Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэзон паляваньня на бізнэсоўцаў


Валер Карбалевіч

Як вы думаеце, якая самая небясьпечная прафэсія ў Беларусі? Раней найбольш рызыкоўнай дзейнасьцю была апазыцыйная палітыка. Але ўжо паўтара года як апазыцыянэраў ня садзяць у турму, а толькі штрафуюць. Некаторы час таму небясьпечна было працаваць на пасадзе высокага чыноўніка. Пад суд трапілі міністар гандлю, старшыня Белкаапсаюзу, кіраўнік канцэрну «Беллегпрам». А цяпер настаў час буйных бізнэсоўцаў. Увогуле, ужо 22 гады палітычныя пэрыяды вызначаюцца ў залежнасьці ад таго, хто трапіў у апалу, каго садзяць за краты. Па гэтай прыкмеце даводзіцца меркаваць пра карэкціроўкі ў беларускай дзяржаўнай палітыцы.

Мінулым годам быў адкрыты сэзон паляваньня на алігархаў. Пасядзелі за кратамі Чыж, Япрынцаў, былі заведзены крымінальныя справы адносна ўладальнікаў кампаній «Сэрвалюкс», «Консул», «Біяком». І вось апошняя інфармацыя з гэтага фронту. 26 студзеня затрыманы заснавальнік і дырэктар кампаніі «СарматТэрма-Інжынірынг» Аляксандар Кныровіч. 30 студзеня ўладальніку заводу «Мотавела» Аляксандру Мураўёву прысудзілі 11 гадоў зьняволеньня. Сэзон паляваньня ў самым разгары.

Аляксандар Лукашэнка 27 студзеня раскрыў мэханізм таго, як лепяцца такія крымінальныя справы: «Злодзей павінен сядзець у турме. Вось такую рэзалюцыю толькі што я паклаў на даклад старшыні КДБ. Усе, хто да гэтага датычны — пасярэднікі, хто даваў хабар, хто браў хабар, — усе будуць сядзець, усе».

То бок дастаткова старшыні КДБ прадставіць дакладную запіску кіраўніку дзяржавы ў дачыненьні да любога грамадзяніна, той ставіць рэзалюцыю, і ўсё. Лёс чалавека вырашаны. Апраўдацца ў яго няма ніякіх шанцаў. Суд — гэта інсцэніроўка, фікцыя, ня больш за тое. Апраўдальных прысудаў ён не выносіць.

Цікава таксама, што гэтыя справы вядзе КДБ. Не ўпраўленьне барацьбы з эканамічнымі злачынствамі МУС, ня Сьледчы камітэт, а менавіта Камітэт дзяржаўнай бясьпекі. Хоць якое мае дачыненьне да дзяржаўнай бясьпекі дзейнасьць бізнэсоўцаў?

Прычына адкрыцьця гэтага сэзону відавочная: эканамічны крызіс. У крызіс заўсёды зьяўляецца дэфіцыт фінансавых рэсурсаў. І непазьбежна нейкія сацыяльныя групы павінны страціць. Патроху трацяць усе. Але лёгіка ўладаў зразумелая. Праваахоўныя органы ідуць да таго, у каго яшчэ засталіся грошы.

Прычым забіраць у багатых стала амаль афіцыйнай устаноўкай. Узгадайце загад Лукашэнкі: «Украдзьце, адкапайце, знайдзіце, што заўгодна — але 500 даляраў павінна быць выканана!»

30 сьнежня, наведваючы дом-інтэрнат для вэтэранаў вайны і працы, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што багатыя беларусы павінны больш актыўна ўдзельнічаць у дабрачыннасьці, трэба ім прапанаваць падзяліцца грашыма.

«Можа, і абавязалаўкі нам ня трэба ўводзіць. Проста папрасіць людзей, зарыентаваць іх на гэта, і людзі будуць патрошку даваць гэтыя грошы», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Прычым, на ягоную думку, дапамагаць трэба не эпізадычна, такая праца павінна праводзіцца ўвесь час.

26 студзеня на цырымоніі ўручэньня дыплёмаў доктара навук і атэстатаў прафэсара Аляксандар Лукашэнка зноў папулярна патлумачыў, дзе ўзяць грошы:

«Глядзіш і на некаторых нашых багаценькіх (балазе алігархаў у краіне няма): яны больш адпачываюць у год, чым працуюць. А паглядзіш, што рабочыя маюць у гэтага багатага чалавека, — гэта 350 даляраў. То як ты можаш адпачываць на Сэйшэлах або Канарскіх астравах, а рабочым не плаціць? (...) Шмат не прашу — 500 даляраў».

Тактыка, абраная ўладамі, вельмі простая, нават прымітыўная. Ловяць буйнага бізнэсоўца, садзяць за краты і прапануюць плаціць выкуп. Уладальнік «Мотавела» Аляксандар Мураўёў расказваў у сваім апошнім слове на судзе, як яму прапанавалі выкуп. Ён адказаў, што можа назьбіраць 1–1,5 млн даляраў. На што сьледчыя адказалі: ты што, з такой малой сумай нават не заікайся. Вось Чыжу налічылі 12–13 млн даляраў адкупнога. Большасьць разумее, у якой краіне жыве, і адкупляецца. Справа пастаўлена на паток. Хто наступны?

Наконт Мураўёва. Ён атрымаў «Мотавела» без аўкцыёну, конкурсу ці тэндэру. Бо так пастанавіў Лукашэнка. Дамовіліся «па паняцьцях». І пасадзілі яго цяпер таксама «па паняцьцях».

І апошняе. Цяпер МВФ выстаўляе ўмовай выдзяленьня крэдыту Беларусі рэфармаваньне дзяржсэктару. Іншымі словамі, правядзеньне прыватызацыі. Але пасьля гісторыі з «Мотавела» які бізнэсовец рызыкне купляць дзяржаўнае прадпрыемства? То бок у межах цяперашняй сыстэмы нармальная прыватызацыя амаль немагчымая. І гэта, можа, галоўны ўрок са «справы Мураўёва».

На гэтым фоне ўсе развагі пра рынкавыя рэформы, пра падтрымку бізнэсу выглядаюць наіўнымі. Бо рынкавая эканоміка прадугледжвае існаваньне прававой дзяржавы, недатыкальнасьці ўласнасьці і асобы, незалежнага суду. А тут мы бачым нешта зусім супрацьлеглае.

Глядзець камэнтары (3)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG