Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ваўкавыску збудавалі дом... на трубе. І цяпер патрабуюць разабраць


У Ваўкавыску сямʼя Садоўскіх з дазволу ўладаў пабудавала «каробку» дома, накрыла дахам, а пасьля высьветлілася, што дом стаіць на магістральным вадаводзе. Цяпер ім кажуць, што дом трэба зносіць. Людзі аргумэнтуюць, што ўсё адбылося ня зь іхнай віны, улады мусяць перакласьці вадавод. Падчас спрэчак высьветлілася, што і суседнія дамы таксама стаяць на вадаводзе.

У сямʼі Садоўскіх двое дзяцей, ёсьць унукі. Дом яны вырашылі пабудаваць на два канцы, каб у ім маглі жыць разам семʼі дзяцей. Участак побач з прыватным домам дазваляў гэта зрабіць.

адоўскія Віталь, Казімір і Ганна паказваюць дзе праходзіць магістральны вадавод
адоўскія Віталь, Казімір і Ганна паказваюць дзе праходзіць магістральны вадавод

Садоўскія атрымалі дазвол на будаўніцтва, папярэдне прайшлі ўсе неабходныя працэдуры ў службах райвыканкаму. На месца выяжджалі адмыслоўцы, праводзілі замеры, абсьледавалі, выдалі неабходныя дакумэнты. Пра гэта ўсё расказвае гаспадыня — Ганна Садоўская. І ня можа стрымаць сьлёзы:

Ганна Садоўская
Ганна Садоўская

«Як цяпер памятаю, што прыяжджаў да нас асабіста былы начальнік „Водаканалу“ Валянцін Сахацкі, які цяпер на пэнсіі. Абышоў наш участак і сказаў, што ўсё ў парадку, можам будавацца. Потым мы атрымалі ўсе іншыя паперы для будаўніцтва, узгаднілі іх у выканкаме, выканкам гэта ўсё зацьвердзіў сваім рашэньнем і выдаў нам дазвол».

У 2015 годзе, паводле спадарыні Ганны, пачалося будаўніцтва. А як сталі падводзіць камунікацыі, высьветлілася, што частка пабудаванага дома стаіць на магістральным вадаводзе. Дыямэтар вадаводу — 300 мілімэтраў, ціск у ім звыш 5 атмасфэр.

«Прыяжджае той самы Сахацкі і кажа мне: дом стаіць на трубе, і таму давядзецца будынак разьбіраць. Мы былі ў шоку. Панаехалі начальнікі, камісіі, пачалі на нас крычаць, рабіць вінаватымі — нават суседзі палохаліся. У выніку ўсе службы, якія далі дазвол на будаўніцтва, разам адмахнуліся — маўляў, нічога ня ведаем».

Віталь, сын спадарыні Галіны, дадае, што падчас чарговай «разборкі» спадар Сахацкі прызнаўся: калі аглядаў участак, то не надзеў акуляры, недагледзеў. Але ўсё гэта не вырашае праблемы.

Спадарыня Ганна кажа, што раніцай прыяжджала галоўны архітэктар і прывозіла на подпіс паперы:

«Я адмовілася нешта падпісваць, бо сама ўжо ня ведаю, што яны могуць мне падсунуць. Будзем шукаць адваката. Але нам цяпер прыпынілі будаўніцтва — прыслалі адмысловую паперу. Я не магу зразумець: куды глядзелі гэтыя службы, калі выдавалі дазволы на будаўніцтва?»

Казімір Садоўскі, гаспадар дому, кажа, што гэта яшчэ ня ўся праблема. І паказвае на суседзкія дамы:

«Мы паставілі пакуль толькі каробку з дахам, а вось нашы суседзі насупраць ужо па некалькі гадоў жывуць на гэтым самым магістральным вадаводзе. Хто даваў ім дазвол на будаўніцтва і хто будзе адказваць, калі, ня дай Бог, здарыцца аварыя?»

Спадарыня Ганна кажа, што цяпер у іх да ўладаў толькі адно патрабаваньне:

«Няхай адводзяць гэты магістральны вадавод з нашых участкаў і дазваляюць будавацца. Яны самі выдавалі нам дазволы, а цяпер пачынаюць нас вінаваціць. Так нельга, так ня можа быць. У нас на руках усе дакумэнты. У нас вялікая сямʼя, падрастаюць унукі, нам усім трэба недзе жыць».

У Садоўскіх сабраныя ўсе дазволы на будаўніцтва дома
У Садоўскіх сабраныя ўсе дазволы на будаўніцтва дома

Іх сын Віталь кажа, што, сутыкнуўшыся з гэтай сытуацыяй, канчаткова расчараваўся ў мясцовых ўладах:

«Відавочнай стала незаконнасьць дзеяньняў уладаў, а яны спрабуюць нас абвінаваціць. Гэта наўпрост парушэньне ня толькі законаў, нашых чалавечых правоў, але гэта парушае ўсякую мараль».

Галоўны архітэктар Ваўкавыскага райвыканкаму Сьняжана Ламаско сказала Свабодзе, што пакуль яны ня вырашылі, як разабрацца з гэтай праблемай, таму казаць нешта канкрэтнае адмовілася. Праўда, дадала, што Садоўскія каробку дома пабудавалі з парушэньнямі — маўляў, працавалі не адмыслоўцы.

У «Водаканале», на балянсе якога знаходзіцца вадавод, намесьнік галоўнага інжынэра Юры Беланожкін сказаў Свабодзе, што ўлады імкнуцца вырашыць праблему, але гэта ня так проста. Паводле яго, на тое, каб перакласьці вадавод, патрэбныя немалыя грошы:

«Намесьнік старшыні выканкаму езьдзіў у Міністэрства жыльлёвай гаспадаркі з просьбай выдзеліць сродкі на перакладаньне вадаводу, каб ён наагул не праходзіў па прыватным сэктары забудовы. Больш за тое, вадавод у эксплюатацыі ад 1983 году, і так ці інакш яго трэба мадэрнізаваць. Пакуль, наколькі мне вядома, канкрэтнае рашэньне не прынятае».

Садоўскія побач са сваім домам
Садоўскія побач са сваім домам

Спадарыня Ганна не перастае плакаць. Кажа, што людзі ў выканкаме проста не ўяўляюць, якіх намаганьняў ім каштавала збудаваць «каробку» і дах:

«Мы бралі крэдыт пад 68%, бо разумелі, што іншага выйсьця ня маем. Пагашалі ўсе, хто працуе, недаядалі, дзецям нечага не куплялі. А цяпер яны чыняць зьдзекі з нас... Я ўжо пачынаю трэсьціся, калі кажу пра гэта».

Спадарыня Ганна сказала Свабодзе, што яны накіравалі скаргі ў адміністрацыю Лукашэнкі, у пракуратуру раёну і ў аблвыканкам.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG