Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сілавікі «магутныя» толькі тады, калі змагаюцца з апазыцыяй


Пра што кажа інцыдэнт з уварваньнем апэратыўнікаў у дом новага старшыні Аршанскага райвыканкаму Леаніда Пянькоўскага? Што азначае прэзыдэнцкі кадравы рэестар і ці ёсьць у Беларусі недатыкальныя асобы? Ці можна казаць пра ўсёмагутнасьць беларускіх сілавікоў, ці гэта толькі распаўсюджаны міт? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць публіцыст Аляксандар Фядута і былы старшыня Вярхоўнага Савету, генэрал міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Аляксандар Лукашэнка даручыў старшыні Сьледчага камітэту Івану Наскевічу асабіста разабрацца з уварваньнем апэратыўных службаў у дом новага старшыні Аршанскага райвыканкаму Леаніда Пянькоўскага.

«Хто даў права да чалавека, узгодненага да прызначэньня прэзыдэнтам, урывацца ў дом? Бо для таго, каб праваахоўным органам нават весьці нейкія расьсьледаваньні па чалавеку, які ўваходзіць у кадравы рэестар прэзыдэнта, трэба згода прэзыдэнта», — сказаў Лукашэнка. Наколькі адпавядае закону і прынцыпу падзелу ўладаў гэтая заява Лукашэнкі?

Фядута: Наколькі я разумею, павінен існаваць перш за ўсё закон, а ня толькі кадравы рэестар. І калі чалавек нешта парушыў, што дае падставы разглядаць яго ў якасьці падазраванага альбо падсьледнага — то пры чым тут прэзыдэнт? Кіраўніку дзяржавы трэба было раней думаць, калі ён яго прызначаў.

Іншая справа, што ў савецкія часы існаваў намэнклятурны звычай, згодна зь якім па асобах, якія займалі высокія кіраўнічыя пасады, можна было заводзіць справу толькі пасьля таго, як гэта было ўзгоднена з пэўнымі інстанцыямі. Але я пра гэта чытаў толькі ў артыкулах і кнігах, а паважаны Мечыслаў Іванавіч ведае гэта як першакрыніца.

Аляксандар Фядута
Аляксандар Фядута

Грыб: Кадравы рээстар быў даўно — райкаму, гаркаму, абкаму, ЦК. Усе кадравыя вылучэнцы знаходзіліся ў гэтым рэзэрве — і, адпаведна, знаходзіліся пад пэўнай апекай. І тады праваахоўныя органы не маглі адкрыта праводзіць апэратыўна-вышуковыя мерапрыемствы адносна гэтых людзей, не ўзгадніўшы пытаньне з райкамамі партыі. За выключэньнем тых выпадкаў, калі такія асобы былі затрыманыя на месцы злачынства.

Так атрымалася і ў нашай незалежнай Беларусі пасьля абраньня прэзыдэнта — да прэзыдэнта такога не было.

Я хачу зьвярнуць увагу, што ўсе грамадзяне Беларусі маюць аднолькавыя правы і абавязкі, усе павінны выконваць Канстытуцыю і законы. А калі праваахоўныя органы перавысілі свае паўнамоцтвы ў сёньняшняй Беларусі — то адказнасьці за гэта нібыта ніякай няма. Калі ж правялі «мерапрыемства» адносна чыноўніка — то адразу нясуць адказнасьць. Гэта цалкам незаконна.

Мечыслаў Грыб
Мечыслаў Грыб

Цыганкоў: Былі ўжо тлумачэньні, што старшыня райвыканкаму нібыта проста не выходзіў на сувязь. Як на маю думку, дык гэта вельмі нязграбныя тлумачэньні — чалавек не адказаў на тэлефанаваньні, таму вырашылі ўварвацца ў ягоны дом. А сярод шматлікіх паўнамоцтваў прэзыдэнта Беларусі няма права ўмешвацца ў працу сьледчых органаў...

Фядута: Гэта далёка ня першы выпадак, зьвязаны зь перавышэньнем паўнамоцтваў прэзыдэнтам. Узгадаем, як Лукашэнка даў загад вызваліць Паўлючэнку, абвінавачанага па справе аб зьнікненьні беларускіх палітыкаў. Гэта было, бадай, найбольш буйным прыкладам умяшаньня ў справы сьледзтва.

Можна ўзгадаць, як пасьля «эвакуацыі» дэпутатаў апазыцыі з залі Вярхоўнага Савету ў 1995-м прэзыдэнт абяцаў перадаць сьледзтву і грамадзтву ўсе доказы таго, што там адбывалася. І так нічога і не аддаў, бо гэтыя запісы сьведчылі супраць афіцыйнай вэрсіі. Тое, што кіраўнік дзяржавы гэтак парушае заканадаўства — гэта вельмі і вельмі кепска.

Цыганкоў: Можа, гэты аршанскі інцыдэнт сьведчыць пра тое, што праваахоўныя органы адчулі сваю сілу, уплыў — і пачалі рабіць тое, што, на думку Лукашэнкі, трэба прыпыніць? Можа, кіраўнік дзяржавы палічыў, што трэба іх трошкі прыструніць?

Фядута: Гэта звычайны спэктакль. Наўрад ці сьледчыя органы без папярэджаньня кіраўніка Віцебскай вобласьці паспрабавалі б гэта зрабіць.

Цыганкоў: А мэта гэтага спэктакля?

Фядута: Давесьці да чынавенства, хто ў Беларусі сапраўды прымае рашэньні.

Цыганкоў: Сілавікі — самае моцнае зьвяно ў структуры беларускай улады. Ці кажа гэты аршанскі інцыдэнт, што Лукашэнка захацеў зноў нагадаць, хто самы галоўны ў краіне?

Ніводзін начальнік райаддзелу ня будзе выходзіць на прэзыдэнта, ніхто яго проста ня пусьціць туды

Грыб: Я згодны з тым, што казаў Аляксандар. Але ўявіце, наколькі цяжка працаваць супрацоўнікам апэратыўна-вышуковых органаў, калі ўсё трэба ўзгадняць. Асабліва па тых людзях, якія маюць уладу. Ніводзін начальнік райаддзелу ня будзе выходзіць на прэзыдэнта, ніхто яго проста ня пусьціць туды. Трэба прайсьці ўсе інстанцыі, дайсьці да міністра, і каб міністар палічыў неабходным зьвярнуцца да прэзыдэнта. А міністар ня вельмі хоча гэта рабіць. А гэта ўсё забірае час, ніткі злачынстваў абрываюцца, хаваюцца.

Цыганкоў: То бок вы лічыце, што ўсёмагутнасьць сілавікоў — гэта ілюзія? Яны магутныя, толькі калі змагаюцца з апазыцыяй?

Грыб: Так, толькі калі змагаюцца з апазыцыяй. Усёмагутнасьці няма, яны падкантрольныя пракуратуры, яна можа іх правяраць, заводзіць крымінальныя справы. А потым — яны падкантрольныя ўладзе, па гарызанталі і вэртыкалі.

Фядута: Ёсьць гістарычны анэкдот пра расейскага імпэратара Паўла Першага. Ён казаў, што ўплывовая асоба ў краіне адна — тая, зь якой я размаўляю, і да таго моманту, пакуль я зь ёй размаўляю.

Гэта тое, што адбываецца ў нас. У нас няма ўплывовых людзей, у нас ёсьць уплывовыя пасады. Уплыў людзей, якія займаюць гэтыя пасады, абмяжоўваецца іхнім доступам да прэзыдэнта. Да таго моманту, пакуль прэзыдэнт прыслухоўваецца да гэтага чалавека — ён сапраўды ўплывовы. І ягоны ўплыў сканчаецца роўна ў той момант, калі Лукашэнка перастае яго слухаць.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG