Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «жанчыны з крана» забіраюць апошні лапік зямлі


Галіна Ігнатовіч

Сёньня прадстаўнікі арганізацыі «Белгіпразем» і забудоўшчыка «Тапас» у суправаджэньні ўчастковага міліцыянта прыйшлі апісваць зямельны надзел Галіны Ігнатовіч. Пры канцы лютага жанчына стала вядомай тым, што ў знак нязгоды зь «несправядлівай кампэнсацыяй» за прымусовае высяленьне з дому на менскай вуліцы Ржавецкай узьлезла на вежавы кран і патрабавала сустрэчы з кіраўніцтвам гораду.

У выніку зацяжнога разбору было вырашана расьсяліць 11 чалавек у тры кватэры, але нявырашаным заставаўся лёс няўлічанага кавалка зямлі. Як сказала Свабодзе Сьвятлана Ігнатовіч, нявестка гаспадыні, побач з домам ёсьць участак памерам 20 сотак. На момант разьмеркаваньня кампэнсацыі на яго не было адпаведнай пастановы суду. Рашэньня няма дагэтуль, бо працэс працягваецца.

Тым ня меней пры падтрымцы ўчастковага рэвізоры правялі абмер зялёных насаджэньняў і агароджы. Па словах суразмоўніцы, гэта азначае толькі адно: «прававое бязьмежжа» працягваецца.

У сваю чаргу, Галіна Ігнатовіч запэўніла, што сёньня ж напіша скаргу на ўчастковага, які пагражаў ёй крымінальнай адказнасьцю за супраціў міліцыі, а таксама заяву ў пракуратуру ў сувязі зь незаконным пранікненьнем на прыватную тэрыторыю.

Да нядаўняга часу дом Ігнатовічаў заставаўся адзіным у атачэньні будаўнічых кранаў. Перадапошнюю прыватную забудову зьнесьлі летась. На гэтай тэрыторыі кампанія «Тапас» будуе жылы комплекс «Алімпік-парк».

1 сьнежня 2016 году суд Цэнтральнага раёну Менску пастанавіў выселіць жыльцоў дому па Ржавецкай вуліцы. Сярод іх гаспадыня Галіна Ігнатовіч, два яе сыны з жонкамі і дзецьмі, а таксама былы муж Галіны і яго новая жонка.

Забудоўшчык прапанаваў у якасьці кампэнсацыі тры двухпакаёўкі ў розных раёнах сталіцы, прычым у адну зь іх павінны былі засяліцца муж зь дзьвюма жонкамі — цяперашняй і былой. А Ігнатовічы хочуць атрымаць асобнае жыльлё для сыноў і грашовую кампэнсацыю для былых мужа і жонкі. Рашэньне аб высяленьні было абскарджана ў Менскім гарадзкім судзе, але скаргу там не задаволілі.

Першы раз знос дому Ігнатовічаў прызначылі былі на 1 лютага. Але напярэдадні жанчына пайшла на адчайны крок — узьлезла на вежавы кран, патрабуючы справядлівай кампэнсацыі за знос. Дзякуючы гэтаму яе сваякі атрымалі аўдыенцыю ў кіраўніцтва гораду, а пракуратура Менску прыпыніла судовае рашэньне аб высяленьні сямʼі Ігнатовічаў.

Неўзабаве рэзанансную гісторыю ўзяў на кантроль Аляксандар Лукашэнка і загадаў разабрацца. Заявіў, што «не павінен мужык жыць зь дзьвюма жонкамі адразу» — старой і новай.

Аднак на пачатку сакавіка Галіна Ігнатовіч атрымала ліст з пракуратуры Менску, у якім наглядны орган паведамляе: падставаў адмяняць рашэньне суду няма. Рашэньне зьдзівіла, бо 28 лютага тое ж самае ведамства вынесла пратэст на рашэньне Менскага гарадзкога суду аб высяленьні сямʼі, пра што заяўнікам паведамілі афіцыйным лістом. А літаральна праз суткі пазыцыя пракуратуры рэзка зьмянілася — пратэст быў адкліканы.

Тым часам прадстаўнікі кампаніі «Тапас» запэўніваюць, што кампэнсацыя за знос была прапанаваная згодна з законам і ў поўным абʼёме. Але паколькі спробы замірыцца ў дасудовым парадку аказаліся марнымі, то зьвярнуліся ў суд. Пасьля гэтага рукі для актыўных дзеяньняў былі разьвязаныя.

28 сакавіка 11 чалавек прымусова разьвезьлі па новых сталічных адрасах.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG