Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога ідэоляга з Асіповічаў вінавацяць, што «замініраваў» КДБ і раённую міліцыю


Былога намесьніка старшыні Асіповіцкага райвыканкаму Аляксандра Шаўлюгу вінавацяць у «мініраваньні» будынкаў мясцовага КДБ і раённай міліцыі. Супраць яго распачалі крымінальную справу за «заведама ілжывае паведамленьне пра падрыхтоўку выбуху, якое стварала небясьпеку для жыцьця і здароўя людзей». Былому ідэолягу пагражае пяцігадовае зьняволеньне.

«Узбуджаная крымінальная справа і высьвятляюцца акалічнасьці», — сказала афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту па Магілёўскай вобласьці Аксана Салянюк.

Шаўлюга на волі, але кантактаваць з журналістамі ня хоча. З сайта Асіповіцкага райвыканкаму зьвесткі пра яго прыбралі. Калегі гаварыць пра Шаўлюгу ня хочуць. Кажуць, што такога супрацоўніка ў іх больш няма.

Былы ідэоляг пакуль застаецца кіраўніком раённай арганізацыі «Беларускага фонду міру» — прынамсі, зьвесткі пра гэта на сайце райвыканкаму пакуль ёсьць. Намесьнік старшыні праўленьня грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі фонд міру» Аляксандар Чырко характарызуе Шаўлюгу як добрага працаўніка.

«Як супрацоўнік „Беларускага фонду міру“ ён нармальна выконваў свае абавязкі. Нараканьняў да яго не было. Працаваў з моладзьдзю, — кажа ў гутарцы з карэспандэнтам Свабоды Аляксандар Чырко. — Падрабязнасьцяў таго, што зь ім адбылося, я ня ведаю. Камэнтаваць сытуацыю не магу. У ёй разьбяруцца кампэтэнтныя органы».

Кіраўніку раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы Сямёну Бародзічу даводзілася кантактаваць зь цяпер ужо былым ідэолягам. ТБМавец кажа, што Шаўлюга — тыповы чыноўнік і нечым асаблівым не вылучаўся. Прыгадаў, як дамагаўся, калі яшчэ працавала раённае радыё, каб па ім перадавалі болей беларускага:

«Тады Шаўлюга адпісаўся, што ў нас усё зь беларускай моваю ў парадку. Маўляў, выконваецца прапорцыя — 80 працэнтаў расейскай мовы і 20 працэнтаў беларускай. Але і гэтая прапорцыя не выконвалася, і наша радыё так і не загаварыла па-беларуску».

«Шаўлюга быў звычайным чыноўнікам, — працягнуў ТБМавец. — На дзяржаўную службу пайшоў з пасады ў раённай паліклініцы. Відаць, убачыў — альбо паабяцалі яму — кар’ерны рост на чыноўніцкай пасадзе».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG