і польскага народаў. Але Залесьсе будзе нашай чарговай, іншай гісторыяй.

Рэкамэндую гэты адцінак маршруту, з вострымі адчуваньнямі і вялікай порцыяй гісторыі.

Пётар Карвэцкі

Працяг будзе...

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG